Паводле новага Закону аб нацыянальных ды этнічных меншасьцях і рэгіянальных мовах Польшча афіцыйна прызнала iснаваньне кашубскай мовы.

Хоць мова кашубаў была ўведзена ў школьныя праграмы з 1991 г., яе юрыдычны статус заставаўся нявызначаным. Прызнаньне існаваньня кашубскай мовы — значная перамога кашубскага руху, што ажывіўся пасьля падзеньня ПНР. Мясцовыя нацыяналісты — гэта «прасунутыя» маладыя людзі, што цікавяцца найноўшымі тэхналёгіямі, бізнэсам і нацыянальным адраджэньнем, пазьбягаюць адказваць па-польску, у замежных кантактах аддаючы перавагу выкшталцонай нямецкай мове. Карэспандэнт «НН» пагутарыў з Марцінам Баброўскім, актывістам кашубскага адраджэньня.

«НН»: Колькі кашубаў размаўляюць сёньня на сваёй мове?

Марцін Баброўскі: На кашубскай мове, што належыць да заходнеславянскіх моў, размаўляюць у раёнах на захад і на поўнач ад Гданьску, гэта значыць на поўначы Польшчы. У цэнтральных раёнах Кашубіі кашубы складаюць да 100% насельніцтва. Кашубы жывуць і ў вялікіх гарадах — у Гдыні (каля 15%) і Гданьску (каля 5%). Усяго ж налічваецца блізу 400 тыс. кашубаў, зь іх пад 150 тыс. рэгулярна карыстаюцца роднай мовай. Апроч таго, вялікія кашубскія грамады ёсьць у Нямеччыне, Канадзе і ЗША.

«НН»: Ці існуе адзіная літаратурная кашубская мова і як яна ўзьнікла?

МБ: Першыя пісьмовыя помнікі кашубскай мовы — гэта біблійныя тэксты ХVI ст., але сьвядома кашубы сталі разьвіваць мову ў ХІХ ст. Важную ролю ў тым адыгрывалі творы Фларыяна Цайновы (1817—1881), які пачаў усталёўваць стандарты літаратурнай мовы. Праўда, канчаткова гэта ўдалося зрабіць толькі ў ХХ ст., асабліва пасьля 1989 г.

«НН»: Кашубская мова стала школьным прадметам?

МБ: Летась прадмет «кашубская мова» вывучалі 4744 вучні ў 78 школах. У 1998/99 навучальным годзе было толькі дзевяць школ і 796 вучняў. Сталі выкладаць кашубскую мову нават на пасьлядыплёмным узроўні ва ўнівэрсытэце Гданьску.

«НН»: Наколькі кашубская мова папулярна сярод моладзі?

МБ: Апроч школ, кашубшчына шырока распаўсюдзілася ў Інтэрнэце. Ёсьць два рок-гурты, якія сьпяваюць па-кашубску. Усё гэта зрабіла ўнёсак, і сёньня мы можам упэўнена казаць, што кашубская мова ўспрымаецца маладымі як нешта сваё і сучаснае.

Праўда, кашубскую мову выкладаюць толькі тады, калі знойдзецца сама меней 20 вучняў, якія захочуць яе вывучаць, і прадмет пакуль добраахвотны. А які школьнік сам захоча вывучаць лішні прадмет у школе? Такіх набярэцца небагата! Таму важная пазыцыя школ і бацькоў.

Аднак кашубская мова ўраўнаваная ў правах зь іншымі прадметамі, і адзнака па ёй уваходзіць у сярэдні бал атэстату. Кашубская мова карыстаецца ўсё большай папулярнасьцю. Спадзяюся, што ў будучыні кашубская мова стане абавязковым прадметам ва ўсіх школах, у тым ліку для вучняў-палякаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў, што жывуць у Кашубіі. Бо толькі такі крок дазволіць гарантаваць далейшае разьвіцьцё культуры рэгіёну.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Гутарыў Сяргей Богдан

МАРЦІН БАБРОЎСКІ — актывіст кашубскага адраджэньня, палітоляг, выдавец часопісу «Cassubia Slavica» (www.cassubia-slavica.com), міжнароднага альманаху кашубскіх дасьледаваньняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0