Украiна падобная да дзяўчыны, якую ледзь ня выдалi замуж за нялюбага.

Адбілася. Калi раней перад ёй стаяла праблема «быць цi ня быць», дык цяпер — як дзетак гадаваць. Цяжкая, вядома, задача, але шчасьлiвай яна быць не замiнае. Рэпартаж Алеся Кудрыцкага.

Здавалася, рэвалюцыя нiколi ня скончыцца. Але ж цяпер па Майдане Незалежнасьцi езьдзяць машыны, а Храшчацiк — звычайны праспэкт. Кiеўцы, што часта бываюць у цэнтры гораду, кажуць, што ім бракуе паху дыму ад дроваў, якія палалі ў палявых кухнях. Цяпер водар вугольля замянілі выхлапы легкавiкоў. Дзе-нiдзе вiсяць сьцяжкi ды відаць графiцi, але цэнтар гораду ўжо збольшага адмыты i пачышчаны. Iдзе спрэчка наконт таго, цi варта сьцiраць «насьценны летапiс рэвалюцыi», якi ўкрывае калёны Галоўпаштамту.

Ля Майдану, на Майдане i нават пад Майданам, у падземным пераходзе, — гандлёвыя развалы з аранжавай сымболiкай, шалiкамi, кубачкамі, асадкамі, кампакт-дыскамi з рэвалюцыйнымi гiтамi. Ёсьць нават крамка з гучнай шыльдай «Музэй Аранжавай рэвалюцыi».

— Колькi Юшчанка каштуе?

— Пяць грыўнаў, — адказвае гандляр, зьдзьмухваючы сьнег з партрэта прэзыдэнта, накрытага плястыкам. — Во яшчэ Юля ёсьць! Бярыце, калі ласка.

Палітычны турызм

Кiеў раптоўна зрабiўся модным горадам. Хаваючы насы ў шалікі ды хутаючыся ў палітоны, па вулiцах сноўдаюць замежнiкi. Яны не турысты, яны не фатаграфуюцца ля помнiкаў — iм проста цiкава крыху пажыць у гэтым горадзе. У кавярнi «Барабан» на Праразной вулiцы — збольшага англамоўная тусоўка, асноўныя наведвальнiкi — журналiсты. Вольных месцаў няма. Сівавалосы музыка перабiрае пальцамi па струнах электрагiтары, афіцыянты разносяць на сподачках гамбургеры.

Партугалец Рыкарду, як заўжды, сядзiць у клюбе «44» (там, дзе надоечы грала «Крамбамбуля»). Мясцовыя жартам кажуць, што ў «44» прыходзяць тыя, хто ня ўлез у «Барабан». Рыкарду вучыўся на стаматоляга, але цяпер вырашыў падацца ў дыпляматыю. У Кiеве яго трымае вучоба ва ўнiвэрсытэце, моўная практыка ды ўкраiнскiя дзяўчаты. У гэты вечар дзяўчаты патрапiлiся беларускiя, але Рыкарду ня скардзiцца i думае пра Менск — стала атабарвацца ва ўкраiнскай сталiцы ён не зьбiраецца. Самi ж беларускi, што гамоняць з Рыкарду, застацца ў Кiеве зусiм ня супраць — сяброўка, якая так зрабiла, выклiкае ў iх захапленьне. Эміграцыя на поўдзень — гэта модна.

Прыцягвае Кiеў i гасьцей iншага кшталту. Па горадзе чародкамi ходзiць моладзь з ганарлiва павязанымi хусьцiнкамi «Поры» на руках. Прыметна: яны не са сталiцы. Прыехалi паблукаць па мясьцiнах баявой славы.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0