Аўтарытэтныя рэйтынгі не залічваюць Беларусь да ліку вольных краінаў ні паводле ступені эканамічнай свабоды, ні паводле свабоды слова і СМІ, ні паводле палітычных свабодаў грамадзянаў. Па ўсіх гэтых пазыцыях Лукашэнкалэнд займае сталыя пазыцыі ў сярэдзіне другой сусьветнай сотні, трохі вышэй за Туркмэнію, але трохі ніжэй за Зымбабвэ. Аўтарытарызм быў непазьбежнай стадыяй разьвіцьця маладых краінаў, што нядаўна здабылі незалежнасьць. Пакуль не ўмацаваныя нацыянальныя інстытуты, а старыя каляніяльныя структуры ўжо дзейнічаць ня могуць, вакуўм улады вымушана запаўняюць сілавікі ці дыктатар. Але ў Беларусі і з сувэрэнітэтам ня ўсё ў парадку. Інакш бы прэм’ер не разважаў публічна пра ўвядзеньне валюты суседняй дзяржавы. Дый беларусы не былі б пазбаўленыя элемэнтарных правоў і ня мусілі б з кулакамі адбіваць сваё права чытаць газэты на сваёй мове ці навучаць дзяцей у нацыянальным ліцэі.

Дзень Волі застаецца Днём Мары.

Штогод напярэдадні яго інтэлігенцыя з жалем канстатуе: не, Беларусь яшчэ ня вольная. Ці гэта проста наша нацыянальная рыса — незадаволенасьць сабою і краінаю сваёю.

Пасьля чаго можна будзе сказаць: Беларусь незалежная і дэмакратычная, воля сталася? Па якой прымеце мы пазнаём волю, пагодзімся, што спраўдзіліся ідэалы бацькоў нацыі? Пасьля свабодных выбараў? Ці калі зьявіцца мяжа з Расеяй? Ці мо пасьля таго, як Лукашэнка зьвернецца да суайчыньнікаў на беларускай мове? «НН» задала гэтыя пытаньні вядомым людзям.

Крысьціна Пучынская, супрацоўніца «Роднага слова»:

Свабодныя выбары, бо яны адкрываюць шляхі да ідэалаў вольнасьці. Воля, вольная краіна ў ідэале забясьпечвае роўнасьць магчымасьцяў у дасягненьні мэтаў кожнага грамадзяніна. Парадокс у тым, што ў соцыюме грамадзяне мусяць добраахвотна абмяжоўваць сябе ў нечым, каб не ўшчамляць свабоды суседа. Людзі ў вольнай краіне павінны жыць паводле агульнасусьветных маральных законаў.

Юры Пацюпа, пісьменьнік:

Для мяне свабодная Беларусь — гэта свабоднае разьвіцьцё беларускай мовы, якой нічога не замінае. А першая прыкмета будзе сьведчыць у некаторай ступені.

Віктар Марціновіч, намесьнік рэдактара «Белорусской газеты»:

Ніводзін з прапанаваных адказаў не адпавядае майму ўяўленьню пра Вольную Беларусь. Нават свабодныя выбары мала што вырашаюць, а існаваньне свабоднага парлямэнту, прэзыдэнта мала што зьменяць. Патрэбна сыстэма грамадзянскага кантролю за ўладай, каб чыноўнік быў арыентаваны на народ. Патрэбны мэханізм адказнасьці палітыка перад грамадзянамі, які рэалізуецца з дапамогай свабодных СМІ праз выбарнасьць ня толькі заканадаўчай, але і выканаўчай улады, дзе толькі гэта магчыма. Адзі¬ны від страху, які можа існаваць у свабодным грамадзтве, — гэта страх чыноўніка перад выбаршчыкамі.

Уладзімер Мацкевіч, палітоляг:

Калі будуць свабодныя выбары, Беларусь пойдзе па шляху да волі і дэмакратыі. Дзякуючы актыўнай частцы пашырыцца ўжываньне нацыянальнай мовы, на ёй вымушаны будуць размаўляць і кіраўнікі дзяржавы. Усталюецца паўнавартасная мяжа з Расеяй як важны атрыбут незалежнасьці.

Юры Станкевіч, пісьменьнік:

Ніцшэ казаў: «Народ, які ведае, навошта яму жыць, можа вытрымаць любыя як». У гэтым радку ўся філязофія адказу на пытаньне. Вольная Беларусь для мяне — магутная краіна з адзінай дзяржаўнай беларускай мовай, сваёй гістарычнай сымболікай. Гэта краіна, народ якой нарэшце даведаецца, навошта яму жыць, жыць у сьвеце, які ўступае ў новую, на маю думку, цывілізацыйную парадыгму — век варварства. Цяпер паўсюдна ідзе скон дэмакратыі і лібэралізму. Выжыць у гэтых умовах змогуць толькі народы, якія ўсьвядомяць сябе, бо інакш зьнікнуць назаўжды. Свабодныя выбары, мова і межы прыйдуць потым.

Уладзімер Вішнеўскі, мастак:

Важна ўсё. Вельмі важныя свабодныя выбары, мяжа з Расеяй, як і іншымі дзяржавамі, кіраў¬нікі павінны размаўляць з народам па-беларуску. Хіба наконт Лукашэнкі няма ілюзій, нават калі ён пачне размаўляць па-беларуску.

Сямён Букчын, пісьменьнік:

Вольная Беларусь для мяне — краіна, дзе жывуць свабодныя людзі, якія адчуваюць сябе беларусамі, якія жадаюць будаваць свой нацыянальны дом, пачуваюць сябе гаспадарамі сваёй зямлі. Краіна, якая пабудавана на нацыянальных і дэмакратычных прынцыпах.

Уладзімер Арлоў, пісьмень¬нік:

Ні паасобку, ні разам пералічаныя крытэры не дадуць адчуваньня знаходжаньня ў вольнай Беларусі. Памятаеце, у Ларысы Геніюш: «Воля — ня тое, што рукі разьвяжуць, зьменяць на большую клетку малую…»

Вацлаў Арэшка, культуроляг:

Свабодныя выбары. Прынамсі, гэта будзе істотны крок да пабудовы вольнай краіны. Калі казаць больш шырока, вольная Беларусь — гэтая тая Беларусь, у якой беларусам будзе жыць утульна.

Сяргей Навумчык, намесьнік старшыні Рады БНР:

Ні першае, ні другое, ні трэцяе ні паасобку, ні разам не зьяўляецца ні прыметай, ні тым больш гарантыяй Незалежнасьці. На вольных (адносна, вядома) выбарах у 1994 г. беларусы абралі таго, хто абяцаў аднавіць СССР. Менавіта на беларускай мове праз тыдзень пасьля інаўгурацыі прачытаў зварот да нацыі Лукашэнка з нагоды Дня Незалежнасьці, — каб празь месяц накіраваць АМАП на шэсьце ў гонар бітвы пад Воршай, а яшчэ празь некалькі месяцаў скасаваць «Пагоню» ды бел-чырвона-белы сьцяг. Мяжа гадоў на пяць не пашкодзіла б… Але нават пяцімэтровы плот з калючым дротам ды напругай у 220 вольт не перашкодзіць думкамі быць у Маскве тым, для каго яна пляцдарм для рэалізацыі палітычных, эканамічных ці хоць бы і эстрадных (як вось у часткі сьпевакоў) амбіцый. Вольная Беларусь — не на мапе, а ў галовах; гэта ўсьведамленьне большай часткай насельніцтва Незалежнасьці як галоўнай умовы ўласнага заможнага існаваньня.

Апытваў Арцём Лява

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0