Ці ўстойлівы той эканамічны рост, які дэманструе беларуская гаспадарка? Ці адбываецца разам з ростам эканомікі яе разьвіцьцё? Бо адзін колькасны рост нічога ня варты — расьці можа і сьметнік. Беларуская гаспадарка праз прызму тэорыі нобэлеўскага ляўрэата Саймана Кузьняца — артыкул эканаміста Ўладзя Калупаева.

Цягам дзесяці гадоў Беларусь апярэджвае па тэмпах эканамічнага росту разьвітыя краіны. Між тым адзіны сярод ураджэнцаў Беларусі нобэлеўскі ляўрэат у галіне эканомікі Сайман Кузьнец пісаў: любая краіна можа дасягнуць стану разьвітай рынкавай эканомікі, калі пройдзе стадыю так званага сучаснага эканамічнага росту (ключавы тэрмін, пакладзены ў назву ягонай кнігі «Modern Economic Growth», 1966). Для гэтага хуткі эканамічны рост (10% у год) павінен выклікаць працяглы «разбуральны» працэс — прывесьці да значных структурных зрухаў у гаспадарцы і сацыяльнай структуры грамадзтва, да кардынальных зьменаў ва ўмовах жыцьця і працы, а таксама да скарачэньня нараджальнасьці.

Ці выйшла Беларусь на стадыю сучаснага эканамічнага росту?

Структурныя зрухі ў гаспадарцы

Яскравай праявай пераходу да гэтай стадыі, паводле С.Кузьняца, зьяўляецца зьмяншэньне колькасьці працаўнікоў у сельскай гаспадарцы да 5%, у прамысловасьці і будаўніцтве — агулам да 30% і канцэнтрацыя астатніх 65% на вытворчасьці паслуг.

У Беларусі колькасьць працаўнікоў у сельскай гаспадарцы скарацілася з 19,1% у 1995 да 11,3% у 2003, але да вызначанага С.Кузьняцом парогу яшчэ далекавата. Доля працоўнай сілы ў прамысловасьці і будаўніцтве за гэты час скарацілася ўсяго на 1% і складае 34%. Такім чынам, на вытворчасьці паслуг у сёньняшняй гаспадарцы засяроджана значна меней працаўнікоў ад патрэбнага — каля 55%.

Вага вытворчасьці паслуг у ВУП за 2003 год у Беларусі была яшчэ меншай — 45,9% і за апошнія дзесяць гадоў прырасла на 3,7% (для параўнаньня, у Даніі яна цяпер складае 72,1%). Павелічэньне адбылося галоўным чынам за кошт скарачэньня ўдзельнай вагі сельскай гаспадаркі з 15,1% у 1995 г. да 7,7% у 2003 г., а таксама прамысловасьці — з 27,6% да 25,5%. Будаўніцтва ж вырасла з 5,4% да 6%. Вага іншых галін (у замежнай статыстыцы іх называюць «іншыя паслугі») вырасла нязначна — з 22,4% да 25,6%. У Даніі на іншыя паслугі прыпадае 50,9% ВУП. Астача ў 5,7% лягла ў прырост чыстых падаткаў. Такім чынам, структура гаспадаркі сапраўды мяняецца ў бок паслуг, але калі тэмпы гэтых зьмяненьняў застануцца такімі ж маруднымі, то ўзору той жа Даніі эканоміка дасягне толькі праз 25 гадоў.

Неразьвітасьць сфэры паслуг у народнай гаспадарцы пацьвярджаецца і статыстыкай замежнага гандлю. Іх доля ў агульным аб’ёме экспарту склала летась 14,8%, у той час як у сусьветным гандлі на паслугі прыпадае каля 30%. Прычым беларусы гандлююць ня самымі навукаёмістымі паслугамі. У сусьветным гандлі на першае месца выходзяць паслугі, што грунтуюцца на найноўшых сучасных тэхналёгіях, — гэта інфармацыйныя, фінансавыя, кансалтынгавыя паслугі. На гэтую групу прыпадае 47% сусьветнага гандлю паслугамі, у той час як у экспарце Беларусі яе доля складае 22%.

Яшчэ адна група — турызм — ахоплівае траціну сусьветнага гандлю паслугамі, але на паездкі ў Беларусь прыпадае ўсяго 17% экспарту паслуг. Больш за тое, сярод краін ЦУЭ Беларусь разам з Малдовай дзеліць апошняе месца па ўдзельнай вазе турыстычных паслуг ва ўтварэньні ВУП — 0,1% (для параўнаньня, у Чэхіі, Польшчы і Славакіі гэтыя паказьнікі складаюць адпаведна 6,6%, 5,0% і 2,4%). Затое вага ня самых навукаёмістых транспартных паслуг у сусьветным гандлі паступова скарацілася ўжо да 22%, але ў беларускім экспарце яна штогод расьце і складае цяпер 61%. Станоўчае сальда ў гандлі паслугамі за 2004 год (743,9 млн даляраў) на 91% было забясьпечана транспартнымі паслугамі.

Такім чынам, відаць, што эканамічны рост цягам апошніх дзесяці гадоў не прывёў да істотных структурных зрухаў у гаспадарцы, якія мусілі праглядацца ў значным павелічэньні сэктару паслуг. Аднак трэба адзначыць, што доўгатэрміновая тэндэнцыя на скарачэньне сельскай гаспадаркі і прамысловасьці і павелічэньне сфэры паслуг ёсьць. Хоць эканамічная палітыка ўвесь гэты час была скіравана на падтрымку вытворчасьці тавараў, а вытворчасьць паслуг дагэтуль застаецца без увагі.

Вага вясковых жанчын

Сайман Кузьнец даводзіць, што паляпшэньне ўмоў жыцьця і працы, пасьля працяглага эканамічнага росту, прыводзіць да скарачэньня нараджальнасьці, якому папярэднічае эпоха кардынальных зьмен у геаграфіі расьсяленьня людзей — калі пераважная іх частка канцэнтруецца ў гарадах. Тое самае тычыцца і Беларусі.

Галоўным фактарам, які вызначае скарачэньне насельніцтва ў Беларусі з 1993 году, зьяўляецца не пагаршэньне ўзроўню жыцьця, а рэгіянальная структура пражываньня жанчын у дзетародным узросьце: чым буйнейшы населены пункт і большая гушчыня насельніцтва, тым меншая нараджальнасьць. Цягам апошніх сарака шасьці гадоў удзельная вага вясковых жанчын у агульнай колькасьці жанчын рэпрадукцыйнага ўзросту (15—49 гадоў) скарачалася тэмпамі 1% у год. Калі ў 1959 г. іх колькасьць была 65%, то ў 2003 г. — ужо 21,7%. Нягледзячы на тое што сёньня колькасьць дзетародных жанчын складае 2,67 млн (больш, чым у 1960—1970-х, і прыкладна столькі ж, колькі ў 1980-х гадах), у сельскай мясцовасьці са сваёй высокай нараджальнасьцю (у 1,4 разу вышэйшай, чым у горадзе) іх пражывае такі мінімум, які ня ў стане забясьпечыць агульнага прыросту насельніцтва.

Калі б удзельная вага сельскіх жанчын сёньня была роўная ўзроўню 1989 году, то тыя самыя жанчыны, якія пераехалі за гэты час у горад, нарадзілі б у 2003 годзе дадаткова 60 тысяч дзяцей. Пры гэтым індэкс нараджальнасьці склаў бы +0,5 замест сёньняшняга –5,0.

Агульны працэс урбанізацыі распачаўся ў Беларусі раней і быў выкліканы не эканамічнымі прычынамі, якія адзначыў Кузьнец у іншых краінах, а, хутчэй, гістарычнымі — ліквідацыяй у Беларусі 400 тыс. хутароў за два гады да і пасьля Другой сусьветнай вайны.

Пасьля перамогі над сялянамі

Былыя савецкія рэспублікі, дзе бальшавікі перамаглі ў вайне зь сялянамі, сёньня маюць самыя вялікія адмоўныя індэксы нараджальнасьці (Украіна: –7,5, Расея: –6,2) у параўнаньні з тымі постсацыялістычнымі краінамі, дзе калектывізацыя мела непасьлядоўны характар (Польшча: –0,1, Славаччына: –0,1, Чэхія: –1,5). Немагчымасьць атрымліваць зь зямлі рэнту, якая б забясьпечвала прыстойнае жыцьцё, а ня беднасьць гэтага жыцьця, зьяўляецца галоўнай прычынай таго, чаму людзі імкнуцца пакінуць сельскую мясцовасьць.

У Чэхіі і сёньня няма вялікай розьніцы, дзе весьці бізнэс — у горадзе або ў сельскай мясцовасьці. Таму насельнцітва Прагі за апошнія 10 гадоў скарацілася на 100 тыс. жыхароў. На поўначы Польшчы звычайна сем’і маюць чацьвёра і болей дзяцей, каб пасьпяхова весьці сялянскую гаспадарку. Эканамічны рост апошніх дзесяці гадоў у Беларусі быў другасным фактарам і ня здолеў унесьці якіхсьці кардынальных зьмен у даўно складзены працэс міграцыі сельскіх жыхароў у горад.

Эканамічны рост і міграцыя

Пры гэтым патрабуе тлумачэньня рэзкае зьніжэньне каэфіцыенту нараджальнасьці ў Беларусі ў апошнія 15 гадоў (у тым ліку і ў сельскай мясцовасьці — з 2,5 дзіцяці на адну жанчыну ў 1989 г. да 1,6 у 2002-м). Прычынамі гэтаму могуць быць зьніжэньне каэфіцыенту дзіцячай сьмяротнасьці або працэс рынкавай трансфармацыі, які прымусіў многіх людзей мяняць звыклы лад жыцьця ды працы і прыстасоўвацца да новых умоў.

Эканаміст Мітрафан Доўнар-Запольскі казаў, што, «працуючы над паляпшэньнем структуры гаспадаркі, насельніцтва ў той жа час можа затрымліваць тэмп нараджальнасьці ў мэтах падтрыманьня дабрабыту наяўных пакаленьняў».

Пойдзем на рызыку і паспрабуем прадказаць, што прыпыненьне пераходу да рынкавай эканомікі і стан няпэўнасьці — галоўная прычына сёньняшняга зьніжэньня нараджальнасьці, а яе стабілізацыя на ўзроўні, прынамсі, іншых краін ЦУЭ адбудзецца разам з усталяваньнем функцыянуючай рынкавай гаспадаркі. Людзі стануць ахвотней нараджаць дзяцей, каб весьці ўласны сямейны бізнэс. Пра тое, што скарачэньне нараджальнасьці ня выклікана пагаршэньнем ўзроўню жыцьця, сьведчыць такі прыклад. У 1990 г. у горадзе, дзе людзі маюць больш высокія даходы, на адну тысячу насельніцтва прыпадала ў 1,23 разу больш народжаных дзяцей, чым на 1 тысячу ў вёсцы, а сёньня — толькі ў 1,09 разу, хоць за гэты час колькасьць жанчын дзетароднага ўзросту ў вёсцы скарацілася на 5%.

Эканамічны рост і разьмеркаваньне народнага прыбытку

С.Кузьнец вывеў заканамернасьць, якая ў сусьветнай эканамічнай навуцы атрымала назву «закону Кузьняца»: у першыя дзесяць гадоў інтэнсіўны эканамічны рост ў краіне, што стала на шлях разьвіцьця, суправаджаецца рэзкім павелічэньнем няроўнасьці даходаў і багацьця, пасьля чаго пачынаецца працэс зьмяншэньня няроўнасьці. Асабліва гэта павінна быць характэрна для краін, якія ня маюць вялікага прытоку замежных інвэстыцый. Калі верыць «закону Кузьняца», у Беларусі апошнія дзесяць гадоў павінна была павялічвацца дыфэрэнцыяцыя даходаў насельніцтва. Аднак гэтага практычна не адбывалася. Нягледзячы на тое што Беларусь 10 гадоў таму мела самы нізкі ў сьвеце квінтыльны каэфіцыент (перавышэньне даходаў 20% самых багатых над даходамі 20% самых бедных жыхароў краіны), роўны тром (у 3 разы), ён павысіўся нязначна і па выніках 2002 году быў роўны чатыром. Для параўнаньня, у Польшчы, якая сярод пераходных краін увесь гэты час займала першае месца па прыцягненьні замежных інвэстыцый, квінтыльны каэфіцыент вырас з 4 да 6, а ў Малдове — з 6 да 10. Нагадаем, што квінтыльны каэфіцыент разьлічваецца на падставе апытаньняў хатніх гаспадарак і акрамя асноўных даходаў улічвае даходы, атрыманыя ў ценявым сэктары.

Такім чынам, адметнасьцю Беларусі застаецца вельмі роўнае пераразьмеркаваньне народнага прыбытку паміж насельніцтвам. Гэта добра з пункту гледжаньня каштоўнасьцяў сацыялізму, але дрэнна, калі ставіць на мэце пераход да разьвітай эканомікі, бо няма той сярэдняй клясы, якая б за кошт зробленых раней ашчаджэньняў спрыяла сваімі інвэстыцыямі далейшаму разьвіцьцю народнай гаспадаркі.

Калі беларусы будуць жыць, як немцы

Відавочна, што пэўныя структурныя зрухі ў гаспадарцы, дэмаграфіі і даходах адбываюцца, але яны, хутчэй, выкліканы геапалітычнымі і геаэканамічнымі зьменамі, што адбыліся ў нашым геаграфічным рэгіёне ЦУЭ, чым зьяўляюцца вынікамі ўнутранага эканамічнага росту. Гэтыя структурныя зрухі носяць такі марудны характар, бо адбываюцца як бы насуперак устаноўкам эканамічнай палітыкі. Беларусь яшчэ ня выйшла на стадыю сучаснага эканамічнага росту і, калі нічога ня зьменіцца, у найбліжэйшай пэрспэктыве наўрад ці гэта зробіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0