Падведзены вынікі нацыянальнага літаратурнага конкурсу для школьнікаў «Я маю твор…» («Дзень Зямлі-2005»). Дваццаць фіналістаў конкурсу запрошаны ў Менск на майстар-клясы, што адбудуцца з 31 сакавіка да 2 красавіка. Зьмяшчаем вершы некаторых фіналістаў.

А.Хадановіч

Арцём Аладка

Летняя мэлёдыя

Падаўся ў лес працяжны гук струны

І водгаласак гучнага тамтама.

Смак лета — ён сунічны, крамяны,

З луговым пахам, дажджавым

таксама.

З крыніцамі стары напеў імчыць,

Над травамі палёў жалейка плача.

То летняя мэлёдыя гучыць

З сабачым выем, лямантамі качак.

Сьпявае конік песеньку маю,

Бы адзінока шэпча кастаньета…

Зачаравана, ўдумліва стаю

На скрыжаваньнях сонечнага лета.

в.Бараўляны Менскага р-ну

Ірына Бельская

* * *

Шалее вецер на двары.

Зіма на волю рвецца.

З душою ты не гавары —

Яна не адзавецца.

Перад зімой апошні дождж

Я не пабачу, можа.

Ты сэрца лепей не трывож —

Яно не дапаможа.

Я восені скажу: «Бывай!» —

У вырай хай нясецца.

Ты галаву не забівай —

У ёй ня хопіць месца.

Шапоча вецер у лісьці.

Ты сэрца грэеш кавай…

А колькі мне яшчэ цьвісьці —

Нікому не цікава.

в.Чарневічы Глыбоцкага р-ну

Сяргей Завалокін

* * *

Янку Купалу.

Вецер на руінах, плач жалобна!

Плач, зімовы вецер, носьбіт змроку!

Плач перарасьце — у крык вантробны,

бо сьвятла ня ўбачыць грэшным вокам.

Над чужой магілай,

доляю нямілай,

праўдаю забітай

плач!

Як на папялішчы,

д’ябальскім ігрышчы,

сьсечанай бярозай

плач!

Хай жалобна з хмары льюцца сьлёзы

горкія на твар, узьняты ўгору!

Хай пякуць гарэлкай, бо цьвярозы,

бо не пераношу гэта гора…

Спадчыну згубіўшы,

галаву схіліўшы,

розум пахаваўшы,

плач!

Як зязюля ў лесе

й каня ў паднябесьсі,

па дзядоўскім краі

плач!

Менск

Даша Кадамская

* * *

Зоры блішчаць пад нагамі.

Я іду, закаханая і пяшчотная,

Зёлка я, рыжая котка я.

Сёньня ноччу прысьніўся мне вершнік,

Ён скакаў па пыльнай дарозе ля дому старога…

А на небе ніводнай зоркі —

Усё ў сьнежным пыле.

Заблукаць у пошуках

У памкненьнях і думках сваіх…

Гэта час зор, гэта час мар,

Гэта час выбіраць свой штандар.

Абудзіць дотыкам,

Пацалункамі вочы амыць…

Гэта час жыць, гэта наш час.

Гэты час закахаўся ў нас.

І душой прагнаю

Дакрануцца да сэрца быцьця,

І адчуць ток, і адчуць пульс…

«Гэта крык, што жыве Беларусь!»

Менск

Ульляна Маставая

* * *

Бог плакаў васковай сьвечкай,

А д’ябал сьмяяўся ля брамы.

Бог думаў, што ён — вечны,

І д’ябал думаў таксама.

Адчыніліся раптам дзьверы,

І ўбачылі нешта абодва,

Зразумеў Бог, што ён быў дрэнны,

А д’ябал — што ён быў добры.

Пацягнуліся разам да брамы —

І адскочылі, бы апякліся.

Хто зь іх быў сапраўды абраны?

Схамянуліся — і адышліся.

Д’ябал плакаў васковай сьвечкай,

А Бог сьмяяўся ля брамы.

Збаўленьне ад вечнасьці вечнай

Надзейна было схавана…

Наваполацак

Соня Марозава

* * *

Не дае натхненьне жыць,

Растудыць яго тудыць!

* * *

Пакуль мы тужліва праменьчыка жджом,

Сьвятло выпадае дажджом.

* * *

Ні прамацваю праклямацыю,

Ані мацаю анімацыю.

Лірай коцаю мікрасоцыюм —

Маю рацыю.

* * *

Б’ецца поўня ў сашчэпленых цапах халоднага гольля.

Ты рымуеш бяздольна, здымаючы пыл з навакольля.

Ты куеш і пільнуеш прылёту чароўнага відма,

Што сталёвасьць кавадла размажа па снох, як павідла.

* * *

Мы наладзілі лажу. Нам собіць яе ўвасобіць.

Гэта шалы шальмоўства, сляпыя, як танга мустанга.

Гэта мроі і сны, што ліюцца лікёрнай ракою.

Гэта зманка.

А зрэшты…

А можа…

…Але!

ГЭТА ТОЕ.

Менск

Аляксандра Папкова

* * *

Уночы я застыну ў белым суме

І буду назіраць за шчасьцем белым,

А ты і не падумаеш спытаць —

Навошта плачу гэтай зорнай ноччу…

Хутчэй мне шклянку падасі абсэнту

І не заўважыш нават, што я зьнікла,

Прапала, згінула, згубілася, растала…

З табою побач я — забытая цытата,

Я — месяц цьмяны, я — шэдэўр фрывольны…

І з самай першай ледзяной сустрэчы

Адчула гэты смак спакусы ў сэрцы…

У нас з табой цяпер няма сакрэту:

Я — цень ад ценю, я, прынамсі, —

SHADOW.

* * *

Да маскараду кліча сэрца,

Я не іду супроць жаданьня.

Я крочу ціха па сюжэтах:

З сабой прызначыла спатканьне,

Бо не жывецца памяркоўна.

Адкрыла дзьверы я ў паветра,

Вядзьмаркай стала… Бессэнсоўна

У цемру ночы паляцела,

Бо ў чорным колеры хацела

Я падымацца да нябёсаў,

Дзе таямніцы і надзеі,

Духоўнасьць, вера, бестурботнасьць,

Дзе сутнасьць можа стаць камэтай,

Дзе сьвет — касматая бясконцасьць.

Пяшчотна-злая, зразумела,

Што трэба зёлкі,

Што прытомнасьць

Згубіла дзесьці ў цёмных фарбах.

Ды ёлкі-палкі, палкі-ёлкі,

Мне не жывецца памяркоўна,

Бо я — вядзьмарка, тут самотна

Жыву, як у турме, на волі…

Мне не знайсьці сябе ніколі

У межах левага паўшар’я.

Ліда

Вераніка Садкоўская

СТАНЦЫЯ ЖЫЦЬЦЯ

Гэта станцыя жыцьця

Атрымалася складанай.

Я вярнуся зь небыцьця,

Але іншаю ня стану.

Мой гадзіньнік б’е дванаццаць,

Толькі гэта не пужае.

Я ня ў казцы. Што мне страціць?

А што маю — тое маю.

Сэрца, спаленае сонцам,

Душу, выпітую горам,

Верш на жоўценькай старонцы

І твой позірк, што з дакорам.

Маю лёс зусім ня просты,

Маю веру-ўратаваньне,

Маю зоркі і нябёсы,

Маю сьлёзы і каханьне.

Я зьбяру пачуцьцяў жменю,

Ды мне большага ня трэба.

Пакладу сабе ў кішэню

І са станцыі ад’еду.

ВЕРА Ў НЯБЁСЫ

Уратуй мяне, вера ў нябёсы,

Вобраз шчасьця мне намалюй.

Уратуй ад нядобрага лёсу,

Ад памылак мяне ўратуй.

Навучы маё сэрца змагацца,

Каб ня секлі галоў палачы.

Каб усюды магла дачакацца,

Ты цярплівасьці навучы.

Дай цяжкое выпрабаваньне

І у пекле доўга трымай,

Пераблытай нянавісьць з каханьнем —

Толькі сілы для гэтага дай.

Уратуй мяне, вера ў нябёсы,

Засмучоную — пашкадуй.

Зараз льюцца апошнія сьлёзы.

Пакуль веру яшчэ… уратуй.

Глыбокае

Ксенія Федаронак

* * *

Скамечыць, разьбіць, загубіць…

Скалечыць, забыць, апляваць…

Ня думаць, ня верыць, ня жыць,

Ня мець, не любіць, не кахаць…

А потым: «Прабач, пачакай…»

А потым: «Кахаю, люблю…»

І сьлёзы, і боль, і адчай.

Чакаю, трываю, ня сплю.

І зноў абяцаньне, каханьне,

Сустрэча, размова, працяг,

Рука у руцэ — і прызнаньне,

І крылы, і неба, і шлях…

А потым — падман, адзінота,

Маўчаньне, адчай, забыцьцё,

Трывога, пакуты, маркота

І выбар: ці сьмерць, ці жыцьцё…

Ні гора, ні шчасьця, ні болю,

Ні сну, ні пакут, ні жыцьця…

Нікога, нікому, ніколі…

Ні мараў, ні сэрца біцьця…

Паставы

Ася Ярмоленка

ВЯЗЬНІ РЭАЛЬНАСЬЦІ

…Ствараць казку ў рэальнасьці…

Як вязьні ў турме,

Галовамі круцім,

Каб адагнаць

Думкі аб хуткай

Сьмерці. Яна

Зьбірае даніну заўтра,

Калі трынаццаць з нас будуць

Пад ногі

Мядзьведзямі

Кідацца паўночнаму зьзяньню.

(Галава круціцца,

Як у каралевы,

Што трапіла ў келіх зь віном.)

Спаць.

І не стагні. Ты можаш

Левай рукою

Заплюшчыць мне вочы,

Калі я памру.

На вуліцы — сьнег і бруд.

Магілёў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0