Доля платнікаў вырасла да 52%, бясплатныя паслугі ператвараюцца ў платныя, павышаюцца цэны на навучаньне.

Адбываецца імклівая камэрцыялізацыя адукацыі. Такі кірунак рэформы задавальняе кіраўніцтва краіны, а з другога боку — адміністрацыі ВНУ, якія атрымліваюць права зарабляць. Аднак ён супярэчыць інтарэсам студэнтаў і доўгатэрміновым нацыянальным інтарэсам. Артыкул Аляксея Tамаровіча.

Хоць праект закону «Аб вышэйшай адукацыі» адкліканы з парлямэнту на патрабаваньне кіраўніка дзяржавы, гэта не паўплывала на рэформу вышэйшай адукацыі. Рэформа, што пачалася ў сярэдзіне 1990-х, працягваецца і бяз гэтага закону, які, хутчэй. закліканы легітымізаваць зьмены, чым прапанаваць рэформы.

Апроч недарэчнага законапраекту ёсьць зацьверджаныя Саўмінам заканадаўчыя акты: з 2002 г. дзейнічае новая рэдакцыя закону аб адукацыі, Палажэньне аб ступенях вышэйшай адукацыі (2002 г.)

За гады рэформы дзеля яе ідэалягічнага абгрунтаваньня былі распрацаваны тры канцэпцыі пераходу на дзьвюхступеньчатую сыстэму адукацыі. Так, у Канцэпцыі разьвіцьця вышэйшай адукацыі (1998 г.) сярод мэтаў і задач удасканаленьня сыстэмы вышэйшай адукацыі было прапанавана ўвесьці тры ступені вышэйшай адукацыі. Першая, ня менш за два гады навучаньня, прадугледжвала агульнанавуковую падрыхтоўку, наступны ўзровень — атрыманьне вышэйшай адукацыі з наданьнем ступені «дыплямаваны спэцыяліст» (4—5 гадоў), і трэцяя ступень — магістратура, арыентаваная на падрыхтоўку да навуковай і выкладчыцкай дзейнасьці (агульны тэрмін навучаньня склаў бы шэсьць год).

Дасягненьне задавальненьня пры зьніжэньні

Калі паводле гэтай канцэпцыі разьвіцьцё адукацыі на бюджэтнай аснове яшчэ заставалася прыярытэтным кірункам разьвіцьця вышэйшай школы, то Канцэпцыя пераходу на дзьвюхступеньчатую сыстэму вышэйшай адукацыі ўжо акрэсьлівае мэту рэформы іншым чынам: «дасягненьне больш поўнага задавальненьня адукацыйных патрэб грамадзян краіны і забесьпячэньня рынку працы спэцыялістамі пры зьніжэньні грамадзкіх і асабістых выдаткаў на вышэйшую адукацыю». Гэтая мэта дасягаецца «шляхам скарачэньня тэрмінаў навучаньня пры адначасовым арганізацыйным, мэтадычным і структурным пераўтварэньні вышэйшай школы». І ўрэшце, Канцэпцыя ўкараненьня дзьвюхступеньчатай сыстэмы падрыхтоўкі спэцыялістаў з вышэйшай адукацыяй (2004) канчаткова ўводзіць пераход на дзьвюхступеньчатую сыстэму вышэйшай адукацыі і замацоўвае скарачэньне бюджэтнага фінансаваньня ВНУ. У ёй прадугледжаны наступныя этапы: падрыхтоўчы (2004—2007 г.), калі павінна распрацоўвацца неабходная нарматыўна-прававая і навучальна-мэтадычная база, экспэрымэнтальны (2005—2009 г.), падчас якога мае ажыцьцяўляцца «экспэрымэнтальная апрабацыя новых падыходаў», і этап масавага пераходу на дзьвюхступеньчатую сыстэму, які павінен пачацца з 2010 г., калі скончыцца перавод агульнаадукацыйнай школы на 12-гадовы тэрмін навучаньня.

Апрабацыя на БДУ

Рэформа працягваецца. Таму ў БДУ, «пілётным унівэрсытэце», ажыцьцяўляецца экспэрымэнт з увядзеньнем ступеняў бакаляўраў і магістраў; таму скарачаецца колькасьць навучальных гадзін у БНТУ, напрыклад, за кошт профільных дысцыплін; таму ўзмацняецца кантроль над разьмеркаваньнем: сёлетнія выпускнікі змогуць паехаць за мяжу на працяглы тэрмін — дзеля працягу адукацыі — толькі зь пісьмовага дазволу ад Мінадукацыі.

Нагадаем, што 26 студзеня падчас пасяджэньня па структуры вышэйшай адукацыі, законапраект, які зьбіраліся ўхваліць увесну, быў раскрытыкаваны за «недакладнасьць тэрмінаў, якія выкарыстоўваюцца ў дакумэнце, і адсутнасьць адзінага падыходу ў вызначэньні парадку ўвядзеньня бакаляўрскай і магістарскай ступеняў навучаньня».

Такая аргумэнтацыя падаецца недастатковай, бо закон ня проста ўтрымліваў недакладнасьці — невядома, ці магчыма было яго наагул правесьці ў жыцьцё. Супярэчылі адзін аднаму падставовыя прынцыпы. Так, абавязковае разьмеркаваньне для бюджэтнікаў у законапраекце дзіўным чынам спалучалася з увядзеньнем такога рынкавага стымулу павышэньня пасьпяховасьці, як штогадовы перавод студэнтаў-бюджэтнікаў на платную форму адукацыі паводле вынікаў атэстацыі.

Магчыма, ролю адыграла і грамадзкая думка: законапраект выклікаў абурэньне. Магчыма, яго вырашылі часова зьняць з разгляду, каб не правакаваць выступаў студэнцтва і выкладчыкаў. Калі спрэчкі аціхнуць, праект можна будзе лёгка правесьці зь мінімальнымі касмэтычнымі зьменамі.

Рука ВАКаўскага лобі

Ёсьць вэрсія, што настрой пасяджэньня па структуры вышэйшай адукацыі стаў адлюставаньнем канфлікту дзьвюх адукацыйных груповак: прапанаваны законапраект закранаў інтарэсы Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, бо ВНУ тады б атрымалі значную самастойнасьць. За два дні да пасяджэньня па БТ з крытыкай праекту выступаў старшыня ВАК Анатоль Рубінаў. Ён спыніўся на ўвядзеньні дзьвюхступеньчатай сыстэмы вышэйшай адукацыі (яна стала галоўным аб’ектам крытыкі з боку Лукашэнкі на пасяджэньні 26 студзеня) і прапанаваў замест ступені «бакаляўр» увесьці ступень «спэцыяліст», пакінуўшы тэрмін навучаньня ў магістратуры роўным году. Канфлікт паміж ВАК і радай рэктараў ВНУ, прадстаўнікі якога зацікаўлены ў пашырэньні паўнамоцтваў, прывёў на пасяджэньні па структуры вышэйшай адукацыі да часовай перамогі лобі ВАК, і законапраект адклікалі.

Аднак пад жорсткую крытыку падпала не дзьвюхступеньчатая сыстэма, а, хутчэй, назва першай, скарочанай ступені. Не падабаецца слова «бакаляўр» — і ўсё. Але ад дзьвюхступеньчатай сыстэмы адукацыі ніхто не адмаўляцца. 26 студзеня Лукашэнка даручыў разгледзець «магчымасьці скарачэньня тэрмінаў навучаньня ў шэрагу ВНУ на асобных спэцыяльнасьцях і ажыцьцявіць аптымізацыю навучальных праграм». Розьніцы паміж такім скарочаным дыплёмам і прапанаванай законапраектам ступеньню бакаляўра ніякай.

Адукацыя масавая і элітная

Скараціць тэрміны атрыманьня вышэйшай адукацыі — значыць ахвяраваць яе якасьцю, аднак такое скарачэньне найлепшым чынам адпавядае галоўнай мэце рэформы — скараціць аб’ёмы бюджэтнага фінансаваньня ў сфэры адукацыі шляхам скарачэньня тэрмінаў навучаньня і праз наданьне большай эканамічнай самастойнасьці ВНУ. Сутнасьць увядзеньня дзьвюхступеньчатай сыстэмы ў тым, што яна выдатна дазваляе «эканоміць дзяржаўныя сродкі», бо прадугледжвае падзел вышэйшай адукацыі на масавую (першая ступень) і элітную (другая ступень), пры гэтым навучаньне на другой ступені будзе збольшага платным, а колькасьць навучэнцаў складзе 30% ад ліку выпускнікоў першай ступені.

Тое, як падзел на вышэйшую адукацыю першага і другога гатунку адбіваецца на якасьці адукацыі, можна прасачыць на прыкладзе БДУ, дзе на старшых курсах працягваецца экспэрымэнт з увядзеньнем ступеняў бакаляўра, дыплямаванага спэцыяліста і магістра. Ажыцьцяўленьне падрыхтоўкі на бакаляўра за чатыры гады стала магчымым за кошт скарачэньня аб’ёму навучальных праграм, скасаваньня шматлікіх спэцкурсаў, павелічэньня колькасьці матэрыялаў, якія пакідаюць на «самастойнае вывучэньне». Каб запоўніць усе прагалы, якія застаюцца ў выніку такой пасьпешлівай нізкаякаснай падрыхтоўкі, нібы прызначана магістратура, куды трапляюць адзінкі.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0