Адзін з судзьдзяў 49-га чэмпіянату краіны сярод жанчын, што скончыўся 21 сакавіка, зьедліва заўважыў: «У жаночых шахматах усё наадварот, і гэты чэмпіянат не выключэньне».

Памылак у партыях шахматыстак хапала: аматары бліцу з клюбу «Ладзьдзя», што гуртаваліся побач з гульнявой заляй, актыўна зь іх пакеплівалі. Дзейнічаў нават падпольны таталізатар са стаўкамі 1:20.

Першае месца заняла адзіная ў Берасьці міжнародная майстарка Ганна Шарэвіч. Ейны вынік — 7,5 бала з 10. «Проста майстарка», чэмпіёнка сталіцы Тацяна Бондар, хоць і адстала на адзін бал, наблізілася да міжнароднага званьня. Рахіль Эйдэльсон зь Віцебску, вэтэранка турніру, выступіла няўдала — 10-е месца з 11. Няўпэўненай гульнёй зьдзівілі і іншыя гросмайстаркі — Генрыета Лагвілава, Вольга Герасімовіч. Падобна, што найвышэйшы тытул нададзены Вользе дачасна. Кіра Зварыкіна, напрыклад, атрымала яго ў 1978 г., пабыўшы чэмпіёнкай БССР, СССР і віцэ-чэмпіёнкай сьвету.

У леташнім першынстве Г.Шарэвіч пацярпела крыўдную паразу ў элемэнтарнай нічыйнай пазыцыі, дзе кожны з бакоў меў па слане і тры пешкі. Але ўдзельніца чэмпіянатаў Эўропы і сусьветных Алімпіяд, чэмпіёнка Беларусі-2002 умее працаваць над сабой: сёлета эндшпіль супраць Г.Лагвілавай яна правяла амаль бездакорна… Бацька Ганны — ён жа й трэнэр — кружляў вакол столікаў, натхняючы дачку.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0