Самыя шчасьлівыя людзі на плянэце — аматары беларуска-расейскай інтэграцыі. Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Знайшоў сябе новую гульню — чытаць перадавыя артыкулы, прысьвечаныя дню яднаньня народаў Беларусі і Расеі.

Здавалася б, ну што тут яшчэ сьвяткаваць пасьля газавых і інфармацыйных войнаў. Але народнагазэтаўцы, зьвязьдзяты, эсбэ-бээсьнікі і рэспубліканцы, прызнаючы ў сваіх тэкстах па ходзе разьвіцьця думкі наяўнасьць масы інтэграцыйных абломаў, у фінале стабільна ставяць «Саюзу» аптымістычны дыягназ. Прычым падставы для радасьці знаходзяць самыя неймаверныя. У «Рэспубліцы» за 2 красавіка нехта А.Віктараў убачыў адзнаку хуткага прыйсьця Саюзу ў пераходзе на спагнаньне ПДВ у гандлі з Расеяй па прынцыпе краіны прызначэньня і нармальным становішчы з разьлікамі за газ.

Мазгі нармальнага перца адразу пачынаюць пухнуць. Хіба Расея зь любой краінай Афрыкі, накшталт Гвінэі-Бісаў, яшчэ з часоў Лумумбы не гандлюе паводле згаданага прынцыпу? Дык што, расейска-афрыканская інтэграцыя пераплюнула расейска-беларускую? Адзінае, відавочна, што замінае ім стварыць Саюз Расеі і Афрыкі, гэта вечная дыскусія наконт разьмяшчэньня адзінага эмісійнага цэнтру валюты новай дзяржавы — у Маскве або на беразе Лімпапо.

Ну, гэта ў вас мазгавы ступар. А ў афіцыёзе ўсе лягічна. І гэта супэр! Прыемна, што ў нашы цяжкія часы ёсьць унікумы, здольныя дзякуючы нейкаму трансу бачыць будучыню ў ружовых акулярах. З другога боку, санкцыянаваны ідэалізм нашых афіцыйных мас-мэдыя — вялікая крыніца рызыкі.

Калі б я быў сэктантам, якому дзяржава забараніла ўпадаць у мэдытацыю пад мантры Крышны, я проста стварыў бы клюб аматараў інтэграцыі. Каб легальна выходзіць у адкрыты астрал пад выглядам мараў аб саюзе.

І хутка справа зайшла б досыць далёка. На нашым сэансе абавязкова зьявіўся б крэндзель і сказаў бы: «Што, братва, пра што марым? Пра аднаўленьне эканамічных сувязяў часоў СССР? Вы што? Я ўчора закінуўся амфэтамінам і ў натуры ўявіў, як расплачваюся з бабкай за семкі расейска-беларускай адзінай валютай. Прыкінь? А калі мы закаўбасім групэнсэкс на могілках, то, мяркую, убачым і трэцюю ветку газаправоду «Ямал—Эўропа». Ну што, так і будзем сядзець?»

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0