Гаворыць айцец Аляксандар Надсан, апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў замежжа

Каб асэнсаваць вялікую духоўную спадчыну папы, патрабуецца шмат часу. Ян Павал ІІ быў чалавекам вялікіх здольнасьцяў, ён адчуваў вельмі вялікую адказнасьць за сваё пакліканьне. Ён быў унівэрсальным настаўнікам для ўсіх і адказным за чысьціню Эвангельля. Ён, як ніхто іншы, меў вялікія здольнасьці да камунікацыі зь людзьмі. Ён сьцьвярджаў пазытыўную пашану да кожнага чалавека, для ўсіх людзей, а ня толькі для знаёмых і калег.

Ён прапаведаваў культуру жыцьця, нават культуру сьмерці. Ён да самай сьмерці выступаў супраць абортаў, эўтаназіі. Першы сярод папаў выступіў супраць пакараньня сьмерцю, сьцьвярджаючы тым самым, што чалавечае жыцьцё — найвялікшая каштоўнасьць і ніхто ня можа адабраць яго. Бог дае і Бог забірае жыцьцё. Ён і паміраў у поўнай веры.

Ягоная навука была ўнівэрсальная для ўсіх. Для яго былі ўсе аднолькавыя — усе дзеці божыя, і хрысьціяне, і нехрысьціяне. Памятаецца 1986 г., калі прадстаўнікі ўсіх канфэсій — хрысьціяне, мусульмане, юдэі, будысты — былі сабраныя ў Асызі, каб разам маліцца за супакой. Папа тады прывітаў усіх, заявіўшы, што ўсе сьведкі вечнае праўды — і хрысьціяне, і нехрысьціяне. Але сказаў, што супакоем ёсьць Ісус Хрыстос.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0