Касьцёл мае велізарныя людзкія, фінансавыя, інфармацыйныя й дыпляматычныя рэсурсы, што могуць быць эфэктыўна скарыстаныя дзеля Беларусі. На нашых вачах па ўсёй краіне парафіі ачольваюць зусім маладыя сьвятары-беларусы, многія зь якіх маюць немалыя амбіцыі. — Сяргей Харэўскі.

Сьмерць Яна Паўла ІІ стала ягоным збавеньнем. Спакутаваны дашчэнту, да апошняе кроплі, чалавек сышоў. Як пантыфік, ён да астатняй хвіліны, нібы капітан на караблі, заставаўся ля стырна. І мільёны людзей яму шчыра спачувалі. Мільёны людзей гэтымі днямі ў жалобе. І ня толькі каталікі. У СМІ пахаваньне папы зацьміла сабою ўсе падзеі, як той месяц, што затуліць сабой сонца ў дзень пахаваньня папы. Выбары амэрыканскага прэзыдэнта, напрыклад, асьвятляліся шматкроць сьціплей. Бо перадусім людзтва смуткуе не па правадыру царквы, а па выбітнаму Чалавеку.

Беларусам гэты смутак гарчэйшы ад таго, што Ян Павал ІІ гэтак і не наведаў Беларусі і наш край па ранейшаму несвабодны. Сотні тысячаў беларусаў адчуваюць вялікі боль з гэтае нагоды. Пагатоў што пантыфік наведваў найбліжэйшых нашых суседзяў.

Мне давялося быць сьведкам візыту Яна Паўла ІІ у Літву. Я чуў зь ягоных вуснаў беларускую мову, калі ён прамаўляў з Вострае Брамы да жыхароў Вільні. Уразілі тады ня столькі тыя словы, якія ён прамаўляў, а тое, як яны ўзьдзейнічалі на людзей, незалежна ад іхняе нацыянальнасьці. Усе перажывалі невыказнае захапленьне высакароднасьцю й дабрынёю, што праменілі ад гэтага чалавека.

Акурат у дзень ягонага візыту ў Вільні ад раніцы імжыла, неба зацягнула хмарамі. Літоўскія ўрадоўцы ды прадстаўнікі розных краінаў, сярод якіх быў і пасол Беларусі сп.Шчасны, падаставалі былі парасоны. Ажно акурат як да папскага самалёта падкаціў трап, зырка бліснула сонца…

У той жа дзень у старасьвецкім парку Закрэт на ўвесь сьвет гучалі беларускія словы вітаньня пантыфіка.

Не бяруся ацэньваць, наколькі мацнейшай стала вера ў каталікоў Літвы ад візыту Яна Паўла. Але тое, што гэтая краіна ўмацавалася ў сваёй самапавазе, было відавочна. Як і тое, што непадробнае зычлівае ўзрушэньне злучыла Літву. Відаць, у агляднай пэрспэктыве Беларусь не перажыве нічога падобнага.

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0