Калі Караля Вайтылу спыталі, ці не забаронена кардыналу катацца на лыжах, ён адказаў, што кардыналу забаронена кепска катацца на лыжах.

Ян Павал ІІ быў першым папам-спартоўцам. Ён гуляў у футбол, катаўся на горных лыжах, плаваў, усё жыцьцё хварэў за польскі футбольны клюб «Краковія».

Сьмерць пантыфіка адсунула на другі плян чвэрцьфінальныя матчы футбольнай Лігі чэмпіёнаў, разьвязку прэстыжнага тэніснага турніру ў Маямі, іншыя спаборніцтвы. У суботу ў Італіі, за некалькі гадзін да сьмерці Яна Паўла ІІ, былі адмененыя ўсе спартовыя спаборніцтвы ўік-энду. Адмянілі матчы футбольнага чэмпіянату ў Польшчы і Мэксыцы, нядзельныя гульні ў першынствах Гішпаніі і Партугаліі пачаліся з хвіліны маўчаньня. 4 красавіка на кракаўскім футбольным стадыёне адслужылі сьвятую імшу. З маленства Караль Вайтыла хварэў за тамтэйшую «Краковію» і пазьней, ужо за часамі пантыфікату, заўжды цікавіўся ейнымі выступленьнямі. Хоць цяпер у польскім чэмпіянаце зусім іншы фаварыт — «Вісла».

Сам Караль Вайтыла — Ян Павал ІІ, каб не абраў шлях сьвятара, мог бы стаць някепскім спартоўцам. Падчас вучобы ў Вадовіцах ён гуляў у футбол — спачатку як абаронца, потым як галкіпэр. У 1953 г. Караль Вайтыла першы раз выбраўся на сплаў на байдарках па Мазурах. Выцечкі сталі штогадовымі і традыцыйнымі. Так, у 1958 г. падчас аналягічнага сплаву ў Мазурах прыйшла вестка, што яго абралі кракаўскім вікарным біскупам. Аўтастопам Караль Вайтыла прыехаў у Кракаў, адбыў урачыстасьці і — вярнуўся на Мазуры, сплаўляцца далей на байдарках зь сябрамі. Зімой Караль Вайтыла бавіў вольны час катаньнем на горных лыжах ці вандраваньнем па Татрах. Захаваў спартовыя звычкі ён і пасьля пераезду ў Рым. Тады яшчэ кардынал Вайтыла кожную вольную хвіліну выбіраўся ў горы ды заахвочваў да гэтага падначаленых, у якіх дух захоплівала ад гарналыжнага спуску. Усім вядомы наступны факт, калі Караля Вайтылу спыталі, ці не забаронена кардыналу катацца на лыжах, ён адказаў, што кардыналу забаронена кепска катацца на лыжах.

У жніўні 2004 г. у Ватыкане быў створаны дэпартамэнт спорту, а пасьля сьмерці пантыфіка прэзыдэнт Італьянскага алімпійскага камітэту Джані Патручы заявіў: «Адышоў папа спартоўцаў».

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Падрыхтаваў Алег Раявец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0