Хэнлан вызначыўся са складам

Галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі Глен Хэнлан, што летась трэніраваў «Вашынгтон Кепіталз», назваў кандыдатаў на паездку на чэмпіянат сьвету ў Аўстрыю.

Галкіпэры — Андрэй Мезін (СКА, Санкт-Пецярбург), Сяргей Шабанаў («Мэталюрг», Навакузьнецк).

Абаронцы — Андрэй Башко, Аляксандар Радзінскі, Уладзімер Сьвіта (усе — «Керамін», Менск), Аляксандар Журык, Уладзімер Копаць, Сяргей Ярковіч («Юнацтва», Менск), Аляксандар Макрыцкі («Гомель»), Руслан Салей («Ак Барс», Казань), Сяргей Стась («Эсэн», Нямеччына), Алег Хмыль (МУС, Цьвер).

Форварды — Міхаіл Грабоўскі («Нафтахімік», Нафтакамск), Уладзімер Цыплакоў (ЦСКА, Масква), Андрэй Касьціцын («Гамільтан Бульдогс», Канада), Зьміцер Дудзік, Сяргей Задзялёнаў, Андрэй Расолька, Аляксей Савін, Аляксей Страхаў, Аляксей Угараў (усе — «Юнацтва»), Аляксей Круцікаў, Зьміцер Мялешка, Яраслаў Чупрыс (усе — «Керамін»), Алег Антоненка (МУС), Яўген Есаулаў («Гомель»), Андрэй Скабелка («Сібір», Новасібірск), Канстанцін Кальцоў («Спартак», Масква).

У складзе магчымыя зьмены. Хэнлан паабяцаў выклікаць у нацыянальную дружыну пару галкіпэраў з нацыянальнага чэмпіянату, бо месяц таму Мезін чарговы раз заявіў, што ня мае намеру гуляць больш за зборную. Першыя кантрольныя матчы беларусы правядуць у Менску 14 і 16 красавіка супраць зборнай Нямеччыны. Цікава, што браму немцаў абараняе Олаф Колцыг, асноўны галкіпэр «Вашынгтону».

Першы тытул у сэзоне

Максім Мірны і Ёнас Б’ёркман (Швэцыя) выйгралі прэстыжны тэнісны турнір сэрыі «Мастэрз» у Маямі (прызавы фонд — $3,45 млн) — Nasdaq-100. У фінале беларуска-швэдзкая пара выйграла ў зымбабвійцаў Уэйна Блэйка і Кевіна Ульета — 6:1, 6:2. У Мірнага гэта першая перамога ў парным разрадзе сёлета і 21 за кар’еру. Посьпех у Маямі ўзьняў беларуса ў індывідуальным рэйтынгу парных тэнісістаў зь дзявятага на чацьвертае месца.

Самсонаў — наймацнейшы ў Эўропе

Майстар «малой ракеткі» Ўладзімер Самсонаў стаў шасьціразовым чэмпіёнам Эўропы, выйграўшы ў дацкім Орхусе чэмпіянат кантынэнту па настольным тэнісе ў асабістым першынстве. У фінале беларус перамог бэльгійца Жана Мішэля Сэвэ — 4:1 (11:6, 9:11, 11:9, 11:5, 11:8).

Купляйце францускае

Трэцюю гонку сэзону «Формулы-1» («Гран-пры Бахрэйну») выйграў гішпанец Фэрнанда Алонса на «Рэно». Гэта другая перамога гішпанца ў сэзоне, і трэцяя запар перамога францускай стайні — пераможцам першага гран-пры ў Мэльбурне быў напарнік Алонса Джанкарла Фізыкела. У Кубку канструктараў «Рэно» трымае першае месца, а вось пераможцы апошніх некалькі гадоў «Фэрары» пакуль не шанцуе, яны толькі шостыя.

Наступная гонка пройдзе 24 красавіка, гран-пры «Сан-Марына».

Ясікявічусам цікавяцца за акіянам

Прэзыдэнт клюбу Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі «Індыяна Пэйсэрз» легендарны Лары Бёрд заявіў, што хоча бачыць у шэрагах сваёй каманды цэнтравога тэль-авіўскага «Макабі» Шарунаса Ясікявічуса. Бёрд назваў лідэра літоўскай зборнай адным з найлепшых баскетбалістаў Эўропы. У Шарунаса пакуль адна ўмова пераезду за акіян — выходзіць на пляцоўку ў асноўным складзе каманды, а не сядзець на лаве запасных.

АР

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0