П’еса пра Купалу паводле Караткевіча «Сны аб Беларусі» сабрала ў Купалаўскім тэатры аншлягі. «Сны…» — нібыта помнік часу, калі тое, пра што адкрыта можна было казаць у 1981-м, ператваралася ў намёкі, а рэчы, ясныя ў 1991-м, — у намёкі на намёкі. Піша Андрэй Скурко.

На афішы, побач з пазнакай аб юбілейнай сутнасьці спэктаклю, стаіць імя Ўладзімера Караткевіча. Пастаноўка заяўленая як фантазія па матывах п’есы «Калыска чатырох чараўніц». Караткевіч напісаў яе ў 1981-м, і на 100-гадовы юбілей Купалы яе давалі ў Тэатры юнага гледача.

Фантазія адвольная. Так, у фінале Караткевічавай п’есы малады Купала чытае «Мужыка»: чытач нібы прысутнічае на нараджэньні паэта. Спэктакль «па матывах» завязаны на Купалавай сьмерці.

Рэжысэр Уладзімер Савіцкі ставіў задачу пазбавіць Купалу «прыземленасьці», паказаць яго «касьмічнасьць» і «асучасьніць».

Дзеля гэтага У.Савіцкі ўвёў у п’есу цытаты з Купалавых «касьмічных» паэмаў «Адвечная песьня», «Сон на кургане», «На Куцьцю» і ўрыўкі з розных твораў Караткевіча. Прыдумаў сцэну ў гатэлі «Масква». Працытаваў стэнаграму допыту Купалы ў НКВД. І сёе-тое падрэзаў у п’есе.

Напрыклад, палічыў несучаснымі і выдаліў вобразы паніча Казіка — разбэшчанага маладога нуварыша, які можа «ўсё купіць»; праўдашукальніка Стафана Каляды; аматара панскай культуры аконама.

Пазьнікалі і клясычныя цытаты, якімі тэкст Караткевіча сочыцца: з Мацея Бурачка, з Каліноўскага. Урывак з «Мужыцкай праўды» («…не народ зроблены для ронду, а ронд для народу. А ў нас, дзецюкі, чы гэтак?») заменены на пачатак «Ліста з-пад шыбеніцы», ізноў жа прэпараваны — зьніклі «маскалі». Лішне казаць пра верш «Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!», які быў у арыгінале.

У сюжэтных правалах, якія ўтварыліся пасьля выманьня з п’есы пэрсанажаў і сцэнаў, буяе містыка — уласна, сны. Сьняцца, у асноўным, энэргічныя скокі русалак з вадзянікамі (ці хто гэтыя напаўаголеныя маладыя людзі?). Пасьля трэцяга зьяўленьня яны падаюцца навязьлівымі. Хоць у прафэсійнасьці харэографа — кіраўнічкі «Госьціцы» Ларысы Сімаковіч — сумнявацца не выпадае. Мо банальны недахоп камунікацыі з рэжысэрам? Але нават сур’ёзныя ўрыўкі з паэмы «На Куцьцю» чытаюцца на фоне купальскіх русальных любошчаў. Нібы не ў Купалы юбілей, а, напрыклад, у Сержпутоўскага.

Сцэны ў гатэлі «Масква», дзе фігуруюць па-чаргінцоўску адпрасаваныя энкавэдысты з пакаёўкамі, не такія зацяганыя асацыятыўна. Але пытаньне «навошта», якое ўзьнікае пасьля чарговага выхаду русалак, не пакідае і тут. Бо энкавэдысты, паводле сэнсу, тыя ж русалкі. Так купальская папараць, якой аформленая сцэна, пры іншым асьвятленьні ператвараецца ў гатэльныя фікусы. Ну, дапытвалі Купалу ў НКВД, ну, сапраўды, маглі яго забіць у Маскве. Але такое можна было ставіць і ў годзе 1990-м. А ў тэатар жа йдзеш пабачыць не жыцьцяпіс пэўнага дацкага прынца, а знакі сёньняшняга дня ў гісторыі Гамлета. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе?

І акторы адчуваюць гэтую сэнсавую неданапоўненасьць. Бяруць крыкам там, дзе не стае зьместу, ня знаюць меры ні ў сьмеху, ні ў сьлёзах. Бяруць брутальнасьцю (чаго вартая песьня «Быў у бабкі казёл…») без дай прычыны. Ад гэтага выпіраюць другасныя лініі. Губляецца зьместавая гіерархія. Што сёньняшняму гледачу да сагнаных у пачатку ХХ стагодзьдзя зь зямлі арандатараў? Хіба, гісторыкі ды жыхары Зымбабвэ (там Мугабэ зараз такім займаецца), прачуюць гэты канфлікт. У п’есе Караткевіча той канфлікт важны для разуменьня ўмоваў жыцьця Купалавай сям’і. На ім будуюцца важнейшыя для аўтара рэчы. У пастаноўцы ж ён, узмоцнены яшчэ цытатамі з «Раскіданага гнязда», павісае ў паветры.

Зусім юбілейная была б пастаноўка, каб не юбіляр. Уявіце: з сцэны зьнікае ўсё другаснае, «туманная машына» працуе на поўную сілу, і з гэтага туману, з глыбіні, выходзіць, накульгваючы, сапраўдны Янка Купала. Па сьпіне мурашкі.

Гэтага вобразу таксама няма ў тэксьце. Рэжысэрская прыдумка. Купала ўзору 1942 году. Стомлены зламаны чалавек, які ўжо ўсё напісаў — і геніяльныя паэмы, і ліст вялікаму Сталіну ад беларускага народу.

Але ён зьяўляецца — і пустоты пачынаюць іграць. Яны дэтануюць з вобразам такога Купалы. І дзіўна мяняюцца ролі: раптоўна ў пэрсанажа ператвараецца сам рэжысэр. Ён маецца на ўвазе. Ён быў змушаны рэдагаваць тэкст менавіта так, пакідаючы менавіта гэтыя пустоты, замяняючы менавіта гэтыя ўрыўкі. Час вадзіў яго рукой. «Сны…» — нібыта помнік часу, калі тое, пра што адкрыта можна было казаць у 1981-м, ператваралася ў намёкі, а рэчы, ясныя ў 1991-м, — у намёкі на намёкі. Пастаноўка дажыве роўна да канца гэтага часу. А потым разбурыцца, праваліцца сама ў сябе, ня вытрымаўшы цяжару пустаты.

А мо п’есу проста рыхтавалі да прыезду Уга Чавэса? Ён русалак ацаніў бы дакладна.

Андрэй Скурко

Здымак БелТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0