Афіцыйная дэлегацыя пільна сачыла за ўсімі кантактамі беларускіх праваабаронцаў, але ніхто зь яе нават не падышоў да суайчыньнікаў. Нават тут, удалечыні ад Менску, адчувалася стаўленьне лукашэнкаўскіх чыноўнікаў да ўсіх іншадумцаў як да ворагаў, зь якімі побач нават стаяць небясьпечна. — Віталь Тарас з Жэнэвы.

Мяжа на замку

У аэрапорце Жэнэвы шукалі бомбу. Паліцыянты жэстамі паказвалі, што далей ісьці нельга, і ачаплялі памяшканьне стракатай стужкай — квадрат за квадратам, выціскаючы натоўп. Паводзілі яны сябе бесцырымонна, нічога не тлумачачы і не ўступаючы ў размовы з пасажырамі. Пасажыры напаўголасу абураліся й спрабавалі ўгадаць, ці пасьпеюць яны патрапіць на свой рэйс. Я, хоць і прыбыў у порт задоўга да вылету, таксама хваляваўся, бо бачыў даўжэзныя чэргі на рэгістрацыю. І тут праз гучную сувязь чую аб’яву — пасажыры швайцарскіх авіяліній могуць прайсьці на пасадку праз францускі сэктар аэрапорту. Паколькі я ляцеў самалётам швайцарскай авіякампаніі церазь Цюрых, вырашыў скарыстаць сытуацыю. Памежнік на пашпартным кантролі нават не паглядзеў дакумэнтаў, толькі зірнуў на квіток ды махнуў рукой, паказваючы, куды ісьці. На свой «гейт» я прыйшоў першым…

Такім чынам мне ўдалося ступіць на тэрыторыю Францыі, не выходзячы са швайцарскага аэрапорту. І гэта не адзіны выпадак.

Вывучаючы турыстычную мапу, я зьвярнуў увагу на рэкляму мястэчка Салеў у прыгарадзе Жэнэвы і вырашыў туды зьезьдзіць. Аўтобус едзе туды з цэнтральнага вакзалу Карнавін хвілін дваццаць. Ад канцавога прыпынку — яшчэ хвілін дзесяць пешкі да месца, дзе знаходзіцца «тэлефэрык». Так на францускі манер завецца канатная дарога. З агляднай пляцоўкі на вышыні 1080 мэтраў адкрываецца маляўнічая панарама Жэнэвы з возерам, а з другога — манумэнтальны від на славуты Манблян. (У сонечны дзень ён добра відаць і ў цэнтры гораду.)

Паблукаўшы крыху па горных камяністых сьцежках, пазьбіраўшы пралескі — акурат такія растуць на Лысай гары пад Менскам — ды адчуўшы сябе на хвіліну ў ролі Леніна ў выгнаньні, я пасьпяшаўся назад. І толькі вяртаючыся на аўтобусны прыпынак, прыгледзеўся ўважліва да дзіўнаватай, казённага выгляду будыніны са шкла й бэтону ля шашы. Гэта быў КПП — інакш кажучы, пункт пропуску на швайцарска-францускай мяжы. Праўда, будынак быў зачынены на замок…Так бы мовіць, мяжа на замку. Магчыма, увесну, калі сьнег застаецца толькі на альпійскіх вяршынях, а паўсюль на газонах цьвітуць стакроткі, тутэйшыя памежнікі адпраўляюцца куды-небудзь у адпачынак.

Не гістарычны цэнтар з саборам Сьвятога Пятра, зусім сьціплы паводле плошчы, а менавіта возера зьяўляецца геаграфічным, культурным ды сэнсавым цэнтрам Жэнэвы.

Кальвін, Русо і флямінга

Гледзячы на гіганцкі ўтульны парк адпачынку, якім ёсьць на сёньня Жэнэва, цяжка ўявіць, што тут некалі Жан Кальвін закладаў рэфармацкі рух. Палымяны аскет-пратэстант Кальвін, калі б мог устаць з магілы і паглядзець навокал, моцна б зьдзівіўся. І яшчэ больш быў бы азадачаны, каб нехта сказаў яму, што ўбачанае — вынік Рэфармацыі, якая дала штуршок эўрапейскай цывілізацыі на шмат вякоў наперад. Шматлікія банкі, гатэлі й крамы на кожным кроку ён яшчэ мог бы зразумець. Але дух вольнасьці, бестурботнасьці й спакою нібы разьлітыя на гарадзкіх вуліцах напалам з водарам квітнеючых вішняў і рададэндронаў — хто яго ведае. Ці настолькі ён быў пурытанінам, каб не захапіцца?..

Мушу прызнаць, некаторыя рэчы становяцца адкрыцьцём. Уразіў той факт, што Жэнэўскае возера мае працяг у выглядзе ракі Роны — той легендарнай Роны, якую Ганібал фарсаваў на сланах на шляху з Галіі ў Рым. Бурлівыя воды ракі зусім не падобныя да водаў лагоднага пад вясновым сонцам возера.

Мяркуючы па вялікай колькасьці розных вадаплаўных птушак, вада ў возеры досыць чыстая, хоць і не прызрыстая. Акрамя звыклых лебедзяў, чаек ды качак розных відаў, у батанічным садзе ля берагу возера можна ўбачыць ружовых флямінга. Канкурэнцыю чайкам складаюць арлы, іх тут процьма. Яны харчуюцца рыбай, а гняздуюцца на дрэвах у парках. Каля вады — надпісы з просьбай карміць птушак без залішняга фанатызму — ежы ў прыродным асяродзьдзі ім і так хапае, а дадатковае сьмецьце нікому не патрэбнае.

Швайцарцы вельмі заклапочаныя экалёгіяй. Улетку ў лясах тут паўсюдна забаронена паліць кастры й шумець пасьля дзявятай вечара — у гэты час кладуцца спаць мурашкі.

Францускі філёзаф Жан Жак Русо, які жыў у Жэнэве ў выгнаньні ды стаў яе ганаровым грамадзянінам, быў, можна сказаць, папярэднікам цяперашніх «зялёных». Ён першы загаварыў пра небясьпеку тэхнагеннай цывілізацыі для чалавечай маралі. Выспа паміж Ронай і Жэнэўскім возерам, на якой Русо некалі любіў бавіць час у самоце, названая ягоным імем. Тут, побач з папулярным у турыстаў рэстаранам, стаіць бронзавы бюст філёзафа, які ледзь прыметна іранічна ўсьміхаецца, пазіраючы на запоўненую транспартам і натоўпам грамадзян набярэжную ды мост Манблян.

Жэнэва, заціснутая з усіх бакоў Францыяй, — францускае места. Па-першае, тут размаўляюць па-француску. Адчуваецца францускі ўплыў і ў архітэктуры, манерах паводзінаў жыхароў. Кожны другі мінак на вуліцы з табой павітаецца нарасьпеў: «Банжу-у-ур». Гэтак прынята вітацца зь незнаёмымі ў беларускай вёсцы… Магчыма, галянтныя манеры сьведчаць аб нейкай долі правінцыялізму. Але яны вельмі пасуюць гэтаму някідкаму, некрыкліваму, сьціпламу ў сваёй прыгажосьці месту.

Пры канцы красавіка ў Швайцарыі адбудзецца чарговая сэрыя нацыянальных і мясцовых рэфэрэндумаў (яны праводзяцца штогод, калі не часьцей). Пытаньні — самыя розныя: ад лёсу Жэнэўскага стадыёну да праблемы, ці даваць права голасу неграмадзянам Швайцарыі.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Жэнэва—Менск,

красавік 2005 году

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0