Літаратары ўсё яшчэ могуць зьбіраць поўныя залі гледачоў і слухачоў. Прынамсі, ка(сь)мічная вечарына Андрэя Хадановіча «Землякі: погляд з космасу» 12 красавіка ў Доме літаратара засьведчыла менавіта гэта: сядзячыя месцы скончыліся задоўга да пачатку.

Хаця пачатак, як гэта водзіцца на беларускіх вечарынах, запазьніўся на паўгадзіны, тэатар «Ай» з пэрформансам «Сны Юр’я Гагарына» пад джазавыя сынкопы гурту «Рацыянальная дыета» прымусіў гледачоў дараваць спазьненьне. Іншаплянэцяне на хадулях нагадалі прысутным, што сабраліся яны ўсё ж такі ў Дзень касманаўтыкі.

Хадановіч шаўмэнстваваў — чытаў лімэрыкі з новай кнігі й старыя вершы, вёў канфэранс і нават прасьпяваў уласны рэмэйк слыннае «Песьні пра зайцоў». У перапынках паміж выступамі Хадановіча на сцэну пасьпелі выбрацца іншыя дзеці галяктыкі. Уладзімер Арлоў — з успамінамі пра тое, як тата адхадзіў яго дзягай у Дзень касманаўтыкі за непрыстойны верш пра Валянціну Церашкову. Шалёныя аплядысмэнты сарвала заява пра «Беларусь — краіну касманаўтаў», процьму якіх можна ўбачыць на менскіх вуліцах падчас разнастайных акцый. Вальжына Морт — зь вершамі, у якіх не было ніводнага нецэнзурнага слова. Дуэт «4х8» — з хуліганскімі блюзамі, агучанымі шыкоўным голасам Дзяніса Лісейчыкава. Глеб Лабадзенка — з пагер-вершамі. Чыталі свае творы пра іншаплянэцян Віктар Жыбуль і Джэці, песьню «касьмічнага настрою» сьпяваў Зьміцер Сідаровіч.

Пры канцы вечарыны зноў сьпяваў Хадановіч — пераклады песень Леанарда Коэна. Яму дапамагала салістка гурту «Іndiga» Руся. Вакалы відавочна кантраставалі... Не бяры ў галаву, Андрэй, — мы цябе цэнім за літаратурныя таленты!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0