Страшная карціна «Званок» Хідэа Накаты пра праклён відэакасэты прыцягнула ўвагу да японскай містыкі, спарадзіўшы масу перайманьняў і працягаў. Сам Наката паставіў на радзіме і «Званок-2» — годны й жудасны фільм-працяг.
Але фільм, які сёньня дэманструецца ў нашым пракаце, іншы, хоць яго рэжысэр сп.Наката. Гэта амэрыканская вэрсія містычных падзей з амэрыканскімі акторамі ды амэрыканскімі пэйзажамі — і да таго ж працяг амэрыканскага «Званка» Гора Вэрбінскі.
Перанос японскіх духаў на амэрыканскую глебу атрымаўся спрошчаным, хаця й страшным.
У фільме помсьлівы дух Самары імкнецца засяліцца ў сына Рэйчэл (Наомі Ўотс) — так што герояў чакае яшчэ адно выпрабаваньне і апошні (?) бой з прывідам.
Найлепшыя моманты карціны пазычаны ў японскага арыгіналу — цёмныя й халодныя воды, здань, як малпа, паўзе па студні, цёмныя валасы. Ёсьць і мясцовыя рэаліі — атака аленяў на аўтамабіль (прывітаньне «Твін Піксу» і «Омэну»), цела ў мяшку для трупаў — раптоўнае ажыўленьне выклікае ў аўдыторыі жуду й сьмех.
У эпізадычнай ролі зьнялася Сісі Спэйсэк — калярытная зорка фільму «Керы».
Але збольшага сёньняшні «Званок-2» — гэта старанная амэрыканская халтурка таленавітага рэжысэра. Праўда, і гэтае рамесьніцтва здольнае напалохаць.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"
«Званок-2» («The Ring Two»)
ЗША, 2005, каляровы, 111 хв.
Жанр: містычны фільм жахаў
Адзнака: 5,5 (з 10)