Пётар Марцаў: Каб зьнішчыць газэту, трэба зьнішчыць яе аўдыторыю. У выпадку з «БДГ» зрабіць гэта будзе цяжка: ня будуць жа чыноўнікі самі сябе зьнішчаць.
«НН»: Як Вы можаце патлумачыць такі шалёны наступ на недзяржаўную прэсу ды «трэці сэктар»?
Пётар Марцаў: На маю думку, два гады таму была пастаўлена задача канчаткова зачысьціць інфармацыйную прастору. За гэты час была паралізаваная дзейнасьць многіх газэтаў. Было канчаткова адрэгуляванае права мэдыяў друкавацца на тэрыторыі Беларусі. Цяпер друкарня любой формы ўласнасьці можа прыняць да друку недзяржаўную газэту толькі пасьля ўзгадненьня з адпаведнымі ідэалягічнымі структурамі. Манапалізаваны распаўсюд мэдыяў — цяпер для гэтага патрэбна мець ліцэнзію.
Калі казаць пра «БДГ», дык нам забаронена друкавацца на тэрыторыі краіны, забаронена распаўсюджваць газэту церазь «Белсаюздрук» ды «Белпошту». Ужо і ад звычайных крамаў патрабуюць узгадняць з уладамі свой асартымэнт і адмаўляцца браць на продаж «БДГ». Усё гэта ставіць любое выдавецкае прадпрыемства ва ўмовы, калі працаваць немагчыма. Суды ідуць толькі як дадатак да ўсіх папярэдніх захадаў.
«НН»: Ваш прагноз на будучыню?
ПМ: Ідзе канвэртацыя ўлады з напаўдэмакратычнай у аўтарытарную. Я ведаю, што сёлета пастаўлена задача зачыніць тыя недзяржаўныя выданьні, якія яшчэ засталіся.
«НН»: А ці не страляе дзяржава з гарматы па вераб’ях? Нашто зьнішчаць незалежныя мэдыі, якія і так ледзьве могуць дыхаць пад яе прэсам?
ПМ: А які сэнс у тым, каб дазваляць ім існаваць? Гэта такая псыхалягічная пастка: мы такія маленькія, нас ніхто не чытае, навошта нас душыць. Але чытаюць! Ніхто ня можа дакладна сказаць, колькі людзей чытае тую ці іншую недзяржаўную газэту. Наклад зусім не зьяўляецца паказчыкам. Урэшце, можа, вас ніхто і не чытае – але ж яны чытаюць! І як ім «па доўгу службы» чытаць кожны дзень праўду? Ёсьць лёгіка любога аўтарытарнага рэжыму. Які сэнс пасьля рэфэрэндуму рабіць выгляд, што ты дэмакратычны? Ніякага.
«НН»: Два гады таму мне даводзілася чуць, як Вы пакеплівалі з жаданьня асобных энтузіястаў выпускаць нерэгістраваныя выданьні замест рэгістраваных. Ці не разглядаеце цяпер Вы самі магчымасьць нейкага, так сказаць, альтэрнатыўнага выхаду?
ПМ: Я нармальна стаўлюся да ўсіх мэдыяў, але трэба захоўваць чыстату жанру. Калі ёсьць магчымасьць набываць легальныя выданьні, то наўрад ці людзі будуць чытаць нелегальныя газэты. Напэўна, каб яны зьвярнулі ўвагу на падпольную прэсу, патрэбная абсалютна поўная інфармацыйная блякада. Цяпер усё часьцей праводзяць аналёгію з Польшчай 1980-х. Але ўзгадайце: там вольных мэдыяў сапраўды не было. Цяпер сытуацыя з каналамі распаўсюду інфармацыі нашмат лепшая. Я ня ўпэўнены, ці прыйшоў ужо час падпольнай прэсы. Так, падпольныя выданьні могуць і зараз існаваць, але не як крыніца інфармацыі, а як яе інтэрпрэтатар. Гэта можа быць прэса жанравая, крэатыўная, напрыклад — сатырычная. Дый «БДГ» ж не зачынілі яшчэ, што вы па нас заўчасна хаўтуры спраўляеце?
«НН»: А ці няма ў Вас у кішэні запасной газэты?
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"
Гутарыў Алесь Кудрыцкі