Вольны час у маладых салдат бывае штодзень па абедзе і ўвечары. І, безумоўна, у выхадныя, калі не надарыцца нарад.

Па абедзе звычайна прыносяць пошту, і большасьць вайскоўцаў занятыя чытаньнем прэсы ці лістоў. Каму не хапіла газэт ці не давялося станцаваць на загад паштара, давядзецца шукаць іншы занятак. Напрыклад, глядзець тэлевізар.

Дзеля гэтага трэба мець моцныя нэрвы — аматараў пашчоўкаць пультам шмат. Перапынак па абедзе кароценькі і не дае магчымасьці разьлічваць на нейкі грунтоўны прагляд перадачы ці фільму, таму глядзяць салдаты ў такія моманты звычайна якія-небудзь музычныя праграмы. Пры гэтым кожны сяржант лічыць, што толькі ён ведае, якую праграму варта глядзець, але, пасядзеўшы перад «скрыняй» колькі хвілін, саступае месца другому знатаку. Той пераглядае за хвіліну ўсе каналы і, не знайшоўшы для сябе нічога цікавага, перадае пульт іншаму.

Ня лепшыя справы з тэлевізарам і ўвечары, хіба што фільм будзе вельмі цікавы ды ня будуць паралельна трансьляваць футбольны матч.

Але салдаты перадусім займаюцца падрыхтоўкай да наступнага дня — нехта рыхтуецца да нараду, нехта мые вопратку, нехта мусіць перарабіць падшыву (пільна за гэтым сочаць у вучэбцы). Яшчэ ў вучэбцы практыкавалася выкарыстаньне вольнага часу для вывучэньня вайсковага статуту ды тэкстаў песень.

Ня хочаш глядзець ТБ — пішы ліст. Вітаецца таксама чытаньне літаратуры, асабліва патрыятычна-выхаваўчай. Карыстаючыся момантам, можна перачытаць Быкава і Адамовіча.

Аматары спорту займаюцца ў спартыўным кутку, а ўлетку з дазволу дзяжурнага ідуць у спортгарадок. Гэта тыя, каму бракуе спартыўна-масавых мерапрыемстваў, падчас якіх салдаты выконваюць лёгкаатлетычныя практыкаваньні, бегаюць кросы ці гуляюць у спартыўныя гульні. Стрытбол у вайсковых ботах — вось гульня для сапраўдных мужчын! Зрэшты, хіба толькі гэтыя боты і нагадваюць час ад часу, калі захопішся гульнёй, што ты ў войску. Нагадвае пра войска і каманда падрыхтавацца да вячэрняй паверкі. Потым надыходзіць чарга адбою, а зь ім і найбольш любімы салдатамі від адпачынку — сон.

Апроч актыўнага адпачынку салдаты выяўляюць цікавасьць да «разумных» гульняў — сядзяць вечарамі за шахматнымі сталамі. Азартныя гульні забаронены. Нехта слухае музыку, хтосьці бавіць час за размовамі ці спажываньнем нейкіх прыпасаў. Што мяне заўсёды дабівала ў войску, дык гэта тое, што, нягледзячы на вольны час, нельга было прылегчы на ложак. Забарона дзейнічае ад пад’ёму да адбою. Першы час ложак прыцягваў да сябе нібы магнітам, асабліва раніцай. З часам салдаты робяцца сьмялейшыя і ў адсутнасьць камандзіраў дазваляюць сабе гэтую слабасьць.

Маючы вольны час, большасьць салдат займаюцца «парушэньнем формы адзеньня» — вырабляюць з вопраткай розныя забароненыя штукі, спрабуючы зрабіць яе трошкі прыгажэйшай. Напрыклад, галаўныя ўборы. І кепку, і аблавушку вайскоўцы ўшываюць, каб лепш сядзела, выпрасоўваюць, а зімовую шапку яшчэ ваксуюць і потым праз газэціну прасуюць — каб хораша выглядала. Пасьля такіх маніпуляцый аблавушку можна толькі паставіць на макаўку, але ніяк не нацягнуць на вушы. Вось і ходзяць потым здаволеныя фарсуны зь сінімі вушамі. Кепка адбіваецца такім чынам, што робіцца падобнай да цюбяцейкі. Але гэтае выродзтва большасьці падабаецца — усе так робяць.

Гэтае ўсюдыіснае малпаваньне ўсяго і ўсіх вельмі характэрнае для войска, і той, хто неяк вылучаецца з агульнага шэрагу, выклікае раздражненьне. Калі ты ня робіш на каўняры кіцеля стойкі, не заганяеш у насы ботаў абрэзаныя каробкі ад ваксы, не чапляеш на сябе заслужаныя і ня вельмі значкі, не «адбіваеш» кепку з аблавушкай — ты «няправільны» салдат.

Часам, імкнучыся зрабіць адзежыну цікавейшай, салдаты не адчуваюць меры. Шмат хто спрабуе, прыкладам, выбеліць «пясчанку» (форма жаўтаватага, пясочнага колеру) з дапамогай хлёркі. І вось пасьля няўдалага экспэрымэнту — ці хлёркі зашмат, ці занадта доўга вымочвалася — зеленаватая яшчэ ўчора форма на раніцу робіцца белай. Старшына, натуральна, «не пазнае» яе і аддае загад знайсьці «сваю». Але ўжо позна, бо мала таго што колер страчаны — яна яшчэ робіцца зусім нетрывалай і хутка зношваецца. Усе маніпуляцыі з вопраткай забаронены і пільна адсочваюцца камандзірамі, але вайскоўцы ўпарта робяць тое самае. Бо — прыгожа! Парушэньне формы адзеньня можа стаць нагодай для арышту на гаўптвахту, асабліва калі гэтае парушэньне выяўлена вайсковай камэндатурай.

У кожнага вайскоўца ёсьць нататнік, куды ён запісвае вайсковы фальклёр. У вольную хвіліну салдаты папаўняюць запасы вайсковай мудрасьці, перапісваючы нешта новенькае, знойдзенае ў кагосьці са «старых». Капіююцца розныя малюначкі й карыкатуры. Кожны аздабляе сваю кніжачку ў сілу ўласных мастацкіх здольнасьцяў і фантазіі, але сустракаюцца і сапраўдныя творы мастацтва. Нехта за паўгоду да звальненьня пачынае працу над дэмбельскім альбомам. Гэта вымагае пэўных высілкаў ды часу і часьцей за ўсё робіцца начамі ў нарадах. Мяне хапіла толькі на закрэсьліваньне адслужаных дзён у каляндарыку ды адзначэньне колькасьці памывак у ім жа.

У выхадныя, калі вы не ў нарадзе і не ў звальненьні, вольнага часу больш. У суботу пасьля ПГД тыя, хто ня меў запазычанасьцяў у вучобе, маглі адпачываць — спаць, глядзець ТБ, пісаць лісты. Большасьць выбірала здаровы салдацкі сон. У нядзелю да абеду наладжваецца якая-небудзь гутарка ў клюбе, прагляд фільму або спартыўнае сьвята, з традыцыйнымі забегамі і гульнямі.

Часам у выхадныя салдат водзяць на экскурсіі ці ў музэі. Неяк у наш горад прыяжджаў цырк. Адміністрацыя цырку зьвярнулася да камандзіра часьці, абяцаўшы бясплатны ўваход усім тым, каго дашлюць дапамагаць усталёўваць шацёр. Запрашэньне мы атрымалі на прэм’еру. Запомнілася некалькі момантаў: тое, як на нас глядзелі месьцічы (невядома, хто больш выклікаў у іх цікавасьць — мы ці ўдзельнікі трупы); тое, як адміністратарка зьвярнулася да нашага прапара: «Пачакайце, калі ласка, спачатку зойдуць людзі, а пасьля ўжо вы». Насуперак пашыранаму сярод салдат меркаваньню, маўляў, «хто ў войску служыў — у цырку не сьмяецца», можна было заўважыць шчасьлівыя ўсьмешкі на салдацкіх тварах падчас прагляду праграмы.

Пад сьвяты ладзяцца праграмы самадзейнасьці, нейкія конкурсы і віктарыны, часам — сумесна з гарадзкімі навучальнымі ўстановамі. Так, да нас рэгулярна наведваліся з канцэртамі навучэнцы мясцовага гандлёвага каледжу. У адказ нашы вайсковыя таленты рыхтавалі сваю праграму. Звычайна пасьля такіх канцэртаў ладзяцца дыскатэкі, якія папярэджваюцца інструктажам ( «…рук не распускаць, быць джэнтэльмэнамі і г.д.»).

Калі да вас завіталі госьці, а вы не ў нарадзе і не ў звальненьні, убачыцца зь імі можна будзе ў пакоі сустрэч на КПП. Існуе свой графік наведаньняў у будныя і выхадныя дні, зь якім варта азнаёміцца наведвальнікам, каб не стаяць пад варотамі дарма. Асабліва гэта тычыць іншагародніх. У маёй часьці у будныя час наведваньня быў назначаны пасьля вячэры. У выхадныя і сьвяточныя дні — з 10 да 18 гадзін.

Час ад часу вайскоўцы прыцягваюцца да пошукавых мерапрыемстваў, што праводзяць праваахоўныя органы. Зразумела, вельмі захапляльным пошук зьніклага бязь зьвестак чалавека ў мокрым восеньскім лесе не назавеш. Я браў удзел у такіх мерапрыемствах двойчы і з пэўнасьцю магу сказаць, што такое няхутка забудзеш.

Ды ўсё ж маладыя салдаты любяць розныя паездкі, якія даюць магчымасьць адарвацца ад войска, асьвяжыць уражаньні, урэшце, на нейкі момант трапіць у вольны сьвет. І неістотна — пошукі зьніклых гэта ці нейкая праца (прыкладам, нарыхтоўка бульбы ў калгасе).

Здараецца так, што вольная хвілінка выпадае зьнянацку ці надараецца нечаканы візыт гасьцей. Такія моманты найбольш каштоўныя і даўжэй трымаюцца ў памяці салдата. І я ўдзячны войску ўжо хоць бы таму, што яно прывучыла мяне цаніць свабоду, кожную вольную хвіліну.

Пачатак у нумарах 6, 9, 12, 13.Працяг будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0