У суботу на Кастрычніцкай было тлумна. Па ўсёй плошчы — АМОН і моладзь. Толькі моладзь гэтым разам нічога не скандавала, а ў міліцыянтаў былі вясёлыя твары. Асноўная маса народу сабралася ля Палацу прафсаюзаў. Міма крочыць кабета сталага веку: «Куды стаіцё?» — «Тут наш «Народны артыст» праходзіць, сьпевакоў выбіраюць!» — хорам адказваюць дзьве дзяўчынкі гадоў шаснаццаці — у іх караценькія спаднічкі, старанна адпрасаваныя кашулі, акуратна ўкладзеныя гелем валасы. Яны прыйшлі, каб скарыць журы тэлепраекту «Зорны дыліжанс» і трапіць у беларускі шоў-бізнэс.

Тэрмас, гітара і тэлефон

Аднаго жаданьня мала. Варта яшчэ мець добрую долю нахабства і быць цярплівым. Каб трапіць на праслухоўваньне, трэба адстаяць у чарзе некалькі гадзін. Калі пашанцуе і трапіш на менскі фінал (ён праходзіць у гэты ж дзень), у чаргу становішся па новай. Наступны дзень — тамсама зьбіраюцца фіналісты з усіх абласьцей. Ізноў чарга, праўда, удзясяцера карацейшая. Стандартны набор рэчаў удзельніка конкурсу — тэрмас, гітара і тэлефон. «Мама, я хутка ўжо буду Там!» — гаворыць у слухаўку бялявая дзяўчына з выгляду год трынаццаці, робячы такі акцэнт на апошнім слове, нібы спраўдзілася галоўная яе мара. Ва ўмовах конкурсу пазначана, што ўзрост удзельнікаў павінен быць ад 15 да 25 год. Некаторыя ідуць на падман і накідваюць год-два ў анкетах, каб толькі выступіць. З такімі старшыня журы Аляксандар Ціхановіч суворы: «У вас яшчэ мутацыі голасу не адбылося. Да пабачэньня!» Збольшага ж журы добразычлівае. Ціхановіч зьвяртаецца да кожнага канкурсанта падкрэсьлена на «вы», называючы імя і імя па бацьку. Тым, хто асабліва падабаецца, дае парады, адвёўшы ўбок. Аляксандар Патліс, лідэр групы «Новы Ерусалім», падпявае ўдзельнікам. Выканаць ягоную «Любоў у далонях» — найвышэйшы пілятаж, ня ў кожнага атрымліваецца, але ўсе ведаюць гэтую песьню — настолькі часта яна гучыць па радыё і на телеэкране. Зь бел-попу сьпяваюць Хлястова, Афанасьеву і Алесю. Сама Алеся эмацыйна рэагуе, калі чуе сваю песьню, нават крыху чырванее.

Ад гімну да шансону

Рэпэртуар у канкурсантаў разнастайны. На рэгіянальным адборы выконвалі нават гімн Беларусі — паспрабуй, журы, «зарэж» пасьля гэтага…

Калі сьпяваюць па-беларуску, то абавязкова што-небудзь тужліва-акадэмічнае — «Рэчанька», «Купалінка», «Па-над белым пухам вішняў». Відавочна, з рэпэртуару музычных студый пры палацах моладзі. Калі Ціхановіч просіць што-небудзь моднае, дзяўчынкі прыгадваюць песьні расейскіх «Сливок», хлопцы — «Зверей». Як лякмусавая паперка для журы — просьба прасьпяваць «Падмаскоўныя вечары» ці «Кацюшу». Маўляў, гэтыя творы ведаюць усе, па іх проста вызначыць галасавыя даныя.

Канкурсантаў з голасам — сотні, з голасам і артыстызмам — дзясяткі, з голасам, артыстызмам і харызмай — адзінкі. Сяргей зь Віцебскай вобласьці паміж куплетамі песьні «Касіў Ясь канюшыну» эмацыйна чытаў рэп уласнага аўтарства, прычым выходзіла «па тэме». Ціхановіч ажно ўзьняўся са свайго месца, усе сябры журы пляскаюць у далоні рэкардсмэну па колькасьці часу, праведзенага на сцэне. Звычайна канкурсанты не затрымліваюцца і на 30 сэкундаў. «Люди встречаются, люди влюбляются-а-а-а…» — заводзіць няпэўным голасам канкурсантка-клон На¬дзеі Мікуліч. Журы: «Дастаткова!» Хлопца з магутным голасам таксама не затрымліваюць. Ціхановіч пазнае ў канкурсанту саліста аркестру Фінберга: «Мы вас ведаем, вы — у фінале».

Вы ў фінале!

Нават самі арганізатары не разьлічвалі на такую колькасьць удзельнікаў — у кожным абласным цэнтры іх чакалі сотні маладых, прагных да папулярнасьці. Таму прыйшлося крыху зьмяніць рэглямэнт і ўвесьці прамежкавы адборачны тур сярод пераможцаў ва ўсіх абласьцях, каб адабраць удзельнікаў фіналу. Хоць конкурс праводзіўся на дзяржаўным узроўні — за арганізацыю на месцах адказвала раённая адміністрацыя, — некаторыя пераможцы з абласных цэнтраў прыехалі ў Менск за свае грошы. Праз тое, што журы раілася перад абвяшчэньнем вынікаў дзьве гадзіны, шмат хто спазьніўся на цягнік. Але фіналісты — імёны іх агучыла Настасься Ціхановіч — забыліся на ўсё на сьвеце. Зь некалькіх тысяч удзельнікаў у фінал трапілі 32 чалавекі. Цяпер зь імі будуць працаваць тэлевізійнікі, прадусары, імідж¬мэйкеры.

Па заканчэньні сябры журы прызнаваліся, што адбіраць фіналістаў было вельмі складана: «Якія таленавітыя людзі засталіся па-за фіналам!.. — шкадуе адна з арганізатараў конкурсу Зоя Гарына. — Бо мы не разьлічвалі, што іх будзе настолькі шмат. У спрэчных момантах перавагу аддавалі выгляду, прывабнасьці, бо праект тэлевізійны». Завадатары праекту ўпэўнены, што беларуская эстрада пакрысе можа вярнуць песьняроўска-верасоўскую славу з дапамогай такога праекту. Толькі ці магчымы гэты рэванш праз калькаваньне невысокіх стандартаў, закладзеных расейскай поп-музыкай?

«Атрымаўся паўтор «Фабрыкі», толькі ў беларускім фармаце, — гаворыць Аляксандар Патліс. — Каб поп-артысты засьпявалі па-беларуску, патрэбна зьмена пакаленьняў. Магчыма, адлік можна будзе весьці ад пераможцаў «Зорнага дыліжансу». Пакуль на беларускай эстрадзе няма ніводнага беларускамоўнага поп-праекту — сапраўдная прадусарская ніша. Сябар жу¬ры, прадусар і кампазытар, у мінулым музыка «Новага Неба» Леанід Шырын кажа, што бачыць будучыню ў задуме з «Зорным дыліжансам»: «Беларускасьць праекту ў тым, што задумваўся ён у Беларусі для беларусаў і рэалізуецца нашымі сіламі. Песьні пераможцам будуць пісаць айчынныя аўтары, гаварылася і пра беларускамоўныя песьні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0