Пракуратура Рэспублікі Беларусі аднавіла расьсьледаваньне па справе зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Маці журналіста Вольга Завадзкая атрымала дакумэнт, дзе зазначаецца, што расьсьледаваньне адноўлена 4 красавіка ў сувязі зь неабходнасьцю «правядзеньня сьледчых дзеяньняў» па гэтай справе. Спадарыня Вольга ня верыць у тое, што зьявілася новая інфармацыя ў лёсе сына. Справа, хутчэй за ўсё, адноўлена «для птушачкі», кажа яна. Жонка зьніклага журналіста Сьвятлана ў сваю чаргу лічыць, што аднаўленьне расьсьледаваньня зьвязана з рэзалюцыяй па Беларусі, якая будзе разглядацца найбліжэйшым часам на сэсіі камісіі ААН па правах чалавека.

«Спадар Бранчэль, які ўзначальвае сьледчую групу, сказаў мне: «Сьнег сышоў, мы пашукаем». Таксама ён паведаміў, што будзе прызначаны новы сьледчы, які паглядзіць на справу «сьвежым вокам». Справа распачатая для таго, каб сталая беларуская місія ў ААН у Жэнэве магла б хоць як-небудзь давесьці, што расьсьледаваньне вядзецца. Такая ж самая сытуацыя была ў студзені 2003 г., калі павінна было праводзіцца папярэдняе слуханьне па дакладзе Пургурыдэса. Яны думалі, што, распачаўшы справу, змусяць яго зьмякчыць свой даклад».

У самой пракуратуры ад камэнтароў адмаўляюцца.

Журналіст зьнік 7 ліпеня 2000 г. У гэты дзень ён мусіў сустрэць у Нацыянальным аэрапорце «Менск» свайго калегу Паўла Шарамета. Аднак на аўтастаянцы быў знойдзены толькі аўтамабіль Зьмітра.

14 сакавіка 2002 г. суд прызнаў былых спэцназаўцаў Валера Ігнатовіча і Максіма Маліка вінаватымі ў выкраданьні журналіста, прысудзіўшы іх да вялікіх тэрмінаў зьняволеньня. Паводле афіцыйнай вэрсіі прычынай выкраданьня была помста: журналіст агучыў інфармацыю, згодна зь якой Ігнатовіч ваяваў у Чачэніі на баку паўстанцаў. Супрацоўнікі ОРТ заняліся незалежным расьсьледаваньнем, а 1 сьнежня 2003 г. Зьміцер Завадзкі судом Фрунзэнскага раёну Менску быў прызнаны памерлым.

20 ліпеня 2004 году Аляксандар Лукашэнка падчас прэс-канфэрэнцыі заявіў, што ў справе Завадзкага ёсьць некаторыя дакумэнты, якія, калі іх абнародаваць, ператвораць «справу» ў «антысправу». 4 жніўня маці журналіста накіравала ў пракуратуру заяву з патрабаваньнем аднавіць справу «па зноў адкрытых абставінах» і дапытаць А.Лукашэнку ў якасьці сьведкі.

Павал Шарамет у інтэрвію «Газеце.ру» мяркуе, што справу Завадзкага маглі зноў адчыніць і для таго, каб павесіць усе палітычныя забойствы на банду крымінальнікаў, якую сёлета злавілі ў Гомелі. «Можа быць, — кажа жонка зьніклага тэлеапэратара. — Я не выключаю любыя варыянты гэтага фарсу. Я выключаю толькі тое, што хтосьці рэальна хоча некага знайсьці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0