Усім у кіно
Ленінскія словы аб тым, што, «пакуль народ непісьменны, найважнейшымі з усіх мастацтваў для нас ёсьць кіно і цырк», зноў сталі актуальнымі ў Беларусі. Праўда, за савецкім часам, калі паўсюдна ганарыліся, што наш народ — самы чытаючы ды разумны ў сьвеце, пачатак ды канец сказу адсякаліся. Астатнія словы віселі на кумачы ледзь не над усімі экранамі гарадзкіх кінатэатраў ды вясковых клюбаў. Аднак і сёньня, прынамсі, што тычыцца Воршы, дзе няма ні тэатру, ні філярмоніі, а заежджы цырк з Адэсы забаўляе публіку дрэсіраванымі вожыкамі (узімку?!), кіно па-ранейшаму застаецца найважнейшым з мастацтваў.
Некалі пра горад жартавалі, што ў ім тры турмы і адзін кінатэатар. Цяпер турмаў засталося дзьве, а кінатэатар «Перамога» быў рэканструяваны нядаўна ў гарадзкі цэнтар культуры, дзе для аматараў кіно засталася адна заля. Цяпер сюды прымусова прыводзяць школьнікаў ды навучэнцаў ПТВ на прагляд сучасных беларускіх фільмаў. Напярэдадні 60-годзьдзя Перамогі арганізатары ды выхавацелі навучальных устаноў атрымалі прадпісаньне наконт абавязковага прагляду карціны «Вам — заданьне», адным з аўтараў сцэнару зьяўляецца сэнатар Мікалай Чаргінец. Тым ня менш, дырэктарка аршанскага кінапракату запэўніла гледачоў мясцовага тэлебачаньня, што гэтая стужка значна лепшая за блякбастэр «У жніўні 44-га…» Міхаіла Пташука. Чаго ня зробіш дзеля выкананьня фінансавага пляну ды ідэалягічнага загаду зьверху.
Адпачынак ёсьць, культуры няма
Восемдзясят мільёнаў рублёў выдаткавана сёлета на добраўпарадкаваньне гарадзкога парку культуры і адпачынку ў Воршы. Рэканструкцыя парку, якому споўнілася ўжо 130 год, пачалася два гады таму. Ад колішняга парку «ў ангельскім стылі» застаўся адзін вялізны дуб. Большую частку паркавай плошчы забрукавалі шэрай бэтоннай пліткай. Асобныя ўчасткі цяпер нагадваюць пляцоўкі для пасадкі НЛА. Дэмантаваныя старыя дзіцячыя атракцыёны, на новыя ва ўладальніка парку прадпрыемства «Арыён» грошай няма.
Між тым, парк застаецца ўлюбёным месцам адпачынку моладзі. На жаль, культуры некаторым маладзёнам не стае. Лаўкі, на якія яны залазяць з нагамі, ужо не аднойчы рамантаваліся. Пасьля выхадных ды сьвятаў тут застаюцца цэлыя горы сьмецьця. Няўтульна адчувае сябе тут брацкая магіла ў цэнтры парку, у якой пахаваныя 112 савецкіх воінаў, якія загінулі ў апошнюю вайну. Дарэчы, у былым езуіцкім кляштары, да муроў якога падыходзіць парк, у 1941—1944 г. была турма для ваеннапалоннных, таму на прылеглай да парку тэрыторыі былі пахаваныя тысячы ахвяр нацысцкага тэрору. Ёсьць меркаваньне, што ня ўсе яны былі потым перапахаваныя. Але цяпер тут альпійскія горкі.
Яўген Жарнасек, Ворша
Полацкі вундэркінд
10-гадовая Вольга Сарока стала ляўрэаткай у намінацыі «Інструмэнтальная музыка» на ІІ Міжнародным фэстывалі-конкурсе «Адкрытая Эўропа», што днямі прайшоў у Маскве. За перамогу ў такім прэстыжным конкурсе навучэнцы полацкай дзіцячай школы мастацтваў па клясе скрыпкі прыйшлося змагацца з музыкамі векам да 25 гадоў. Аднак менавіта Вользе дастаўся дыплём за першае месца і прыз ляўрэата. Журы, праслухаўшы конкурснае выступленьне палачанкі, адзначыла майстэрства дзяўчынкі аплядысмэнтамі.
Вучні настаўніцы Людмілы Лагачовай, якая выкладае і ў Вольгі, некалькі дзясяткаў разоў заваёўвалі дыплёмы ляўрэатаў на абласных, нацыянальных і міжнародных конкурсах скрыпачоў.
Васіль Кроква, Полацак
Карціны на продаж
Аддзел культуры Крычаўскага райвыканкаму абавязаў настаўнікаў мясцовай мастацкай школы выставіць на продаж па 14 сваіх работ. Грошай выкладчыкам не заплацяць. Паколькі ў школе на стаўцы знаходзяцца 12 настаўнікаў, выходзіць, што ў найбліжэйшы час 168 мастацкіх твораў можна будзе прыдбаць у адмысловым магазіне-салёне, што разьмяшчаецца ў памяшканьні краязнаўчага музэю. Выручаныя грошы паступяць у распараджэньне аддзелу культуры. Апроч таго, настаўнікі мусяць штомесяц выстаўляць у краме па дзьве новыя работы.
«Ствараць пад прымусам немагчыма. Гэта брыдка», — заявіў адзін з настаўнікаў, які, паводле старой беларускай традыцыі, пажадаў застацца інкогніта.
Пацёмкінскі дах на рамонт
На Крычаўскім палацы ХVІІІ ст., пабудаваным фаварытам расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ князем Пацёмкіным, разабралі дах. Робіцца гэта ў рамках праграмы рэканструкцыі адзінага ў раёне помніка архітэктуры, што захаваўся да нашых дзён. На ўсю праграму сёлета выдзелена 400 млн руб.
Бянтэжыць хіба наступная акалічнасьць. За рэканструкцыю палацу, якім перад 1917 г. валодалі прадстаўнікі аднаго з найзаможнейшых родаў у Беларусі Галынскія, браліся не аднойчы. І папярэднія высілкі ні да чога не прывялі. Штораз нестабільнае фінансаваньне рэстаўрацыйных работ завяршалася кансэрвацыяй і далейшым заняпадам архітэктурнага помніка. Вось і цяпер праца вядзецца марудна, і некалькі дзён ападкі бесьперашкодна трапляюць у залі, па якіх стагодзьдзе таму хадзілі мясцовыя магнаты.
Крычаў на парозе дэмаграфічнага выбуху
На Крычаўшчыне расьце колькасьць новых шлюбаў і нараджальнасьць. Паводле слоў начальніка ЗАГС Крычава Сьвятланы Свадкоўскай, у першым квартале пабрацца шлюбам пажадалі 45 пар, за аналягічны пэрыяд 2004 году — 37 пар. С.Свадкоўская мяркуе, што рост шлюбаў зьвязаны з тым, што мінулы год быў высакосным, які, паводле народных прымет, неспрыяльны для стварэньня сям’і.
Тым часам сёлета ў першым квартале нарадзілася 117 дзяцей, тады як летась за студзень—сакавік — 85. Штодня ў раёне зьяўляецца на сьвет у сярэднім па тры маленькія чалавечкі за дзень. Сярэдні век мацярок — 21—23 гады.
Андрэй Пархоменка, Крычаў
Мэцэнат Канаплёў
З ініцыятывы сьпікера палаты прадстаўнікоў у сталічным выдавецтве «Тэхналёгія» мае выйсьці кніга бялыніцкіх паэтаў. На старонках выданьня будуць зьмешчаны творы трыццаці літаратараў. Гэта ўжо будзе трэцяя паэтычная кніга, да выданьня якой спрычыніўся сп.Канаплеў. Зьмест першых дзьвюх склалі вершы круглянцаў і шклаўчан.
Базыль Ліцьвіновіч, Бялынічы
Вандалізм дабраўся да Круглага
У райцэнтры адбыўся першы выпадак вандалізму. Зламысьнікі скралі агароджу зь «нержавейкі» з магілы салдата, што загінуў пры выкананьні вайсковага абавязку. Бацькі, якія страцілі адзінага сына, у шоку. Міліцыя паабяцала знайсьці зладзеяў, а таксама выдзяліць старым мэталічныя трубы для рамонту агароджы.
Зінаіда Мілешчанка, Круглае
Кнігі для чарнобыльскіх раёнаў
На Гомельшчыне сябры незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы «Партнэрства» сабралі ў рамках акцыі «Дапаможам справай!» пад тысячу кніг для жыхароў раёнаў, пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы. Найбольш кніг сабрана ў Гомелі, Сьветлагорску і Мазыры. Большасьць выданьняў прынесьлі простыя людзі, частку падарыў Гомельскі ўнівэрсытэт імя Ф.Скарыны.
Раман Дзяржынскі, Гомель