Галоўнай тэмай нарады ў адміністрацыі Юшчанкі на мінулым тыдні было пытаньне працягу трубаправоду Адэса—Броды да польскага Плоцку і пампаваньне касьпійскай нафты далей, да Балтыкі.

Віктар Юшчанка зьвярнуўся да пастаўшчыкоў і пакупнікоў энэрганосьбітаў з прапановаю аб супрацоўніцтве зацікаўленых у гэтым транзыце дзяржаў. Праз адэскі тэрмінал касьпійская нафта ў будучыні можа прыйсьці і ў Беларусь.

Згаданы палітычны праект ня мае пакуль інвэстара. Да канца траўня будзе выбрана фірма, якая за грошы Эўразьвязу падрыхтуе праект працягу трубаправоду з Украіны да Польшчы. Адначасова распачнуцца перамовы з плянаванымі інвэстарамі. У найлепшым выпадку нафта пацячэ па тых трубах у 2008 г.

Трубаправод Адэса—Броды быў збудаваны для пастаўкі ва Ўкраіну і ў іншыя эўрапейскія дзяржавы сыравіны з радовішчаў басэйну Касьпійскага мора, што не кантралююцца расейскімі фірмамі. Расейцы намагаліся гэтую ідэю «закапаць», каб ня страціць манаполіі на пастаўкі ў Эўропу.

Напрыканцы 2003 г. Польшча і Расея пры падтрымцы Эўразьвязу падпісалі дагавор аб пастаўцы і транзыце касьпійскай нафты. Летась былыя ўкраінскія ўлады, аднак, адмовіліся ад таго дагавору ды абвясьцілі аб пагадненьні з Расеяй. Праз тры гады гэтым трубаправодам пампавалася б расейская нафта з Чорнага мора.

Перамога Юшчанкі адрадзіла першапачатковы плян выкарыстаньня трубаправоду. Украінскі прэзыдэнт, дарэчы, лічыцца «бацькам» магістралі Адэса—Броды, збудаванай, калі ён быў прэм’ер-міністрам краіны (1999—2001).

Далейшае будаўніцтва трубаправоду дагэтуль спыняла негарантаванасьць паставак сыравіны ў Адэсу. У панядзелак Юшчанка запэўніў, што нафта будзе.

Пакуль будучых магчымых пастаўшчыкоў касьпійскай нафты ў Адэсу некалькі. Апошнія некалькі год сярод іх вылучаецца амэрыканскі канцэрн Chevron Texaco, які эксплюатуе вялікія радовішчы ў Казахстане.

Калі ж трубаправод не дацягнуць да Плоцку, Украіна мае іншы сцэнар. Юшчанка намякнуў пра магчымасьць будаўніцтва нафтаперапрацоўчага заводу ў Бродах (Львоўская вобласьць).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0