Субота для чалавека ці людзі для суботнікаў? Рэфлексія Віталя Тараса.

Напачатку — гісторыя, якую расказаў адзін мой малады калега і якую мне даўно карцела пераказаць. Аднойчы, калі яму было гадоў шэсьць, ён прачытаў вядомы надпіс на франтоне гмахаў, што ўтвараюць паўдугу на плошчы Перамогі ў Менску: «Подвиг народа бессмертен» (цытую, як прынята казаць, на мове арыгіналу). Малы запытаўся тады ў бацькі: «А што такое подзьвіг?» Той растлумачыў яму гэтую зьяву па-свойму — так, каб сыну было зразумела. Хлопчык запомніў словы ды прыгадаў іх праз колькі месяцаў, калі пайшоў у першую клясу. На адным з урокаў настаўніца спыталася ў першаклясьнікаў: «Што такое подзьвіг, дзеткі?» І вось наш герой у адказ прывёў татавы словы: «Подзьвіг — гэта калі ты саступіш некаму сваё месца ў чарзе па каўбасу…» Бацька хлопчыка, зразумела, пажартаваў, не ўлічыўшы яго малога веку. На дварэ быў пачатак 80-х гадоў, і жарт мог мець ня самы лепшы працяг для бацькоў хлопчыка. Але ж, відаць, усё тады абышлося… Ды ня ў тым рэч.

Чэргі па каўбасу, таксама як па мяса, рыбу, муку, мыла і ўсё астатняе, самае неабходнае, дзякаваць богу, сёньня амаль ніхто ня згадвае — прынамсі, у сталіцы. А лёзунг на плошчы Перамогі застаўся. І чарговы юбілей Перамогі сьвяткуецца гэтаксама, як дваццаць ці трыццаць гадоў таму. Вось і ленінскія камуністычныя суботнікі неяк непрыметна вярнуліся ў жыцьцё. І новае пакаленьне ўдзельнічае ў гэтым добраахвотна-прымусовым мерапрыемстве гэтаксама, як удзельнічалі камсамольцы — бацькі й дзяды цяперашніх бээрэсэмаўцаў. Праўда, суботнікі ўжо не называюцца афіцыйна ні ленінскімі, ні камуністычнымі. Але ж сутнасьць «сьвята свабоднай працы», як яго некалі цынічна назвалі бальшавікі, засталася. Сутнасьць ня ў тым, што за 70 гадоў савецкай улады ў дзяржавы так і не знайшлося грошай на добраўпарадкаваньне гарадоў і вёсак.

Так званая рабоча-сялянская дзяржава ведала і ўжывала на практыцы дзясяткі розных іншых спосабаў рабаваньня рабочых і сялян. Былі і звышурочная праца, і працоўныя вахты, і зьбіраньне ўнёскаў на прафсаюзы, ДТСААФ, ратаваньне на водах, у фонд міру ды розныя іншыя фонды. Само паняцьце «халявы», няма сумневу, нарадзілася ды ўвайшло ў савецкі побыт пад уплывам дзяржавы, якая пры кожнай нагодзе карысталася той самаю халявай — інакш кажучы, бясплатнай працай грамадзян на таго дзядзьку, ці — як тады казалі — за таго хлопца. Імя якога, паводле анэкдоту брэжнеўскіх часоў, усе ведалі. Але галоўнае, паўтаруся, заключалася ў іншым. Таксама як і дэманстрацыі працоўных, суботнікі паступова ператварыліся ў тэст на ляяльнасьць уладам. Ня важна, колькі ты там зграбеш лісьця ці наламаеш асфальту, колькі наточыш дэталяў на станку і колькі зь іх пры гэтым паламаеш з прычыны кепскага настрою або выпітых у гонар сьвята некалькіх шклянак гарэлкі. Важна, каб усе бачылі — ты ўдзельнічаеш у калектыўнай працы, выконваеш загады начальства — адным словам, крочыш правільнай дарогай разам з усімі.

Пры гэтым адбывалася свайго роду братаньне працоўных з начальствам (прынамсі, яго ніжэйшым і сярэднім зьвяном), якое пераадзявалася на некалькі гадзін у старыя штаны й пінжакі ня толькі для таго, каб сымбалічна пакласьці некалькі цаглін у агульную кладку, але ж і каб прынагодна выпіць разам з простым народам. Абодва бакі заставаліся задаволеныя адзін адным. Праўда, у народзе была папулярнай байка пра варону, у якой выпаў сыр зь дзюбы, калі ліса ёй сказала, что хутка зноў будзе суботнік…

Іншым разам вышэйшае начальства неасьцярожна спрабавала выкарыстаць суботнікі ў чыста ідэалягічных мэтах. Напрыклад, аднойчы высокім рашэньнем працоўнымі днямі былі абвешчаны ня толькі «чырвоная субота», але ж наступная за ёй нядзеля, якая супала з праваслаўным Вялікаднем. У адказ праваслаўны люд агрызнуўся вершыкам: «Спасибо партии родной за любовь и ласку! Отобрала выходной, о...рала пасху!» А што ўжо казаць пра пачуцьці юдэяў, якім працаваць у суботу забараняе рэлігія? Не, субота ў сацыялістычнай дзяржаве не патрэбна чалавеку, гэта людзі патрэбны ёй для суботнікаў.

Цяперашняе начальства, безумоўна, улічвае ўрокі мінулага. Цяпер ужо нікому ня прыйдзе да галавы сумяшчаць рэлігійныя (хаця чамусьці выключна праваслаўныя) сьвяты з суботнікамі. У астатнім жа сэнс іх застаецца ранейшы — гэта сьвята дзяржаўнага ахвярапрынашэньня. Прыносіць у ахвяру сваё жыцьцё ніхто нікога, вядома, не прымушае. Грамадзяне ахвяруюць усяго толькі сваім часам і грошыкамі. І ніхто зь іх не задаецца пытаньнем: куды ідуць іхнія падаткі?

З аднаго боку, з экранаў тэлевізараў грамадзянам увесь час настойліва раяць: заплаці падаткі ды сьпі спакойна! З другога боку, у дзень рэспубліканскага (яшчэ адно добра, здавалася, забытае савецкае слова) суботніку тым самым грамадзянам прапануюць забыцца, што камунальныя службы Менску ці якога хочаце іншага гораду існуюць за кошт падаткаплатнікаў — гэта значыць за іх уласны кошт. Падаткі й зборы, якія бяруць з гараджан і прыежджых сталічныя ўлады, пералічваць тут ня будзем — гэта асобная тэма. Але ж якасьць дарог нават у самым цэнтры гораду і пасьля цэлага году «навядзеньня парадку» пакідае жадаць лепшага. Гэта факт.

Былі й ёсьць, вядома, месцы, даглядаць якія нікога ня трэба ўгаворваць, — гэта могілкі. На Радаўніцу, як і на Дзяды, прыйдуць людзі да родных магіл, пафарбуюць агароджы там, дзе яны ёсьць, пачысьцяць надмагільныя пліты й помнікі, пазьбіраюць сьмецьце, пасадзяць кветкі, туйкі або іншыя расьліны. І ніхто ня будзе рабіць з гэтага подзьвігу, ганарыцца зробленым альбо даваць справаздачы начальству.

Адметна, што сёлета 9 Траўня будзе якраз напярэдадні сьвята нябожчыкаў — Радаўніцы. І хацелі б таго «ідэолягі Перамогі» або не, але на наступны пасьля Дня Перамогі дзень будуць успамінаць ня толькі палеглых на вайне савецкіх воінаў і партызан… Памінаць будуць усіх. І ня толькі на Кургане славы ці ў Берасьцейскай крэпасьці, на ўпарадкаваньне якіх афіцыйна пойдуць грошы ад суботнікаў, але ж і ў Курапатах, і ў іншых мясьцінах, дзе пахаваны ахвяры сталіншчыны. На яе рахунку, між іншым, і сотні тысяч палеглых у першыя месяцы вайны салдат. Парэшткі многіх зь іх дагэтуль застаюцца неапазнанымі ў беларускіх балотах побач з парэшткамі нямецкіх жаўнераў.

Непарушны блёк камуністаў і беспартыйных — гэты адвечны савецкі міт хіба толькі за магільнай агароджай мае нейкі рэальны сэнс. І падзел на пераможцаў і пераможаных тут таксама быў і заўсёды будзе недарэчы. Няма магіл больш важных — тых афіцыйных мэмарыялаў, куды прыяжджае начальства, каб перад тэлекамэрамі ды фотаапаратамі ўскласьці кветкі да бронзавых помнікаў, ці тых, куды прыходзяць звычайныя людзі. Альбо не прыходзіць ужо ніхто, і яны зарастаюць травой. Усе магілы аднолькава важныя. Бо ўсе чакаюць сваёй чаргі — і начальнікі, і падначаленыя… У гэтай чарзе кожны рады саступіць сваё месца іншаму, ды не выпадае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0