«Аміна». Група «Мадэра хард-блюз». (р) «Мадэра хард-блюз», 2004

Другі альбом менскай групы, якая дэбютавала пад нейкім не зусім зразумелым лёзунгам «Настоящий русский блюз». «Мадэра» сапраўды пару разоў наведала Расею, выступіла на фэстывалі і ў клюбах Уладзімеру, Казані, Масквы, мела вельмі прыязны прыём, асабліва ў Маскве, але расейскай групай так і не зрабілася. Музыкі даволі добра запатрабаваныя ў Беларусі, часта выступаюць і зьбіраюцца пару-тройку найбольш ударных гітоў прадставіць на беларускай мове. Так што лёзунг той, відаць, варта лічыць састарэлым.

Што паказвае альбом «Аміна»? Па гучаньні ён больш мяккі ў параўнаньні з дэбютным. Сярод безумоўных гітоў — «Гуляй, душа», «Вампір», «Піва», «Я ахоўваю свой спакой». З гледзішча мэлёдыкі рэпэртуар альбому больш разнастайны, а па стылістыцы — больш рыхлы. На жаль… Цяжка сказаць, што паўплывала на гэта, але група крыху пашырыла стылёвыя межы, а таму ў альбоме сустракаюцца ня толькі ўласна блюзы, а хутчэй, і проста песьні, зьвязаныя з блюзам толькі агульнай атмасфэрай, гучаньнем інструмэнтаў. Хоць, бясспрэчна, выконваюцца ўсе без выключэньня творы дасканала, адпрацавана да апошняга штрышка.

Ня ведаю, наколькі гэта адпавядае палітыцы групы, поглядам яе лідэра Юр’я Міхайлава, але для стварэньня падобных праграм не пашкодзіла б час ад часу запрашаць на запіс асобных музыкантаў зь іншых калектываў. Гэта пашырыла б гукавую палітру, расквеціла б рэпэртуар. Цяпер сам Міхайлаў супрацоўнічае падчас запісаў з Андрэем Плясанавым і, наколькі вядома, рупіцца ўвасобіць нешта зь легендай беларускай рок-музыкі Вольгай Аліпавай, чый голас і дагэтуль можна лічыць узорам для перайманьня.

Што да «Мадэры», дык у канцы траўня заплянаваны выступ групы на фэстывалі «Ноч блюзу» ў Польшчы ў адным канцэрце са славутай брытанскай групай «Ten Years After».

Мадэрновы СЛУХАЧ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0