Беларуска-расейская вайна
Пазьняк З. Беларуска-расейская вайна. — Варшава— Нью-Ёрк—Вільня: Беларускія ведамасьці, Таварыства беларускай культуры ў Літве, 2005.
У сваёй праграмнай кнізе Зянон Пазьняк разглядае адносіны паміж Беларусяй і Расеяй як шматвяковую вайну, а Беларусь — як усходні фарпост эўрапейскай цывілізацыі. Ён спыняецца на пазыцыях цяперашняга Эўразьвязу й крытыкуе аб’яднаную Эўропу за адыход ад хрысьціянства. Пэрспэктывай вольнай Беларусі аўтар называе добрыя дачыненьні з Паўночнай Эўропай (Скандынавія, краіны Балтыі), а таксама з Польшчай і Ўкраінай, што вядзе да станаўленьня ідэі Балтыйска-Чарнаморскай супольнасьці. Пытайцеся ў незалежных распаўсюднікаў.
Найноўшая гісторыя
Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму. — Менск: Аналітычны грудок, 2005.
Зборнік артыкулаў вядомых палітолягаў і палітэканамістаў прысьвечаны беларускаму парлямэнтарызму за апошнія 15 гадоў. Асобны разьдзел — пра рэфэрэндум і парлямэнцкія выбары ў кастрычніку 2004 г. У пасьлямове да зборніка «Расклад і тэндэнцыі пасьля выбараў і рэфэрэндуму 2004 г.» Віталь Сіліцкі прагназуе, што ў беларускай апазыцыі цягам найбліжэйшых гадоў будзе няпросты выбар: альбо дысыдэнцтва, альбо працяг няўдзячных спробаў удзельнічаць у палітычным жыцьці. Толькі гэтая сызыфава праца і магчымая ў «доўгі пэрыяд палітычнага застою, калі не летаргіі». Цікавы аналіз, багаты матэрыял для ўсіх, хто цікавіцца палітыкай.
Формула каханьня
Формула каханьня. — Менск: ІП «Логвінаў», 2005.
Вокладка на кнізе пераможцаў леташняга ПЭН-цэнтраўскага конкурсу імя Пэтраркі дакладна адлюстроўвае зьмест. Гамбургер у выглядзе сэрца — і гэткая ж мяшанка літаратурных тэкстаў: вершы й проза, хайку й баляды, пераклады з Пэтраркі й Дылана Томаса… Некаторыя з удзельнікаў конкурсу, пакуль рабілася «Формула», пасьпелі падрыхтаваць (Глеб Лабадзенка), а то ўжо і выдаць (Югася Каляда) уласныя кнігі. Знаёмства з кнігай гарантуе знаёмства з тым, што ўяўляе сабой наймаладзейшае літаратурнае пакаленьне.
Вялікае перасяленьне
Анатоль Вялікі. На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасяленьня (1944—1946 г.). — Менск: БДПУ, 2005.
Зь нядаўняга майго адскоку ў Менск абагаціўся манаграфіяй Анатоля Вялікага «На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасяленьня (1944—1946 гг.)» з кранаючым дароўным надпісам аўтара.
Чытаў, калыхаючыся ў вагоне да Масквы, пранікнёныя старонкі. Такі дачакаліся і спрыяльнага часу, і мудрага дасьледчыка-аналітыка, каб пра наша глыбока нацыянальнае і балеснае разважаць спакойна. Такой балючай, дасюль амаль ня кратанай тэмай зь нядаўняга мінулага зьяўляецца праблема паваеннага ўсталяваньня беларуска-польскай мяжы і ўзаемнай рэпатрыяцыі беларускіх палякаў у Польшчу і польскіх беларусаў у БССР.
Наколькі з заходнебеларускіх земляў палякі, а сярод іх тысячы беларусаў-каталікоў і нават праваслаўных, валам валілі ў Польшчу (падалі заявы выехаць 535 284 чалавекі), ратуючыся ад «сібірскіх маразоў», настолькі абачліва, стрымана, зь неахвотай нават адрэагавалі на перасяленчыя прапановы беларусы з-пад польскае мяжы. Так, у Бельскім павеце, з 10 000 сялянскіх гаспадарак пагадзіліся на перасяленьне 1 861. Тым самым пацьвярджаецца выснова Я.Мірановіча, што «лад у Польшчы забясьпечваў больш спрыяльныя ўмовы жыцьця». Пераконвае і выніковая канстатацыя А.Вялікага: «Большасьць заможнага аднаасобнага сялянства, саматужнікаў, рабочыя (пэўная, дадамо, частка інтэлігенцыі. — А.К.) фактычна праігнаравала заклікі аб пераезьдзе ў БССР» (с.205).
Прыгадваю ў сувязі з гэтым даўні скрушны досьціп, пачуты мною калісьці ў Варшаве ад калегі-паляка. Цягам дэлімітацыі польска-савецкай мяжы адпаведныя службоўцы завітваюць на падворак беластоцкага селяніна-беларуса. Так, маўляў, і так, шаноўны пане, новая граніца мае прайсьці ўласна праз панаву гаспадарку; на чыім баку рашыў бы пан застацца — савецкім ці польскім? Пачухаў гаспадар патыліцу, кракнуў і выдаў: «Там жа, у Расеі, дужа моцныя маразы — няхай застанецца Польшча». Можа, тым уяўным гаспадаром-тутэйшым быў якісь аднавясковец Сакрата Яновіча з памежных Крынак? Не асьцеражыся тады наш суродзіч савецкага «марозу» — было б на Гара¬дзеншчыне адным калгасьнікам болей. Але на квяцістай ніве беларускай літаратуры — адной (і не адной жа!) прывабнаю краскай меней. Што ж, выбар заўсёды чагосьці каштуе…
Кніга вабіць таксама вытрыманай навуковасьцю (без надрыўнага плачу па страчанай «старонцы Беласточчыне») поглядам на эпоху, памежныя клопаты, а галоўнае — праніклівым разуменьнем нацыянальнага Лёсу і Шляху Беларусі. Варта прачытаць.
Аляксей Каўка, Масква