Канцэрту «Крамы», заплянаванага на 27 красавіка, ня будзе. Яго забаранілі, як і канцэрт «Нэйра Дзюбэлю» тры тыдні таму.

На канцэрт 27-га «Крамы» ў менскім клюбе «Рэактар» накладзена табу — пасьля папярэдняй згоды арганізатарам імпрэзы адмовілі ў яе правядзеньні. Упраўленьне культуры Менгарвыканкаму ня выдала арганізатарам гастрольнага пасьведчаньня без тлумачэньня прычын. «Для мяне гэта не было нечаканасьцю. Маральна да такой хады падзей я быў падрыхтаваны», — пракамэнтаваў навіну Ігар Варашкевіч. Дырэктар групы Павал Кашырын кажа, што адбылася даволі дзіўная рэч, бо ён неаднаразова ўзгадняў пытаньне правядзеньня канцэрту з кіраўніцтвам клюбу. Але засьцерагчыся не ўдалося: «Мы быццам паразумеліся з «Рэактарам», нават рэкляма ў мэтро зьявілася…»

Удзельнікі «Крамы» знаходзяцца цяпер у тым жа стане, што і музыкі з «Нэйра Дзюбэлю» два тыдні таму — канцэрт якіх таксама забаранілі.

Ігар Варашкевіч з жалем жартуе: «Можа, назвацца «Хронікамі доктара Вараша»?» Варыянт з правядзеньнем канцэрту пад іншай назвай таксама разглядаўся. Была нават ідэя часова вярнуць ранейшую назву групы — «Рокіс», аднак ужо кіраўніцтва клюбу не пайшло на гэта. «Я іх выдатна разумею: рызыкаваць ім у такіх умовах не выпадае», — гаворыць П.Кашырын.

Хадзілі чуткі, што канцэрт 27-га будзе разьвітальным для «Крамы». Як высьветлілася, Варашкевіч плянаваў разьвітацца з старой праграмай і абвясьціць новы этап у жыцьці групы.

Падобна, што беларуская рок-музыка камусьці моцна замінае…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0