Па тэлебачаньні падлічваюць пераможныя лічбы народнай гаспадаркі. У гэты ж час радыё «Свабода» агучвае лічбы галасаваньня на нейкай абласной канфэрэнцыі за адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі. Адсоткі, адсоткі, адсоткі…

І там, і там названыя лічбы ніяк ня зьвязаныя з рэчаіснасьцю, з сапраўдным станам рэчаў, ня маюць пад сабою асновы. Гучаць пуста, як і большасьць слоў беларускай палітыкі. Зрэшты, тыя словы таксама небеларускія.

Пужае тэндэнцыя, на якую сучасныя апазыцыйныя лідэры не зьвяртаюць увагі. Зьмяншаецца выкарыстаньне беларускай мовы ў афіцыёзе. Адзін з прыкладаў — новыя акцызныя маркі, пра якія шмат пісала недзяржаўная прэса. Але ніхто не адзначыў, што напісана на іх ужо «Пиво». Новыя блянкі друкуюцца спрэс на другой дзяржаўнай мове. Новыя шыльды і надпісы таксама збольшага расейскія. У Баранавічах сёлета першы раз за шмат год расьцяжкі над плошчай пачалі пісаць такія: «С Новым 2005 годом!», «С Днём Победы!»

Некалькі год таму за чаркай мы зь сябрамі прыйшлі да высновы, што, калі б прэзыдэнт не прынізіў беларускай мовы ды не забараніў «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга, сёньня за ім пайшлі б большасьць нацыяналістаў. Бо што трэба яшчэ беларускаму патрыёту? Што сагрэе душу і сэрца? Незалежнасьць і так мацуецца з кожным годам існаваньня Беларусі. А жыла б мова і сымбалі, дык Лукашэнка цяперака, пасьля гэтакіх канфліктаў з Расеяй, паўстаў бы зусім у іншым сьвятле.

На сёньня няма ў нас арганізацыі ці партыі, якая б бараніла беларусаў. Сапраўдных беларусаў. Беларуская мова, як адна з асноўных ідэй на пачатку адраджэньня, што прыцягнула значныя людзкія рэсурсы, цяпер туляецца недзе ззаду, адсунутая, каб не замінала. Наша палітыка робіцца амаль цалкам расейскамоўнай. Прыходзяць новыя асобы, якія на мову проста не зьвяртаюць увагі. Дзейнасьць Таварыства беларускай мовы незаўважная там, дзе яго сябры займаюцца толькі палітыкай. На русіфікацыю ніхто зь вялікіх палітыкаў не зьвяртае ўвагі.

Знаёмы нацыяналіст расказаў цікавую гісторыю. Ня так даўно ён зьвяртаўся па нейкім пытаньні да аднаго чыноўніка. У прыватнай размове той прызнаўся, што падтрымлівае ўсё нацыянальнае, што ня супраць выкарыстаньня беларускай мовы. Раней, калі была магчымасьць, заўсёды рабіў захады ў кірунку пашырэньня мовы. Але сёньня ён баіцца праявіць ініцыятыву, баіцца за сваю пасаду. «Чаму ніхто з вашых тэбээмаўцаў ці фронтаўцаў ня зьвернецца да нас з афіцыйным лістом і не запатрабуе? Маўчыце бы пні. Мы б дапамаглі, але ж апошнія гады вы маўчыце!» Дарэчы, шмат такіх чыноўнікаў, сутыкнуўшыся зь беларускамоўнымі, усяляк іх падтрымліваюць.

Пасьля выбарчага ціску і рэпрэсій простыя людзі адыходзяць ад палітыкі, бо, паводле іх слоў, туды рвуцца адны «былыя», шмат хто зь якіх нават двух слоў зьвязаць ня можа па-беларуску. Шараговыя апазыцыянэры адчуваюць, што іх зноўку выкарыстаюць, а пасьля забудуцца. Беларусь ужо нікуды ня зьнікне, кажуць яны. Час паклапаціцца пра сябе. Тыя людзі згодны займацца грамадзкай дзейнасьцю па пашырэньні беларускай мовы, прыводзячы прыклад вядомай у Заходняй Беларусі ТБШ.

Трэба азірнуцца і вярнуць у першыя шэрагі мову і сымболіку. Бяз гэтага не адолець адчужэньня грамадзянаў ад палітыкі.

Баранавічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0