Код да Вінчы

Кніжка Дэна Браўна «Код да Вінчы» займае першыя радкі ў сусьветных рэйтынгах папулярнасьці. Яна выклікала абурэньне кардыналаў каталіцкай царквы. Гэта імгненна падхапілі журналісты. Карацей, культура як вялікі шум. Ці варта чытаць? Адказу шукаюць аўтары «НН».

Разьдзел I

Робэрт Лангдан прачынаўся марудна.

У цемры званіў тэлефон — рэзкі, нязвыклы званок. Ён намацаў лямпу на прыложкавым століку і ўключыў яе. Скасіўшы позірк на навакольле, ён убачыў абабітую плюшам спальню з мэбляй часоў Людовіка XVI, размаляваныя фрэскамі сьцены і агромністы чатырохспальны ложак з чырвонага дрэва.

«Чорт пабяры, дзе я?»

Жакардавы халат, што вісеў на сьпінцы крэсла, зьмяшчаў манаграму: «Гатэль «Рыц», Парыж».

Патроху туман пачаў праходзіць.

Лангдан узяў слухаўку:

— Алё?

— Пане Лангдан? — пачуўся мужчынскі голас. — Спадзяюся, не пабудзіў Вас?

Агаломшаны, Лангдан зірнуў на прыложкавы гадзіньнік. Было 0.32 ночы. Ён праспаў толькі гадзіну і пачуваўся, бы мярцьвяк.

— Гэта кансьерж, пане Лангдан. Прыношу прабачэньні за турботы, але да вас прыйшоў наведнік. Ён настойвае, каб вы прынялі яго неадкладна.

Лангдан усё яшчэ выбіраўся з палону сноў. Наведнік? Цяпер яго вочы сфакусаваліся на мятай паперцы, што ляжала на століку.

«АМЭРЫКАНСКІ ЎНІВЭРСЫТЭТ У ПАРЫЖЫ

З гонарам запрашае

НА СУСТРЭЧУ З РОБЭРТАМ ЛАНГДАНАМ — ПРАФЭСАРАМ, ЗНАЎЦАМ РЭЛІГІЙНАЙ СЫМБОЛІКІ З ГАРВАРДЗКАГА ЎНІВЭРСЫТЭТУ».

Лангдан застагнаў. Вячэрняя лекцыя з дэманстрацыяй слайдаў на тэму паганскай сымболікі, якую захавалі камяні Шартрскага сабору, мабыць, раздражніла кагосьці з кансэрватыўных слухачоў. Відаць, нейкі тэоляг пацягнуўся за ім у гатэль, каб распачаць дыспут.

— Мне шкада, — сказаў Лангдан, — але я дужа стаміўся і…

— Але, пане Лангдан, — кансьерж настойваў, панізіўшы голас да шэпту, — ваш госьць — важная асоба.

У чым у чым, а ў гэтым Лангдан амаль не сумняваўся. Яго кнігі пра рэлігійны жывапіс і культавую сымболіку хоцькі-няхоцькі прынесьлі яму пэўную вядомасьць у мастацкім сьвеце, а летась яго знакамітасьць памножылася стакроць пасьля яго ўмяшаньня ў ватыканскі інцыдэнт, ахвотна разьдзьмуты прэсай. З таго часу здавалася, што паток самазадаволеных гісторыкаў і дурняў ад мастацтва ніколі не адхлыне ад яго дзьвярэй.

— Ці не змаглі б вы, шаноўны пане кансьерж, — адказаў Лангдан, з усёй моцы імкнучыся заставацца ветлівым, — запісаць прозьвішча гэтага чалавека і тэлефонны нумар ды перадаць яму, што я пастараюся скантактавацца зь ім да ад’езду з Парыжу ў аўторак? Дзякуй. — І паклаў слухаўку, не чакаючы кансьержавых пратэстаў.

Прысеўшы, Лангдан пахмурна зірнуў на «Даведнік госьця», што ляжаў побач з ложкам. Вокладка выхвалялася: «Спаць як немаўля ў горадзе мільёна ліхтароў найлепш у «Рыцы». Ён павярнуў галаву і стомлена ўтаропіўся ў вялізнае, у чалавечы рост люстра. Чалавек, які глядзеў на яго зь люстра, быў чужынцам — ускудлачаным і мешкаватым.

«Робэрт, табе трэба ўзяць адпачынак».

Апошні год даўся яму ў знакі, але ён ня думаў, што доказы адаб’юцца на люстэркавай выяве. Яго вочы, звычайна чыста-блакітныя, выглядалі скажонымі, зацягнутымі смугой. Цёмнае шчаціньне ўкрывала магутныя сківіцы і падбародак зь ямачкай. Па скронях распаўзаліся сівыя плямы, усё далей заходзячы ў гушчар грубых чорных валасоў. Дарма што жанчыны зь ліку калег паўтаралі, што сівізна адно падкрэсьлівае яго прыцягальнасьць і цудоўна стасуецца з вобразам навукоўца, Лангдан ведаў, што гэта ня так.

«Калі б «Бостан Мэгэзін» убачыў мяне цяперака…»

У мінулым месяцы, на вялікую Лангданаву зьбянтэжанасьць, «Бостан Мэгэзін» назваў яго адным зь дзесяці найбольш інтрыгоўных людзей гораду — сумнеўны гонар, які каштаваў яму бясконцых кпінаў гарвардзкіх калег. І вось сёньня, за тры тысячы міль ад дому, насланьнё вярнулася на лекцыі.

— Шаноўнае спадарства, — абвясьціла вядучая ў набітым пад завязку Дофінаўскім павільёне Амэрыканскага ўнівэрсытэту, — наш госьць ня мае патрэбы ў прадстаўленьні. Ён аўтар шматлікіх кніг — «Сымболіка таемных сэкт», «Мастацтва ілюмінатаў», «Страчаная мова ідэаграм»; не памылюся таксама, калі назаву яшчэ «Рэлігійную іканалёгію». Многія з вас карыстаюцца яго падручнікамі ў навучальным працэсе.

Студэнты з натоўпу энэргічна заківалі.

— Сёньняшнім вечарам я плянавала прадставіць нашага госьця, пераказаўшы яго сапраўды ўражальны паслужны сьпіс. Аднак… — яна кінула гульлівы позірк на Лангдана, які сядзеў на сцэне. — Адзін з вас толькі што перадаў мне нешта іншае… так бы мовіць, інтрыгоўную дэталь біяграфіі.

Яна прадэмастравала ўсім асобнік «Бостан Мэгэзін».

Лангдан скалануўся. «От д’ябал, дзе ж яна дастала яго?»

Вядучая пачала зачытваць выбраныя месцы з ідыёцкага артыкулу, і Лангдан адчуў, як уціскаецца ў крэсла. Праз паўмінуты натоўп пачаў выскаляцца, але жанчына, падобна, не зьбіралася спыняць чытаньня.

— «Што да адмовы спадара Лангдана публічна выказвацца аб ягонай незвычайнай ролі ў час леташняга ватыканскага канкляву, гэтая адмова, безумоўна, дадае некалькі балаў да інтрыгі», — вядучая яўна падбухторвала натоўп. — Жадаеце ведаць больш?

Натоўп запляскаў у далоні.

«Хто-небудзь, спыніце яе», — маліў Лангдан, калі яна ізноў сунула нос у артыкул.

— «Хаця прафэсара Лангдана цяжка параўнаць з кім-небудзь з нашых маладзейшых прыгажуноў, гэты сарака-з-чымсьці-гадовы кніжнік цікавіцца ня толькі навукай. Ягоная прысутнасьць хвалюе. Яго незвычайна нізкі барытон студэнткі называюць «шакалядам для вушэй».

Заля выбухнула рогатам.

Лангдан выціснуў зь сябе няўклюдную ўсьмешку. Ён ведаў, што будзе далей, — дурны сказ пра «Гарысана Форда ў тўідзе ад Гарыса». Паколькі ён якраз апрануў пінжак ад Гарыса і швэдар ад Барбэры, то вырашыў перахапіць ініцыятыву.

— Дзякуй, Моніка, — сказаў Лангдан, пасьпешліва ўздымаючыся зь месца і адцясьняючы яе на край сцэны. — «Бостан Мэгэзін» знаецца на розных прыдумках. — Ён павярнуўся да аўдыторыі, стрымліваючы цяжкі подых. — Калі знайду сярод вас таго, хто прынёс сюды гэтую публікацыю, даб’юся, каб консул дэпартаваў яго.

Натоўп сьмяяўся.

— Ну, народ, як усе вы ведаеце, я прыйшоў да вас сёньня, каб пагаварыць пра ўладу сымбаляў…

Бомканьне гатэльнага тэлефону разарвала цішыню яшчэ раз.

Цяжка ўздыхнуўшы — ня верачы, што такое магчыма, — ён схапіўся за слухаўку.

— Ну?

Як і чакалася, гэта быў кансьерж.

— Пане Лангдан, ізноў мае прабачэньні. Я тэлефаную, каб паведаміць, што ваш госьць ужо ідзе ў ваш пакой. Я палічыў, што мушу папярэдзіць вас.

Цяпер Лангдан ужо зусім прачнуўся.

— Вы паслалі кагосьці ў мой пакой?

— Перапрашаю, пане Лангдан, але такі чалавек… Я ня маю паўнамоцтваў, каб яго спыніць.

— Хто ён дакладна?

Але кансьерж ужо паклаў слухаўку.

Амаль адразу ў дзьвярах пачуўся цяжкі грукат кулаком.

Лангдан нерашуча высьлізнуў з ложка, адзначыўшы, як яго ступні грузнуць у старадаўнім варсістым дыване мануфактуры Саванры. Ён накінуў гатэльны халат і пасунуўся да дзьвярэй.

— Хто гэта?

— Пан Лангдан? Я мушу з вамі пагаварыць, — чалавек размаўляў па-ангельску з акцэнтам, вымаўляючы словы жорсткім, адрывістым тонам. — Мяне завуць лейтэнант Жэром Кале. Я з цэнтральнай сьледчай управы.

Лангдан на хвіліну прызадумаўся. Сьледчая ўправа? ЦСУ гучала неяк падобна да амэрыканскага ФБР.

Не здымаючы ланцужка бясьпекі, Лангдан прыадчыніў дзьверы на колькі сантымэтраў. Твар наведніка выглядаў вузкім і бляклым. Чалавек быў выключна худы, адзеты ў блакітную ўніформу, афіцыйнага выгляду.

— Я магу ўвайсьці? — спытаў паліцыянт.

Лангдан павагаўся, адчуваючы сябе ніякавата, бо жаўтаватыя вочы пільна вывучалі яго.

— Што ўсё гэта значыць?

— Мой капітан патрабуе вашай экспэртызы ў прыватнай справе.

— Цяпер? — Лангдан пашукаў адгаворкі. — Ды цяпер ужо за поўнач.

— Гэта праўда, што ўвечары вы зьбіраліся сустрэцца з куратарам Люўру?

Лангдан адчуў прыліў трывогі. Ён і шанаваны куратар Жак Саньер насамрэч дамовіліся сустрэцца гэтым вечарам пасьля Лангданавай лекцыі, але Саньер не прыйшоў.

— Так. Як вы даведаліся?

— Мы знайшлі ваша імя ў ягоным нататніку.

— Спадзяюся, зь ім нічога ня здарылася?

Паліцыянт злавесна ўздыхнуў і працягнуў праз вузкую шчыліну ў дзьвярах фатаздымак, зроблены «Паляроідам».

Калі Лангдан убачыў здымак, усё ягонае цела здранцьвела.

— Гэты здымак быў зроблены менш чым гадзіну таму. У Люўры.

Пакуль Лангдан глядзеў на дзіўны здымак, першапачатковае пачуцьцё агіды і шок зьмяніліся рэзкім прыступам гневу.

— Хто мог зрабіць такое?!

— Мы мелі надзею, што вы дапаможаце нам адказаць менавіта на гэтае пытаньне, улічваючы вашу абазнанасьць у сымбалях і пляны сустрэцца зь ім.

Лангдан утаропіўся ў здымак — ён адчуў цяпер, што баіцца за сябе. Выява была агіднай і зусім загадкавай, выклікаючы, аднак, у сьвядомасьці няяснае пачуцьцё дэжа вю. Крыху больш за год таму Лангдан атрымаў фатаздымак мерцьвяка і падобную просьбу дапамагчы. Дваццацю чатырма гадзінамі пазьней ён ледзьве не загінуў у Ватыкане. Фота было зусім іншым, але штосьці ў разьвіцьці падзей здавалася жахліва знаёмым.

Паліцыянт зірнуў на свой наручны гадзіньнік.

— Мой капітан чакае, пане Лангдан.

Лангдан ледзь чуў ягоны голас. Яго вочы ўсё яшчэ былі прыкуты да здымку.

— Сымбаль тутака, і такі дзіўны спосаб, якім яго цела…

— Разьмешчана? — падказаў паліцыянт.

Лангдан кіўнуў, адчуваючы дрыжыкі на целе ад яго позірку.

— Не магу ўявіць, каб хтосьці зрабіў такое з кім бы там ні было.

На паліцыянта страшна было глядзець.

— Вы не разумееце, пане Лангдан. Тое, што вы бачыце на фатаграфіі… — Ён вытрымаў паўзу. — Спадар Саньер зрабіў сабе сам.

ДЭН БРАЎН. Нарадзіўся ў 1965 г. у штаце Нью-Гемпшыр (Новая Англія, ЗША). Бацька — прафэсар матэматыкі, маці — прафэсійны музыкант. Скончыў прэстыжны Амхерст-каледж, накіраваўся ў Каліфорнію, дзе пачаў кар’еру як аўтар песень, музыка і выканаўца, выпусьціў некалькі кампакт-дыскаў. У 1993 г. вярнуўся ў Новую Англію і стаў выкладчыкам ангельскай мовы ў Амхерст-каледжы.

У 1995 г. сумесна з жонкай надрукаваў кнігу «187 мужчын, ад якіх трэба трымацца як мага далей: даведнік для рамантычна фрустраваных жанчын». У 1998 г. надрукаваў першы раман-трылер «Лічбавая крэпасьць», у 2000-м сьвет убачыў інтэлектуальна-кансьпіралягічны дэтэктыў «Анёлы і дэманы», галоўны героем якога зьяўляецца прафэсар-дэтэктыў Робэрт Лангдан. У 2003 г. напісаны «Код да Вінчы», у першы дзень было прададзена больш за шэсьць, асобнікаў кніг. Агульны сусьветны наклад бэстсэлераў Браўна, перакладзеных на сорак моў, сягае васьмі мільёнаў асобнікаў. Пісьменьнік друкуецца таксама ў пэрыядычных выданьнях «Ньюсуік», «Тайм», «Форбс», «Піпл», «Нью-ёркер».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0