Фантастычны бэстсэлер Дэна Браўна «Код да Вінчы» тыднямі трымаецца на вяршыні продажаў. Прыхільнікі веры ў жаночае боства і ненавісьнікі хрысьціянства ва ўсім сьвеце ня толькі захапляюцца кнігай у рэцэнзіях, але і падаюць яе як доказ таго, што хрысьціянства — падман. Вы можаце падзівіцца, якім чынам фантастычны раман можа мець такі ўплыў? Аказалася, можа, бо Браўн заявіў, што кніга пабудаваная на фактах. Тлустым надпісам на вокладцы аўтар папярэджвае чытача, што ягоны прадукт хоць і зьяўляецца мастацкім творам, але абапіраецца на гістарычныя факты. Многія запярэчаць, што нам ня трэба надаваць гэтулькі ўвагі літаратурнаму твору, і ў пэўным сэнсе будуць мець рацыю. Калі б людзі ведалі сваю гісторыю, біблійныя тэксты, пільна вывучалі ўласную рэлігію, нам ня варта было б гэтак турбавацца. Але многія з шматлікіх памылак і фактаў адкрытай хлусьні ў кнігах Браўна шырокая публіка можа не заўважыць.

Браўн ведае, што бальшыня чытачоў праглыне яго «тэорыі змовы» і скажэньне гісторыі, бо яны ня ведаюць, напрыклад, што апакрыфічныя эвангельлі ўвогуле існавалі. Большасьць людзей ня зьверне ўвагі на тое, што Браўн аказаўся няздольным нават слушна назваць дату знаходкі скруткаў Мёртвага мора. Для процівагі браўнаўскай антыхрысьціянскай спробе ўвесьці ў зман разгубленых я склала сьпіс некаторых памылак у «Кодзе да Вінчы». Вядома, сьпіс не прэтэндуе на паўнату, але ён дапаможа вам скласьці ўражаньне аб слабай навуковай падрыхтоўцы і хлусьлівасьці Дэна Браўна. Спадзяюся таксама, сьпіс дасьць вам сякую-такую інфармацыю, каб вам было лягчэй змагацца супраць адраджэньня паганства — адраджэньня, якому, безумоўна, паспрыяла кніга Браўна.

Памылка №1. Тыбінг, галоўны пэрсанаж кнігі, неаднойчы сьцьвярджае, што кананічныя эвангельлі — ня самыя раньнія. Нібыта забароненыя гнастычныя эвангельлі былі напісаны раней.

Два гнастычныя эвангельлі, на якія спасылаецца Браўн, былі напісаны не раней за другое стагодзьдзе нашай эры, значна пазьней, чым быў складзены Новы Запавет (у І ст.). Увогуле, гнастычная думка дасягнула найбольшага пашырэньня ў канцы ІІ ст.

Між іншага, эвангельле ад Пётры, адзін зь нібыта самых раньніх тэкстаў, вінаваціць жыдоў ва ўкрыжаваньні Хрыста. У іншым гнастычным эвангельлі, ад Тамаша, заяўляецца, што жанчыны мусяць стаць мужчынамі, каб атрымаць збаўленьне. Відавочна, эвангельле ад Браўна мае ня толькі антысэміцкі, але і антыжаночы характар.

Памылка №2: Скруткі Мёртвага мора былі адкрытыя ў 1950-я гады.

Здорава! Браўн ня можа нават простую дату правільна назваць. Скруткі Мёртвага мора былі знойдзены ў 1947 г., а ня ў 1950-я.

Памылка №3. Скруткі Мёртвага мора і гнастычныя тэксты, знойдзеныя ў Наг Гамадзі, — самыя раньнія сьведчаньні аб хрысьціянстве.

Яшчэ пракол. Скруткі — чыста жыдоўскія дакументы; яны не зьмяшчаюць эвангельляў, у іх нават ня згадваецца Ісус. У любым выпадку, няма ніякіх доказаў, што які-небудзь з гнастычных дакумэнтаў быў запісаны раней за другую палову ІІ ст.

Памылка №4: Ісус Хрыстос ніколі не казаў пра сваё боскае паходжаньне і яму ніколі не пакланяліся як Богу аж да Нікейскага сабору 325 г. н.э.

Гэта ўжо проста хлусьня. У Новым Запавеце Ісус называецца Богам (theos) сем разоў і некалькі разоў — Спадаром (у значэньні «Бог»). Агульнавядома, што тэксты Новага Запавету зьявіліся задоўга да Нікейскага сабору і адлюстроўваюць вераваньні І ст.

Памылка №5: Хрысьціянства запазычыла свае вераваньні ў язычніцкай рэлігіі, мітраізму. Мітраісты пакланяліся дахрысьціянскаму богу Мітру, называнаму Сын Бога і Сьвятло сьвету, які нарадзіўся 25 сьнежня, памёр, быў пахаваны ў скале пад камянямі, а затым уваскрос праз тры дні.

Навукоўцы, якія вывучаюць мітраізм, запярэчаць Браўну па ўсіх пунктах. Нідзе Мітру не надаецца тытул Сына Бога і Сьвятла сьвету. Мабыць, Браўн прыдумаў гэтыя тытулы, бо яны добра гучаць. Мітра нарадзіўся 25 сьнежня, але гэта нічога не даказвае. У Новым Запавеце нідзе не пазначана, што менавіта ў гэты дзень нарадзіўся Хрыстос. Раньнія хрысьціяне выбралі гэты дзень для сьвяткаваньня даты нараджэньня Хрыста наўмысна, каб проціпаставіць яго зімоваму паганскаму сьвяту Сатурналій. Яны ніколі не настойвалі, што гаворка ідзе пра фактычную дату Ісусавага нараджэньня. Заява аб тым, што Мітра памёр і быў пахаваны ў скале, проста абсурдная. Навукоўцы адкажуць, што ў мітраізьме ўвогуле няма сьмерці Мітры, адпаведна, няма магілы ў скале і няма ўваскрэсеньня.

Памылка №6: Ісус ажаніўся з Марыяй Магдалінай.

У Новым Запавеце нідзе ня згадваецца Ісусава жаніцьба, на яе няма нават намёку, таму Браўн карыстаецца гнастычным эвангельлем ад Піліпа. Галоўны пэрсанаж кнігі сьцьвярджае, што слова «таварыш», ужытае ў гэтым Эвангельлі, фактычна азначала «муж», бо ў арамэйскай мове гэтыя словы маюць аднолькавы сэнс. Мне шкада Браўна: Піліпава эвангельле было напісана не на арамэйскай мове, а на копцкай. Слова, ужытае ў Піліпа (koinonos), у копцкай абазначае «таварыш», але ніяк ня «муж».

Памылка №7. Хрысьціянства сьвяткавала яўрэйскі Шабат у суботу, але Канстантын зьмяніў дзень сьвята, каб яно супадала зь язычніцкім днём шанаваньня сонца.

Ізноў жа, Браўн проста ўводзіць чытачоў у зман. Усе даступныя крыніцы сьведчаць аб тым, што хрысьціяне сьвяткавалі нядзелю як Шабат задоўга да Канстантына. Браўн, магчыма, заблытаўся зь візытамі Паўлы ў сынагогу на Шабат, дзе той спрабаваў ладзіць казані для яўрэяў. Калі вы хочаце прапаведаваць яўрэям вучэньне Ісуса, дзе вы знойдзеце вялікі натоўп? Вядома ж, у сынагозе на Шабат. У любым разе, зь пісаньняў ясна, што хрысьціянскі Шабат адзначаецца ў першы дзень тыдня (Дзеяньні 20:7, 1-е да Кар. 16:2).

У кнізе Браўна можна знайсьці значна больш памылак, але ўжо названых дастаткова, каб паказаць: яго веды слабыя, яго тэорыі не грунтуюцца на фактах і, на мой погляд, яго намер заключаецца ў дыскрэдытацыі хрысьціянства шляхам прапаганды веры ў жаночае боства і язычніцтва, якое абапіраецца на ератычныя тэксты.

Джэніфэр Раст, рэлігійны партал contender_ministries.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0