Гэта камэрцыя, разьлічаная на скандал. Такога лепш не чытаць. У прэс-цэнтры Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы нам патлумачылі стаўленьне хрысьціянаў да кнігі Дэна Браўна.

«НН»: Што няправільнага і блюзьнерскага ў дачыненьні да хрысьціянства ў кнізе «Код да Вінчы»?

Беларускі Экзархат: У кнізе гаворыцца, што Ісус Хрыстос быў жанаты з Марыяй Магдалінай, што ў іх было дзіця…

«НН»: …і першаапосталам мусіла стаць Марыя Магдаліна.

БЭ: Гэта блюзьнерства. Гэта не адпавядае ні Сьвятому Эвангельлю, ні царкоўнаму паданьню.

«НН»: Браўн зазначае, што хацеў выклікаць дыскусію…

БЭ: Гэта камэрцыйная кніга, наўмысна разьлічаная на скандал. Дарэчы, масавая культура ня першы раз перакручвае хрысьціянства. Быў фільм з падобным сюжэтам — «Апошняе спакушэньне Хрыста». А наконт дыскусіі, то калі сатана спакушаў Хрыста ў пустыні — ён, мабыць, таксама разьлічваў на «дыскусію»?..

«НН»: Ці меў мастак права падобнае напісаць? Як жа свабода мастака…

БЭ: Кожны чалавек свабодны і вольны выбіраць, што рабіць. Але ёсьць яшчэ і адказнасьць. Калі аўтар кнігі шчыры хрысьціянін, то зь ягонага боку напісаць падобную кнігу — вар’яцтва. Калі ён проста не разумее, наколькі такі разьлік на скандал нябеспечны яму самому і ягоным чытачам… У мастака ёсьць свабода, але мусіць быць і адказнасьць.

«НН»: Кажуць, што выбух падобных кніг — туга па Сярэднявеччы…

БЭ: Гэта туга не па Сярэднявеччы, а па тым мітычным неразумным вобразе, які зьляпіў зь яго нехрысьціянскі дасьледчык.

«НН»: Ці будзе царква прымаць нейкія захады да кнігі Браўна?

БЭ: «Код да Вінчы» — гэта чарговы дробны выпад супраць царквы. Пэўная рэакцыя з боку царквы, безумоўна, будзе.

Занатаваў Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0