2005. Прадавец CD і Вялікдзень

Пасядзець у кавярні люблю. Зойдзеш, замовіш напой, пагаворыш са знаёмымі, гісторыі паслухаеш. На Вялікдзень сядзеў ды слухаў споведзь прадаўца кампактаў… «У войску ў першы месяц службы прымусілі траншэю капаць. Рыю-капаю, пот цурком, сілы скончыліся, а я рыдлёўкай махаю. Раптам… бачу сябе зьверху, як я стаю ў траншэі і капаю. Натуральна — сам на сябе гляджу з вышыні. Душа выскачыла, узьляцела ў неба і пазірае на цела. Маё «я» ўзьнялося разам з душою, абяздушанае цела засталося выконваць салдацкую работу. «Я» спалохалася вышыні і прымусіла душу вярнуцца ў салдацкае цела. Цяпер хай мне сто разоў скажуць, што душы няма, — не паверу. Можа, у некага няма, а ў мяне ёсьць, дакладна». Спрачацца з прадаўцом пірацкіх сідыдыскаў я ня стаў, напэўна, дзеля Вялікадня.

02.04.2005

2005. Макмілін і паветра

Брытанскі літаратуразнаўца Арнольд Макмілін піша грунтоўныя працы пра беларускую літаратуру і часам наведвае Беларусь. Арнольд у душы, напэўна, больш паэт, чым вучоны, бо патрэбу ў сваіх паездках да нас абгрунтоўвае жаданьнем падыхаць тутэйшым паветрам, і я разумею Арнольда.

06.04.2005

2005. Вова і кашаль

Па Беларусі хвалямі ходзіць эпідэмія пнэўманіі. Толькі з маіх знаёмых на яе цяжка хварэлі ажно чацьвёра — выкладчык Бабкоў, кулінар Харэўскі, лектар Жбанкоў і ягоная жонка. Перахварэў, нават у бальніцу трапіў, і наш унук Вова. Запаленьне лёгкіх — хвароба небясьпечная, бо празь недагляд можа скончыцца летальным канцом. Цяпер даводзіцца прыслухоўвацца да кожнага пакашліваньня нашага Вовачкі. Каб у Беларусі, як некалі ў старажытнай Японіі, былі капліцы «бога, які ратуе ад кашлю», я б абавязкова там памаліўся і зрабіў ахвярапрынашэньне.

08.04.2005

1990. Някляеў і маскі

Дзе б ты ні працаваў, а Новага году чакаеш. Чакаеш і рыхтуешся да яго. Працаваў я ў часопісе «Крыніца—Родник», дзе за галоўнага лічыўся паэт-песеньнік Някляеў. У кабінэце галоўнага я і ўбачыў кардонную скрынку. «Што за скрынка?» — «Падарункі на Новы год!» — крыва ўсьміхнуўся савецкі песеньнік. Мне належала два падарункі, для сына і дачкі. «Можна паглядзець і забіраць?» — «Паглядзі!» Расчыняю скрынку і гляджу, ад неспадзеўкі мяне ажно перакрывіла. Там ляжалі маскі, але зусім не карнавальныя і ня цацачныя — там былі гіпсавыя маскі, зьнятыя з твару самазабойцы. Скрыня поўнілася мёртвымі тварамі паэткі Янішчыц, якая загарнулася ў коўдру і скінулася з гаўбца. Зь Яўгеніяй Янішчыц у мяне былі цёплыя адносіны, але гэта зусім не азначае, што я мусіў узрадавацца, убачыўшы адбітак бяздушна-белага твару, таму, парушаючы субардынацыю, сказануў: «Жарт дурны!»

10.04.2005

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0