Анатоль Івашчанка
Чытачу
Нашто, чытач, чытаеш гэты
верш невядомага паэты,
што ўлез у пастку Кастанэды
праз пах галяндзкай цыгарэты?
Загнаны ў нетры Інтэрнэту,
ці ж мала ты чытаў дагэтуль
вэрсэтаў, хоку, трыялетаў,
на беразе сьмярдзючай Леты
сьвянцонай куляй зь пісталета
застрэлены? Твая вэндэта
ў радкох Старога Запавету
разьлітая. І ты, разьдзеты,
на першай паласе газэты,
што выдаецца для клязэтаў
у мэтах пагалоўнае асьветы
кабетаў у авальных кабінэтах.
▶
Аскепак слова
Севу Сьцебураку
Аскепак слова
захраснуў у глотцы,
думкі разьбегліся,
бы прусакі,
сяджу на лаўцы
п’яны й лысы,
пішу сабе
ад сябе радкі.
Мабіла ў кішэні
як дэтанатар,
на сэрцы казань,
у душах слата.
Страта розуму —
сьмешная страта.
«І ты ў бруд», — шапчу.
Поруч п’е гапата.
Кажуць, што людзі —
чорныя дзіры.
Людзі кажуць,
а ўсё пад дых.
Па мосьце шыбуе
атрад мыйдадзіраў
праз восень і сьнег
у камбэзах рудых.
У стане-на-выйсьці
ня пішуцца вершы,
у стане-на-здрадзе
ня смаляць бамбук.
Ты быў не апошнім,
на шчасьце, й ня першым
скінутым зь вежы
сьмешных навук.
Навошта ж, браце,
пароць гарачку
ды жлукціць з адной
біклагі абсэнт?
Сэнтымэнтальны мент
корміць качак,
пакуль на хакеі
яго прэзыдэнт.
Аскепак слова
захраснуў глыбока,
яго ня выбіць
і не запіць,
ён не ад злога
і не ад Бога…
Ён мяне жывіць,
а можа забіць.
кастрычнік
▶
* * *
колы ідуць ад поўні
колы ідуць ад дрэваў
скроні каханай помняць
вуснаў агмень forever
22 сакавіка
▶
вершnick
Ваназару
сьпяваюць падводныя струны
зь пяску праступаюць руны
з труны гараць ліхтары
на ўсход пасьпяшаюць літары
у горад вяртаюцца людзі
сканчаецца эра прэлюдый
палае вусатае пудзіла
і срэбра ляціць у грудзі нам
з-пад капытоў Пэгасаў
з гравюраў пэндзля Пікаса
зблытаны сэнсы й постаці
буда сядзіць на лотаці
ты ж проста ў вершы жывеш
ты — верш
▶
Горад Месяцу
горад-пялёстак
гарнецца да сонца
вільготнымі вейкамі дахаў
горад-прышч
надзімаецца каб пырснуць
гноем санлівых дзьвюхногіх
горад-віж
цікуе за намі
пражэктарам поўні
шпацыруеш
ня ведаючы што й сам
высочваеш кагосьці
Адэса, ліпень
▶
Slash-верш
«…нет тюрьмы страшнее, чем в голове»
В.Цой
унутраны кілер без замовы а так з нуды цэліць ва ўнутранага Далай-ламу й трапляе ў сябе // але Далай-лама ўсё адно канае бо не бывае каб унутраны кілер змазаў // хаця й не бывае каб ён страляў без замовы // і ўжо зусім не бывае каб без унутранага кілера
// ergo калі я набіраю гэтыя радкі то ўнутраны кілер не сканаў трапіўшы ў сябе // аднак немагчыма й каб ён не забіў страляючы // давай разважаць стрэл быў адзін забіты таксама адзін // (мажліва самы час увесьці ўнутранага К.Костнэра ў ролі ўнутранага целаахоўніка але ці варта займацца падобным кепствам) // а раптам Далай-ламы не было а было ну да прыкладу люстра // так люстра ці яшчэ горш не было ні кілера ні Далай-ламы ні стрэлу // хто ж тады сканаў // вырашаць табе ўнутраны чытачу
■