І як раней людзі жылі? Здавалі выпускныя экзамэны за курс сярэдняй школы толькі раз у жыцьці — па сканчэньні 11-й клясы. З уступнымі іспытамі было прасьцей — падавай дакумэнты ў якую-небудзь установу і здавай на здароўе. Цяпер пабываць у шкуры выпускніка — і заадно абітурыента — стала яшчэ лягчэй. Дастаткова зарэгістравацца для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставаньні — і наперад. Стыльрэдактар «НН» Сяргей Петрыкевіч адправіўся здаць тэст зь беларускай мовы.

Спартовы інтэрас

Той, хто хоча ашчадзіць капейку, можа дачакацца лета і прайсьці гэтую працэдуру бясплатна. Але калі вам захочацца акунуцца ў прыемна хвалюючы працэс праверкі ўласных ведаў яшчэ ўвесну, за кожны «сэанс» прыйдзецца выкласьці 19 900 руб. Затое ў вас будзе яшчэ другі шанец, а гэта, як кажуць, дарагога варта — калі вы, вядома, сапраўды сабраліся некуды паступаць.

Я, напрыклад, нікуды паступаць пакуль не сабраўся (другая вышэйшая, дый нават і сярэдняя спэцыяльная, адукацыя ў нас, на жаль, не бясплатная), але ў сёлетнім цэнтралізаваным тэставаньні вырашыў паўдзельнічаць. Матывы? Па-першае, цікава сама працэдура — у наш час мы, гуманітарыі, здавалі пераважна вусныя экзамэны. Штука неблагая, калі насабачышся, халяву на ёй добра лавіць можна, але ў першы раз (пры паступленьні) — стрэмна. Тэставаньне ў гэтым пляне — рэч куды спакайнейшая.

Па-другое, цікава ж праверыць узровень сваіх ведаў! Колькі іх там засталося пасьля трохгадовае працы ў «Нашай Ніве»? Як гэта стасуецца з патрабаваньнямі, што прад’яўляюцца да сучасных выпускнікоў і абітурыентаў? Ці ўдасца хоць якіх балаў сем набраць?..

Па-трэцяе, такое «экспэрымэнтальнае» тэставаньне можа быць карыснае на будучыню. А раптам не цяпер, дык у чацьвер усё ж надумаю куды паступаць? Так хоць буду ведаць, як яно і што.

Гульня на чужой тэрыторыі

Заставалася толькі выбраць, што здаваць і дзе. Наконт «што» доўга не вагаўся — родную беларускую мову. Трэба выбраць дзе. Вялікай розьніцы, дзе праходзіць тэставаньне, няма: заданьні аднолькавыя і ўмовы правядзеньня стандартныя. Ніякіх тэрытарыяльных абмежаваньняў таксама няма: можна дзеля экзотыкі ехаць хоць у які БарДУ. Я аддаў перавагу «альма-матэр» — БДПУ імя М.Танка. Усё-такі родныя сьцены. Але дулю з макам. За два зь лішкам тыдні да тэставаньня па беларускай мове (назначанага на 17 красавіка) месцаў там не засталося. Як, зрэшты, і на большасьць іншых прадметаў — толькі замежныя мовы і хімія. Што ж, папулярны наш унівэрсытэцік сярод абітурыентаў, і ня толькі, відаць, менчукоў — цэнтар, блізка ад вакзалу…

Замест месцаў вісеў нумар тэлефона для даведак (237-06-67). Праз колькі дзён я па гэтым тэлефоне пазваніў. Кансультацыю далі выключна вычарпальную, прычым супрацоўніца, пачуўшы мяне, адразу перайшла на прыемную, вельмі пісьменную беларускую мову. Аказалася, што засталіся мне на выбар тры сталічныя ВНУ — МДЛУ, БДЭУ і БДУІР. Я пайшоў у апошні.

Пяцікратны фэйс-кантроль

Рэгістрацыя на добраахвотнае (платнае) тэставаньне завяршаецца за тры дні, я зарэгістраваўся за шэсьць. Летась, чуў краем вуха, на этапе рэгістрацыі абітурыенты сутыкаліся зь немалымі праблемамі — у чэргах даводзілася стаяць па паўдня. Сёлета ж усё як сьлед: ні ў БДПУ, ні ў БДУІР я ніякіх натоўпаў не заўважыў.

Для рэгістрацыі вам спатрэбяцца дзьве рэчы — пашпарт (у каго няма, пасьведчаньне аб нараджэньні) і квітанцыя з банку аб аплаце паслуг Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў (тыя самыя 19 900). Пры рэгістрацыі даюць запоўніць анкету, дзе трэба, сярод іншага, указаць апошнюю навучальную ўстанову, якую закончылі, і год заканчэньня. Але ніякага дакумэнтальнага пацьвярджэньня гэтаму не патрабуецца.

З анкетай вы запаўняеце і ўласны пропуск на тэставаньне. Анкету ў вас забіраюць, а пропуск аддаюць. Зь ім, а таксама з пашпартам і той жа квітанцыяй вы і прыходзіце на сам тэст. Але ўзяць пашпарт куды важней, чым пропуск. Бяз пропуску вас на тэставаньне пусьцяць — калі што, выпішуць новы. А бяз пашпарта можна і ня сунуцца — кантроль за тым, каб асоба тэставанага адпавядала асобе таго, каму выдадуць сэртыфікат, вельмі жорсткі. Правяраюць ваш пашпарт разоў пяць, прычым уважліва глядзяць на фатаграфію. Так што арганізаваць так, каб за вас здаў тэст нехта іншы, дужа цяжка.

Мабільны біч

І вось настае гэты дзень — нядзеля (можа быць і субота). Пачатак аб 11-й, але зьявіцца просяць да 10.30, а лепш, я б сказаў, і яшчэ раней. Бо трэба будзе адстаяць некалькі чэргаў: перад корпусам навучальнай установы, потым яшчэ і ў гардэроб. У аўдыторыю, апроч дакумэнтаў, можна браць толькі ручку. Яна павінна быць гелевай ці капілярнай і абавязкова з чорным чарнілам. Справа ў тым, што правяраць тэст будзе ЭВМ, а ёй трэба, каб была вытрымана зададзеная кантраснасьць сымбаляў і фону.

Нумар аўдыторыі трэба паглядзець яшчэ на ўваходзе ў навучальны корпус — там вывешваюцца прозьвішчы тэставаных. Разьмеркаваньне па аўдыторыях адбываецца паводле альфавіту. Перад тым як заходзіць у аўдыторыю, наведайце прыбіральню — у часе тэставаньня ня пусьцяць. І правільна — каму трэба, каб аматары халявы карысталіся гэтай адмазкай для сваіх цёмных спраў.

Перад тым як запусьціць у аўдыторыю, у вас паглядзяць пашпарт, потым, калі вы падыдзеце да стала арганізатараў, зноў паглядзяць пашпарт, правераць па сьпісе. Калі ўсё ў парадку, прапануюць цягнуць… не білет, а паперку з указаньнем месца ў аўдыторыі. Усе рады ў аўдыторыях пранумараваныя, як і месцы ў радзе, — амаль як у кінатэатары. На паперцы будзе напісана накшталт «13/5» — 13-ты рад, 5-е месца. Менавіта такая камбінацыя мне і дасталася. Пляваць, што трынаццатае, паколькі я матэрыяліст і ня веру ў дурныя забабоны, але трохі нязручна — самы канец аўдыторыі.

Галоўны біч арганізатараў тэставаньня — мабільнікі. У памятцы ў пропуску, чорным па беламу (нават тлустым) напісана, што тэлефоны ў аўдыторыі праносіць строга забаронена. Але ж нясуць! Я таксама, як ні прыкра, не паслухаўся інструкцыі і ўзяў з сабой мабільнік. Здаваць яго ў гардэроб не хацелася, а ісьці на тэставаньне без мабільніка не выпадала — на рэшту дня ў мяне меліся грандыёзныя пляны.

Калі перад уваходам у аўдыторыю запыталіся, ці няма з сабой мабільніка, я схлусіў, што няма. Але арганізатары не супакоіліся. Перад пачаткам тэставаньня яны зрабілі адмысловае папярэджаньне: калі ў вас выявяць нават выключаны мабільнік і ня будзе ніякіх прымет, што вы зьбіраліся выкарыстаць яго для падману РІВК, вас усё роўна адхіляць ад далейшага ўдзелу ў тэставаньні. Пазьбегнуць такой пагрозы вельмі проста — дастаткова зараз жа здаць мабільнікі на захаваньне экзамэнатарам. Прапанова падалася мне дастаткова прывабнай, і я першы з аўдыторыі вырашыў яе скарыстаць. Сьледам за мной пацягнуліся і астатнія. Іх аказалася надзіва шмат. Спачатку экзамэнатарка, якая ўзяла на сябе клопат пра нашы мабільнікі, прымала іх дастаткова лагодна, але потым пачала аж стагнаць, злавацца і скардзіцца на ўпартасьць абітурыентаў: няўжо так цяжка выканаць элемэнтарную інструкцыю?!.

Антыканстытуцыйны валюнтарызм

У 11.07 усім раздалі блянкі адказаў, і пад кіраўніцтвам экзамэнатаркі мы ўзяліся запаўняць рэгістрацыйную частку. Усё б добра, толькі неўразуменьне выклікала прапанова рабіць гэта абавязкова на расейскай мове. Нейкі проста антыканстытуцыйны валюнтарызм.

Затым, пільна сочачы за адпаведнасьцю варыянтаў, абітурыентам раздалі аркушы з заданьнямі, засяклі час (11.30) — і пайшлі-пабеглі 110 хвілін, адведзеныя на выкананьне сарака заданьняў. 32 зь іх належаць да групы A (у іх трэба выбіраць правільныя адказы з прапанаваных), а восем — да групы B (тут трэба пісаць адказы словамі ў клетачках).

Пры выкананьні тэсту трэба сачыць ня толькі за правільнасьцю адказаў, але і за карэктнасьцю афармленьня. Правяраць вас будзе праграма, якая ня блішча штучным інтэлектам, а таму, хутчэй за ўсё, не зразумее адказу, калі вы зробіце штосьці ня так. Нават калі гэты адказ будзе правільны па сутнасьці. Таму пастаянна трэба турбавацца пра почырк — пісаць друкаванымі літарамі згодна з вызначаным узорам, пададзеным уверсе блянка адказаў. Добра, што ў большасьці заданьняў дастаткова ставіць крыжыкі!

Выкананьне ўсіх заданьняў заняло ў мяне гадзіну зь лішкам. Тым часам некалькі чалавек ужо пасьпелі здаць свае адказы.

З аўдыторыі, здаўшы адказ, так проста ня выйсьці — у вас зноў правераць пашпарт. А раптам за час тэставаньня вы там здолелі неяк падмяніцца? Давярай, але правярай!

Ці складаны быў тэст? Жыць можна. Хоць некалькі заданьняў выклікалі сумненьні і ваганьні. Вось гэтыя моманты:

1) у слове памянуты націск на другім ці на трэцім складзе? Аказалася, усё-такі на другім, як я і падумаў, што несуменна цешыць;

2) ці ўтвораны дзеяслоў асадзіць прыставачна-суфіксальным спосабам, ці, можа, нейкім іншым?.. Паспрабуйце высьветліць самі, а я так канчаткова і не разабраўся, бо апанавала лянота;

3) стылю ці стыля (форма р. скл. адз. л.)? У мяне былі падазрэньні, што паводле афіцыйнага правапісу ўсё ж стыля… і яны аказаліся цалкам няслушнымі;

4) падчас пісаць разам ці асобна? А хто іх ведае, пішуць, як правіла, разам, але ў значэньні прыназоўніка строгай адназначнасьці і адзінай думкі мовазнаўцаў, здаецца, і няма.

Словам, памылак пяць у мяне цалкам магло быць, а магчыма, і больш — ад такіх рэчаў лепш не заракацца. Паколькі да таго ж невядома, якую вагу будзе мець кожная памылка (гэта залежыць і ад складанасьці канкрэтнага заданьня), то прадказаць канчатковую ацэнку не бяруся. Што будзе, убачым праз два тыдні — менавіта праз такі тэрмін выдаюць сэртыфікат.

Экспэрымэнт завершаны, і вынікі я ацэньваю станоўча: здаваць тэставаньні мне спадабалася. Удалая ўсё-такі прыдумка. Але вось цікава — а колькі балаў можна набраць, калі ты ў прадмеце зусім нічога не сячэш, а будзеш выбіраць адказы выключна мэтадам тыку? Можа, схадзіць яшчэ на матэматыку?..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0