16—17 красавіка стартаваў 15-ты нацыянальны чэмпіянат Беларусі па футболе. Цэнтральны матч туру быў згуляны ў Салігорску: уладальнік Кубку Беларусі «Шахцёр» прымаў віцэ-чэмпіёна барысаўскі БАТЭ. У суботу карэспандэнт «НН» адправіўся на сталічнае дэрбі: на стадыёне «Трактар» менскае «Дынама» перамагло МТЗ-РІПА 1:0.

Урэзаны сэзон

Цікавасьць да чарговага футбольнага сэзону нарадзілася да яго пачатку. Закончыла сэзон 16 клюбаў. На зьмену двум няўдачнікам прыйшлі пераможцы чэмпіянату ў першай лізе — менскі «Лякаматыў» і рэчыцкі «Ведрыч-97». Аднак на старт першынства выйшлі 14 клюбаў.

«Ведрыч-97» ня мае дастаткова сродкаў, таму вырашыў застацца ў першай лізе. Навошта спадзявацца на «а раптам», а потым цэлы сэзон хадзіць у аўтсайдэрах? Адметна, што ў 2002 і 2003 г. «Ведрыч» таксама ўдала стартаваў у першынстве першай лігі, доўгі час лідзіраваў, але ў сярэдзіне сэзону агледжваўся, бачачы, чым «небясьпечны» выхад у эліту, і збаўляў абароты. Летась рэчыцкія футбалісты «агледзеліся» толькі ўвосень, калі дагнаць было немагчыма нават тэарэтычна.

Празь фінансавыя цяжкасьці разьвіталася з элітай менскае «Тарпэда-СКА» — яно пераведзена ў другую лігу.

Стартаваў таксама чэмпіянат у першай лізе, Тут, беручы пад увагу «Ведрыч», мусіла гуляць 17 каманд, але «Маладэчна-2000» добраахвотна перайшло ў другую лігу, дзе грашовы ўнёсак значна ніжэйшы (25 млн руб. супраць 33 млн). А калі ўзьнікаюць цяжкасьці з пошукам нават такіх сродкаў, то што казаць пра сталае фінансаваньне хранічна беднага клюбу?

У чарзе

У сталіцы чэмпіянат адкрываўся дэрбі між МТЗ-РІПА і «Дынама». Інтрыгі паядынку дадавала тое, што пры канцы году з БАТЭ на трэнэрскі масток МТЗ перайшоў самы пасьпяховы беларускі спэцыяліст — Юры Пунтус (да таго ж трэнэр моладзевай зборнай). Ён прыхапіў з сабой памочніка Юр’я Пудышава і некалькі футбалістаў. Паводле слоў экспэртаў, клюб мае някепскія віды як на п’едэстал, так і на кубак Беларусі (МТЗ гуляе ў паўфінале).

Каб і ня ведаў дарогі на «Трактар», знайсьці яе было б ня цяжка. На станцыі мэтро «Трактарны завод» з вагонаў высыпала гурма дынамаўскіх фанаў: нехта ў сініх куртках з эмблемай клюбу, нехта з размаляванымі ў бела-сінія колеры тварамі, рэшта задаволілася фірмовым дынамаўскім шалікам.

Я прыйшоў за дваццаць хвілін да пачатку гульні — і ўбачыў велізарную чаргу, што вілася вакол галоўнай трыбуны. Хоць і было журналісцкае пасьведчаньне, вырашыў адстаяць, як усе. Да таго ж квіток быў недарагі — 3 тыс.

Заўзятары дружна лаялі арганізатараў матчу: «Бардак! Пачатак сэзону, субота, а на 17-тысячным стадыёне (за матчам паводле прададзеных квіткоў назіралі 5 600 гледачоў — А.Р.) працуе адна (!) каса». І тут жа супакойвалі адзін другога: «Ну, спозьнімся на 20 хвілін — такой бяды. Нічога цікавага ў першым тайме ў нас усё роўна не адбываецца». Хоць нечым наш чэмпіянат падобны да ангельскай прэм’ер-лігі, дзе большасьць мячоў забіваецца пры канцы гульні.

Праўда, празь пяць хвілін пасьля стартавага сьвістка адчыніліся яшчэ два пункты продажу білетаў. Аднак самыя нецярплівыя, не дачакаўшыся, пакінулі чаргу. Яны разьмясьціліся за агароджай стадыёну па пэрымэтры паўночнай і усходняй трыбунаў. Такім чынам, за футболам бясплатна назіралі яшчэ пад тысячу заўзятараў.

На гульні

Калі я падымаўся на трыбуну, гадзіньнік паказваў 16.15. Палова тайму сапраўды падалася сумнай. Хіба толькі саліраваў бразыльскі легіянэр «Дынама» Эду, які змагаўся за кожны мэтар поля. А вось іншы «замежнік», чэх Давід Зоўбэк, глядзеўся млява і быў у другім тайме заменены на больш энэргічнага баўгарына Петра Злацінава.

Разганялі сум хіба фанаты. Два дзясяткі тыфозі «трактарыстаў» імкнуліся перакрычаць чатыры сотні фанаў «Дынама». Але ў другім тайме лепш арганізаваны дынамаўскі хор усё ж перакрыў заўзятараў МТЗ.

Публіка на стадыёне — самая розная: дзеці, студэнты; маладыя мамы зь дзеткамі, якія раз-пораз тэлефанавалі мужам і паведамлялі апошнія весткі з поля; нават салідныя чыноўнікі.

Побач са мной разьмясьціўся заўзятар «Дынама» — 65-гадовы дзядзька з рэдкім сівым пушком на галаве і даўно ўжо не здаровы. Ён блізка да сэрца прымаў усе падзеі на полі і час ад часу лез у кішэню па валідол.

Пры канцы тайму публіка, засумаваўшы па забітых мячах, стала крычаць: «Юра, выходзь сам!» Летась трэнэр «Дынама» Юры Шуканаў быў важаком каманды і на футбольным полі. Як тыгр, сноўдаў ад лавы трэнэраў да краю поля і ў зваротным кірунку Юры Пунтус. Нібы гэта быў ня матч беларускага чэмпіянату, а паўфінал Лігі чэмпіёнаў.

Нават дождж зьлітаваўся над заўзятарамі. Пару разоў спрабаваў нясьмела пайсьці, але, убачыўшы, што большасьць прысутных сядзіць без парасонаў, засаромеўся і сыпануў толькі праз паўгадзіны пасьля матчу.

У другім тайме гульня пайшла весялей. Атакавала і МТЗ, і «Дынама», у сярэдзіне другога тайму «Дынама» нанесла небясьпечны ўдар па варотах. «А шчасьце было так блізка, — з сумам канстатаваў мой сусед і з надзеяй дадаў: — Але гэта толькі пачатак».

«Трактарысты» праз колькі хвілін нанесьлі прыцэльны ўдар па машыне хуткай дапамогі. Выглядала на тое, што матч коціцца да баявой нічыёй. Заўзятары масава пацягнуліся да выхаду. Але чэмпіёны на 91-й хвіліне рэалізавалі стандарт. І Дзьмітры Чалей з падачы са штрафнога Віталя Валадзянкова не спудлаваў. Увесь стадыён радасна ўзьняўся — 0:1. «Дынама» атрымала гасьцявую перамогу.

Нічога выпадковага

На пасьляматчавай прэс-канфэрэнцыі галоўных трэнэраў на настаўніка МТЗ было цяжка глядзець: Юры Пунтус сядзеў змрочны, нібы навальнічная хмара. Ён прыйшоў за некалькі хвілін да свайго калегі і моўчкі сядзеў, утаропіўшыся ў падлогу. «Прайграць на сьцяжку вельмі непрыемна. Але гэта нашы ўнутраныя сямейныя праблемы — шукаць, хто вінаваты. Гэта быў першы матч, усё толькі пачынаецца».

Трэнэр «Дынама» Юры Шуканаў таксама асаблівай эйфарыі ад перамогі не адчуваў: «Ня ўсё ўдавалася ў атацы, і нечакана для мяне правалілася сярэдняя лінія». Праўда, калі адзін з журналістаў спытаў, ці не выпадковым быў гол Чалея, трэнэр «Дынама» запярэчыў: «У атацы нічога выпадковага не бывае».

Памыляюцца тыя, хто лічыць, што беларускае ўнутранае першынство — рэч абсалютна нецікавая. Адна справа — назіраць матч па тэлевізары, а другая — ужывую. Так, гэта не бундэсьліга, і нават не першынство Шатляндыі, але ёсьць на што паглядзець. Так што калі ў выхадныя (а матчы будуць праходзіць збольшага ў суботу і нядзелю) ня ведаеце, куды сябе падзець, ідзіце на футбол. Час ляціць даволі хутка.

Хоць на тым «Трактары» ёсьць шэраг «недапрацовак». Піва можна папіць хіба толькі за агароджай. З пляшкай, што цалкам правільна, на матч не пускаюць, а плястыкавага посуду пакуль няма. Затое дыктар робіць абвесткі па-беларуску. Мова яшчэ ня чыстая, але мы таксама калісьці пачыналі. Дый мат на першым матчы туру быў больш чуваць не з трыбун, а футбольнага поля. Гульцы «радзілі» адзін аднаму, як лепей разьмясьціцца на полі і куды бегчы пасьля ўдару па мячы.

У выхадныя будзе адкрыты чэмпіянат на сталічным стадыёне «Дынама». У нядзелю аднайменны менскі клюб згуляе з мазырскай «Славіяй». У гэты ж дзень таксама згуляюць БАТЭ — «Дарыда» (Ждановічы) і «Гомель» — МТЗ-РІПА. Днём раней, у суботу, пройдуць наступныя сустрэчы: «Зорка-ВА-БДУ» (Менск) — «Нёман» (Гародня). Матч на стадыёне «Трактар». «Тарпэда» (Жодзіна) — «Лякаматыў» (Менск), «Нафтан» (Наваполацак) — «Дынама» (Берасьце), «Шахцёр» (Салігорск) — «Дняпро-Трансмаш» (Магілёў).

Першы гол 15-га чэмпіянату Беларусі забіў паўабаронца салігорскага «Шахцёра» Міхаіл Пацко. Ён пацэліў па варотах БАТЭ ўжо на трэцяй хвіліне сустрэчы.

Паводле заявак каманд на 16 красавіка, у вышэйшай лізе гуляе 61 легіянэр. 25 прадстаўляюць Украіну, 24 — Расею, 3 — Армэнію, 2 — Баўгарыю, па аднаму — Бразылію, Грузію, Камэрун, Літву, Малдову, Таджыкістан, Чэхію. Найболей легіянэраў у «Дняпры-Трансмашы» — 13 гульцоў з Украіны. Безь легіянэраў заявіліся БАТЭ, «Шахцёр», «Зорка-ВА-БДУ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0