Ніязаў хоча сысьці

Пажыцьцёвы прэзыдэнт Туркмэністану Сапармурат Ніязаў заявіў, што ў 2009 годзе зьбіраецца падаць у адстаўку. Пра гэта ён заявіў у сераду на сустрэчы са старшынём АБСЭ Дзьмітрыем Рупэлем, які зьдзяйсьняе паездку па Цэнтральнай Азіі. Ніязаў запэўніў міністра замежных спраў Славеніі, што праз чатыры гады у краіне будуць праведзены выбары, аднак сам ён вылучацца ня будзе: «Грамадзтва падрыхтавана да таго, каб зрабіць крок насустрач павевам часу».

Ніязаў кіруе сваёй краінай фактычна цягам дваццаці год — калі ў 1985 г. стаў першым сакратаром ЦК кампартыі рэспублікі. Потым ён стаў прэзыдэнтам незалежнай краіны і некалькі разоў падаўжаў паўнамоцтвы. Цяпер надумаў сыходзіць, калі, вядома, «дазволіць» Народны сход, што мае прайсьці ўвосень.

АГ

Рэстытуцыя па-швэдзку

Швэдзкі ўрад даў загад усім этнаграфічным, гістарычным і мэдыцынскім музэям краіны тэрмінова правесьці інвэнтарызацыю з мэтай росшуку ўсіх чарапоў і шкілетаў, што належаць прадстаўнікам народаў Азіі, Афрыкі і Паўднёвай Амэрыкі. Усё, што знойдуць, задарма перададуць у краіны паходжаньня. Робіцца гэта ў мэтах ліквідацыі гістарычных вынікаў расізму. Год таму па просьбе ўраду Аўстраліі Швэцыя перадала шкілеты абарыгенаў, а музэй нарвэскага Осла на запыт дэпутатаў народу саамі павяртаў ім чарапы іх правадыроў XVII—XVIII ст.

Кар. «НН» у Швэцыі Андрэй Катлярчук паводле «Svenska Dagbladet»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0