Тое, што новым папам стане баварац Ёзаф Ратцынгер, можна было спрагназаваць задоўга да канкляву. Адзін з самых уплывовых сяброў Рымскае курыі, дэкан калегіі кардыналаў, які цягам 23 гадоў ачольваў Кангрэгацыю па пытаньнях веры, быў найбліжэйшым паплечнікам Яна Паўла ІІ. Ніякага сюрпрызу не адбылося. Артыкул Сяргея Харэўскага.

Аднак земляка «БМВ» абралі з трэцяга заходу. Гэта азначае, што рэальная альтэрнатыва яму была. Колькі гадоў таму называлася кандыдатура італьянца Карла Марыя Мартыні, былога арцыбіскупа Міляну, якога ўважаюць за рэфарматара. Але ў 2002 г. ён захварэў на хваробу Паркінсана. Магчымым было выбраньне біскупа Лісабону Жазэ да Круш Палікарпа, надзвычай адукаванага й папулярнага сьвятара, у асобе якога бачыцца повязь Эўропы з Лацінскай Амэрыкай. Аднак ён яшчэ мала абазнаны ва ўласна рымскіх справах. Дый колькасьць кардыналаў з Новага Сьвету, нягледзячы на тое што там жыве амаль палова каталікоў сьвету, пакуль замалая. Рэальнай альтэрнатывай пэрсоне Ратцынгера быў мілянскі біскуп Тэтаманцы, што, як і Мартыні, зьяўляецца прыхільнікам зьмен у каталіцкай царкве. Таму выбар быў натуральным — пераемнасьць, традыцыя, цьвёрдасьць.

Але публіка прагнула відовішча. Хапала розных спэкуляцый, некаторыя спрытныя дзялкі нават прымалі букмэкерскія стаўкі, а ў Бэльгіі ў адной краме даўмеліся абяцаць вяртаньне грошай за пакупкі, калі папам стане бэльгійскі кардынал. Італьянцы не хавалі свайго расчараваньня, што папам ня стаў іх зямляк, іншыя шкадавалі, што не абралі афрыканца ці індзейца. Усе аднадушна адзначаюць «кансэрватызм» баварца Ратцынгера.

Сутнасьць спрэчак паміж «рэфарматарамі» й «кансэрватарамі» тычыцца праблемаў дэмакратызацыі ўнутрыцаркоўнае арганізацыі, рэфармаваньня навучаньня й моваў набажэнстваў, пытаньняў біяэтыкі (у тым ліку кланаваньня), сэксуальнасьці (у тым ліку гомасэксуалізму), эмансыпацыі жанчын.

Спрэчка паміж двума лягерамі тычыцца таксама й экумэнізму. Прыхільнікі Ратцынгера лічаць, што ў «экумэнічным запале» пасьля ІІ Ватыканскага сабору справа дайшла да пагрозы асновам хрысьціянскае веры. У той час як у лягеры мілянцаў Мартыні й Тэтаманцы лічаць, што касьцёл мусіць працягваць практыку міжрэлігійных сустрэч і супольных малітваў, а таксама супольнае працы, што можа прынесьці «толькі дабро».

«Мяне не засмучае тое, што Ян Павал ІІ не наведаў Расею», — заявіў у інтэрвію італьянскай газэце Corriere della Serra расейскі патрыярх Аляксій ІІ. Ён адно пашкадаваў, што не адбылася іхная пэрсанальная сустрэча, якая мелася адбыцца ў аўстрыйскім Грацы ў 1997 г. Тады ў апошні момант РПЦ сарвала спатканьне, вылучыўшы ўльтыматум — хай найперш Ватыкан асудзіць празэлітызм і адрыне практыку уній з усходнімі цэрквамі. Маскоўскі патрыярхат спадзяецца, што гэта зробіць заступнік Яна Паўла на сьвятым пасадзе. Што ж, убачым, ці дамовяцца спадары Рыдыгер (Аляксій ІІ) са спадаром Ратцынгерам (Бэнэдыктам ХVI)…

Сваю непахіснасьць у пытаньнях веры й маралі Ёзаф Ратцынгер ужо даказаў на практыцы, калі ў 2002 г. падаў у адстаўку ў сувязі са скандалам вакол сьвятароў-пэдафілаў у Амэрыцы. Гэты факт у ягонай біяграфіі сьведчыць пра тое, што цяпер Ватыкан будзе куды больш пільным і абачлівым. Часы безагляднага даверу мінаюць.

Урэшце, а што чакалася ад папы? Так, цяжка ўявіць баварца Ратцынгера, які сядзіць у вігваме з індзейцамі або вітаецца з кенгуру, што рабіў адкрыты да сьвету Ян Павал. Так, гэта зусім іншы чалавек, чым Вайтыла. Можа быць, ён выглядае надта суворым і празь меру сур’ёзным. Але хіба ён поп-зорка, што мусіць падабацца ўсім? Пантыфік перадусім мусіць стаяць на варце пытаньняў веры й каталіцкае маралі. Тым, каму цесна ў гэтых межах, вольныя ў сваім выбары.

Балазе, сёньня ніхто нікога ня паліць на вогнішчы. Нехта актыўна выступае за легалізацыю наркотыкаў і гомасэксуальных шлюбаў, іншыя — за сьмяротную кару і неабавязковасьць сьвятарства. Але гэта ўсё магчыма сёньня толькі па-за межамі каталіцкае царквы. Калі ж царква ўступіць у дыскусію па гэтых пытаньнях — у чым тады сэнс яе інстытуту?

Новы папа выбраў сабе імя Бэнэдыкт. Дэвізам гэтага сьвятога было «Ora et labora» («Маліся й працуй»). Наагул, гэта быў вельмі суворы й аскетычны сьвяты, што праславіўся шмат якімі цудамі. Праславіўся ён і сваім лютым змаганьнем з паганствам. Але перадусім ён заснаваў на гары Монтэ-Касіна, на месцы былое паганскае сьвятыні, кляштар, які вызначаўся надта суворымі рэгуламі. Сам Бэнэдыкт нармаваў, колькі каму спаць, есьці й піць. Але найперш працаваць да зьнямогі. Гэта ён перасьцерагаў: «Гультайства — вораг душы!»

Апошні папа, які прыняў такое імя, — Бэнэдыкт XV (Джакома дэля К’еза), што заняў пасад Сьвятога Пятра празь месяц пасьля пачатку Першай сусьветнай вайны, праславіўся як нястомны змагар за мір. Ён быў здольны й гнуткі дыплямат, як здолеў зрабіць шмат дзеля выратаваньня сотняў тысячаў людзей ад сьмерці — палонных і ўцекачоў. Бэнэдыкт XV горача вітаў прагу народаў да свабоды й незалежнасьці. Яшчэ пры ягоным жыцьці ў Турцыі (!) яму быў пастаўлены помнік за ягоны гуманізм. Незадоўга да сваёй сьмерці ён заклікаў сьвет выратаваць ад голаду людзтва ў бальшавіцкай Расеі. Вось такога сабе папярэдніка абраў Ёзаф Ратцынгер. Таму некарэктна бясконца паўтараць без двукосьсяў журналісцкія цэтлікі «непрымірымы кансэрватар». Ватыкан — не Беларусь, дзе адзін чалавек можа кіраваць усім, ад культуры да фінансаў. Гэта найскладанейшая й адладжаная машына. Ратцынгер амаль увесь час пантыфікату Яна Паўла ІІ быў поруч зь ім. Таму ніякага канфлікту ці закалотаў у сярэдзіне такой глябальнай арганізацыі не прадбачыцца. Пагатоў некарэктнымі падаюцца й бясконцыя цытаты пра тое, што гэты стары чалавек (78 гадоў) выбраны ненадоўга. Старое дрэва доўга рыпіць.

Пагатоў мала будуць заўважныя зьмены ў каталіцкім касьцёле ў Беларусі. Бо ён традыцыйна вельмі кансэрватыўны й гвалтоўна, праз пануючы ў Менску рэжым, ізаляваны ад шырокага сьвету. Адно, што можна прадбачыць напэўна, — гэта абвастрэньне адносінаў паміж касьцёлам і ўладамі. Лукашэнка ўжо даў старт гэтай кампаніі канфрантацыі ў сваім апошнім «пасланьні».

Інаўгурацыйная імша новага папы рымскага Бэнэдыкта XVI пройдзе ў нядзелю, 24 красавіка раніцай на плошчы Сьвятога Пятра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0