«Гадзіць, груба кажучы, нікому не зьбіраюся, — сказаў В.Фралоў. — Бачу трох кандыдатаў, гатовых перамагчы Лукашэнку». На гарадзенскай канфэрэнцыі найбольш галасоў набралі Мілінкевіч і Шушкевіч. Сяргей Максімовіч — з Горадні.

Абласная канфэрэнцыя дэмакратычных сілаў адбылася ў Горадні ў нядзелю 24 красавіка. На ёй галасавалі за прэтэндэнтаў на ролю адзінага кандыдата ад апазыцыі на будучых выбарах. Прысутнічалі 86 з абраных 101 дэлегата, удзельнічалі ў галасаваньні 83. У гарадзенца Аляксандра Мілінкевіча 57 галасоў, у Станіслава Шушкевіча — 49, у Сяргея Калякіна — 32, у Анатоля Лябедзькі — 25. Самавылучэнцы атрымалі меней чым па 10 галасоў.

Прыклад акадэмікаў

Апроч двух лідэраў, вынікі галасаваньня, безумоўна, пацешылі С.Калякіна, але не маглі асабліва задаволіць А.Лябедзьку, які, дарэчы, сам адсутнічаў.

Выступіць на канфэрэнцыі далі таксама аднаасобнікам — Аляксандру Вайтовічу, Уладзімеру Коласу і гарадзенцу Валер’ю Фралову. Гаварылі яны па дзесяць хвілінаў, як і ўсе астатнія.

А.Вайтовіч сказаў, што ягоная мэта — зьмена палітычнай сытуацыі ў краіне. Умовы для гэтага існуюць, бо шырокія слаі насельніцтва не задаволеныя цяперашнімі парадкамі. А.Вайтовіч прывёў прыклад агульнага сходу Акадэміі навук, які адбыўся ў мінулы чацьвер. На ўдзельнікаў быў аказаны жорсткі прэсінг, каб навязаць зьмены ў статуце акадэміі. Аднак удзельнікі не пабаяліся, адкрытым галасаваньнем выказаліся супраць. Але, падкрэсьліў выступоўца, неабходна скалануць грамадзтва і знайсьці згоду паміж усімі прэтэндэнтамі, якія хочуць выступіць кандыдатамі.

Воплескі генэралу

У.Колас сказаў, што адчувае сябе крыху няёмка, бо не падпісаў агульнай заявы прэтэндэнтаў. Але, маўляў, мы павінны адрозьнівацца ад рэжыму, які робіць прэсінг на тых, хто ня зь ім. Чаму яны, незалежныя кандыдаты, ня маючы структур, усё ж ідуць у кампанію? Бо, на ягоную думку, у прадстаўнікоў партый няма вялікіх шанцаў на выбарах. Коласава пазыцыя: трэба шукаць фігуру нэўтральную, якая будзе выклікаць сымпатыі ўсяго грамадзтва. У.Колас прыгадаў, што на мінулых выбарах гарадзенцы далі аднаго з важкіх кандыдатаў… Далей ён сказаў, што, можа, пацісьне руку таму, хто з кандыдатаў выйдзе наперад, але магчыма, што яму самому працягнуць руку. «Будзем разам, і мы пераможам, — скончыў У.Колас. — Жыве Беларусь!»

«Крыху дзіўна ў якасьці госьця выступаць у родным горадзе», — пачаў генэрал Валеры Фралоў. Ён сказаў, што добра ведае А.Мілінкевіча, і заклікаў дэлегатаў галасаваць за яго. Удзельнічаць у выбарах паводле дзейнага кодэксу бессэнсоўна, лічыць В.Фралоў, таму ён паспрабуе ініцыяваць рэфэрэндум аб зьмене выбарчага заканадаўства. «Гадзіць, груба кажучы, нікому не зьбіраюся, — сказаў В.Фралоў, — хаця ў палітыцы сяброў няма». Ён сказаў, што намерваецца сур’ёзна працаваць. Дарэчы, генэрал першым атрымаў воплескі ўдзельнікаў канфэрэнцыі.

Зломкаў аддзяліць

У кулюарах генэрал Фралоў сказаў, што бачыць трох чалавек, здольных перамагчы Лукашэнку. Аднак, на ягоную думку, гэтыя трое маюць мала шанцаў на вылучэньне адзіным кандыдатам на Нацыянальным кангрэсе. Але калі хтосьці з гэтых трох пройдзе, генэрал Фралоў гатовы працаваць на яго.

С.Шушкевіч заклікаў вылучыць тых людзей, якія маюць большую імавернасьць выбраньня, а ня тых, хто падабаецца табе асабіста. Ён таксама заклікаў «зломкаў, недацёп аддзяліць», выкрасьліць зь бюлетэняў. Каб на кангрэсе былі тыя, хто ня будзе псаваць… С.Шушкевіч не пагадзіўся з тымі, хто асуджае партыі. Паколькі ўсе рэпрэсіі — на іх, бо яны адкрыта змагаюцца за ўладу і іх становішча цяжкае. Ён сказаў, што пра сябе гаварыць ня будзе, і зазначыў, што яму спадабаўся выступ А.Вайтовіча. На агульным сходзе Акадэміі сам С.Шушкевіч ня быў, але яму даспадобы, што яго ўдзельнікі фактычна выказалі адкрыты пратэст.

А.Мілінкевіч прызнаўся, што адчувае сябе сярод гарадзенцаў больш упэўнена. Ён зрабіў экскурс у 2001 год — тагачасныя прэзыдэнцкія выбары сталі выдатнай школай. Перад імі была створана ва ўсіх абласьцях кааліцыя «Рэгіянальная Беларусь». А.Мілінкевіч прызнаўся, што сёлета аб’ехаў усю Беларусь.

Пераходная фігура

Замест адсутнага з паважнай прычыны А.Лябедзькі выступаў Станіслаў Багданкевіч. Ён у пэўнай ступені рэклямаваў А.Лябедзьку, гаворачы, што той выступае супраць рэжыму «з адкрытым забралам», спрабуе адстойваць дэмакратычныя пазыцыі на міжнароднай арэне, а таксама дбае пра тое, каб ізаляваць рэжым. «Ня столькі інтэлектуал патрэбен, колькі баец, трыбун, публіцыст», — гаварыў С.Багданкевіч. Ён яшчэ зазначыў, што гэта павінна быць «пераходная фігура». «Мне падабаецца Лябедзька, бо чысты інтэлігент мае менш шанцаў на перамогу», — працягваў выступовец. Ён, праўда, адзначыў, што на кангрэс трэба вылучыць некалькіх кандыдатаў, і яшчэ раз нагадаў, што А.Лябедзька «гатовы да самаахвярнасьці, да барацьбы». Дарэчы, на канфэрэнцыі раздавалі друкаваны зварот А.Лябедзькі да дэлегатаў, а таксама ягоны буклет. Можа, гэта якраз спрацавала адваротным чынам.

Свой нядоўгі выступ самавылучэнец дацэнт зь Менску Валеры Арцішэўскі скончыў словамі аб тым, што ён «гатовы ў імя таго, каб мара ператварылася ў рэальнасьць, працаваць на любога кандыдата».

Кангрэс пад адкрытым небам

Апошнім выступаў Сяргей Калякін. Ён зазначыў, што краіну і народ могуць выкінуць на абочыну гісторыі.

«А.Лукашэнка разважае пра тое, ці будзе ён кіраваць у 2015 годзе. Наша задача — каб ён перастаў кіраваць у 2006 годзе», — падкрэсьліў С.Калякін. На яго думку, большасьць насельніцтва жадае выбраць іншага чалавека. Але ажыцьцявіць гэта будзе «па сілах супольнаму кулаку дэмакратычных сіл». Ён мяркуе, што 80% дэмакратычных сіл уцягнуты ў працэс і, калі нават 50% будуць працаваць на адзінага кандыдата, будзе магчымасьць перамагчы. С.Калякін зазначыў, што лепшых правілаў для выбарчай кампаніі ня варта чакаць, бо Лукашэнка «не самагубца». Але, «каб лукашызм скончыўся, трэба пераступіць цераз партыйныя прыхільнасьці». Кіраўнік ПКБ, дарэчы, таксама атрымаў воплескі. Не ў апошнюю чаргу таму, што нагадаў пра досьвед КПЗБ і партызанаў — асабліва калі Нацыянальны Кангрэс будзе праводзіцца напаўлегальна.

Усе ўдзельнікі гаварылі пра тое, што Кангрэс дэмакратычных сілаў неабходна правесьці чым хутчэй, і не пазьней за ліпень—жнівень — каб мець час на раскрутку адзінага кандыдата. Пагатоў, калі давядзецца праводзіць кангрэс дзесьці пад адкрытым небам, нельга цягнуць да халадоў і дажджоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0