Украінскія тавары шырэй пранікаюць у Беларусь. Кірмаш у Хмяльніцкім цалкам замяніў варшаўскі стадыён. Аўтобусныя паркі павялічваюць колькасьць рэйсаў у гэты ўкраінскі горад, адкуль беларусы цягнуць танныя рэчы. Зь бядотнай суседкі (гаворачы словамі БТ) — у квітнеючую Беларусь. Назірае Руслан Равяка.

Разам з тымі рэчамі трапляе да нас і ўкраінская мова. Надпісы па-ўкраінску маюцца на ўсіх таварах, абгортках і пакунках. Прадпрымальнікі ўжо вольна чытаюць на ёй, вельмі хутка вывучыўшы яе без прымусу — дарэчы, як некалі й польскую. Прадавец лёгка чытае і тлумачыць пакупніку кампанэнты парфумы, спосабы ўжываньня шампуню. Нікога ня зьдзівіш украінскімі надпісамі на турэцкіх, кітайскіх прадуктах.

Законы Ўкраіны прымусілі ўкраінізавацца ня толькі заходніх вытворцаў, але і расейцаў. Дарма што на расейскіх каналах плявузгаюць пра забарону вывучэньня расейскай мовы ў Кіеве, амаль на ўсіх таварах расейскага паходжаньня ёсьць украінскія надпісы. Грошы й капітал перамагаюць палітыку. А магчыма, палітыка заплюшчвае вочы на бізнэс, жывячыся з тых самых сродкаў ад продажаў ва Ўкраіне.

Беларускія фірмы таксама хутчэй украінізуюцца, чым беларусізуюцца. Прыклад — пінскія запалкі, на пушачках якіх зьмешчана налепка цалкам на ўкраінскай мове. Нашы марозіва, чыпсы, шакаляд маюць на абгортках расейскія і ўкраінскія тэксты. Некаторыя фірмы (збольшага беларускія, а не расейскія) дапісаліся да таго, перад расейскім надпісам ставяць два значка: RUS, BY. Недзе ніжэй ідуць надпісы па-ўкраінску, польску, чэску, славацку.

Забыўшыся на беларускую мову, нашы вытворцы вельмі хутка асвоілі моўнае заканадаўства суседняй краіны. Украінізацыя пасьпяхова рэалізуецца на прадпрыемствах Гомелю і Берасьця. Зыходзячы з гэтага, відавочна, што беларусізацыя пойдзе шпаркім крокам, як толькі дзяржава пачне надаваць гэтаму пэўную ўвагу. Пакуль, на жаль, у нас адбываецца адваротнае…

Як гэта ні парадаксальна, украінізацыя мае станоўчыя вынікі для Беларусі. Вытворцы расейскага соку «Мая сям’я» ці макароны «Шабекінскай», зыходзячы з украінскага вопыту, пераклалі адразу і на беларускую мову свае надпісы на ўпакоўцы. Расейскія фірмы, каб не дурыць сабе галавы беларускім заканадаўствам, лягічна мяркуць, што калі ёсьць незалежная дзяржава, дык і родная мова тамака мае лепшае становішча. Памыляюцца расейцы. Дзякуй за гэта ўкраінцам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0