ПДВ павысяць

Урад абмярковае магчымасьць значнага павышэньня ПДВ. Цяпер гэты падатак складае 18%. Пры гэтым падаткі з абароту будуць зьніжаны. Зробяць гэта для таго, каб захаваць аб’ём цэнтралізаваных сродкаў, якія ідуць на выкананьне амбітных дзяржаўных праграм. Новы прынцып спагнаньня ПДВ паводле краіны прызначэньня, мяркуюць ва ўрадзе, «разьвязаў рукі» Беларусі: цяпер падатак спаганяецца не з экспартэраў беларускай прадукцыі, а зь мясцовых імпартэраў расейскага тавару.

Рухавікі на ўсход

Горкаўскі аўтамабільны завод (ГАЗ) ды Паўлаўскі аўтамабільны завод (ПАЗ) сёлета значна павялічаць аб’ёмы закупак беларускіх рухавікоў, вырабленых на Менскім маторным заводзе. ГАЗ павялічыць закупкі прадукцыі ММЗ на дзьве трэці, ПАЗ — у паўтара разу. Сам ММЗ сёлета выпусьціць 90 тыс. рухавікоў — на 15 тысяч больш, чым летась.

Трыюмф МАЗу

Аўтапоезд новага пакаленьня МАЗ-5440 названы найлепшым грузавіком 2005 году ў Расеі. Беларуская машына атрымала такое прызнаньне па выніках прэстыжнага конкурсу, які прайшоў у рамках выставы «Камэрцыйны аўтатранспарт-2005» 25—26 красавіка ў Маскве.

Саветызацыя бізнэсоўцаў

Саўмін прыняў палажэньне пра «саветы» індывідуальных прадпрымальнікаў. Мясцовыя ўлады павінны да 1 чэрвеня правесьці адпаведныя арганізацыйныя сходы. У кожным савеце будзе ад трох да сямі актывістаў, якіх будуць выбіраць тайным галасаваньнем на агульных сходах прадпрымальнікаў. Аб’яднаньне прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» бачыць у гэтым спробу стварыць кішэнную альтэрнатыву свабодным прафсаюзам прадпрымальнікаў.

Прад’явіце дакумэнты!

Урад зацьвердзіў пералік дакумэнтаў, якія індывідуальныя прадпрымальнікі павінны прад’яўляць кантрольным органам. У сьпісе 31 пункт. Раней такога пераліку проста не існавала, праз што нярэдка ўзьнікалі канфлікты падчас праверак. Адзіная палёгка: ня ўсё з таго 31 дакумэнту трэба заўсёды трымаць пад рукой на выпадак раптоўнага візыту кантралёраў — некаторыя могуць запатрабаваць толькі афіцыйным лістом.

Пошліны на нафту

У Беларусі экспартныя пошліны на большасьць нафтапрадуктаў павялічаны з $45,4 да $68,2 за тону. Экспартная пошліна на мазут засталася на ўзроўні $45,5. У рамках правядзеньня ўніфікацыі і стварэньня адзінай сыстэмы тарыфнага і нетарыфнага рэгуляваньня ў саюзнай дзяржаве Беларусь павінна ўсталёўваць стаўкі вывазных мытных пошлін на ўзроўні расейскіх.

АК, АФН, Інтэрфакс

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0