Каб прагназаваць вынікі канфлікту «Менск—Вашынгтон», ня трэба быць супэрпупэрпаліттэхнолягам. Трэба зрабіць яго праекцыю на звычайную штодзённую сытуацыю. Фэльетон Лёліка Ушкіна.
Дапусьцім, што недзе ў Менску на Розачкі ў нейкай хрушчоўцы, дзе тараканаў мірыяды, жыве сабе альканаўт-удавец Шурык. Штовечар, як ужарэцца, пачынае зьдзекавацца з ката па мянушцы Трэці Сэктар. Кот вые на ўвесь дом, прыносячы грамадзкасьці масу нэгатыўных эмоцый. Часам хаваецца ў суседзяў.
Нарэшце незамужняя суседка, жаласьлівая і пабожная Ліза, ня выцерпела і запатрабавала ад Шурыка спыніць прасаваць энімала. У іншым разе пагражала выселіць яго за зьдзек з жывёл (наконт гэтага ёсьць адпаведны артыкул).
Шурык у адказ ненарматыўна паслаў Лізу на тры вясёлыя літары («Ідзі вучы склоны, дзеўка»), аднёс паўлітра аўтарытэтнаму брату Ўладзімеру, які толькі што з зоны адкінуўся і ўладкаваўся ахоўнікам ва ўнівэрмаг «Рублёўскі», атрымаўшы ад яго гарантыі маральнага хелпу. А каб прадэманстраваць поўны пафігізм да слоў Лізы, арганізаваў дома ў суботу рамонт. Пасьля чаго зноў пачаў дубасіць жывёліну.
Як бачым, складваецца цікавы штодзённы канфлікт, які адразу становіцца хедлайнэрам для мясцовых мас-мэдыя (бабкі на лавачцы).
Яны доўга і падрабязна разьбіраюць актуаліі ды магчымыя сцэнары разьвіцьця падзей.
— Ой, Казімераўна, а ты чула, што ўчора Лізка зноў заяву на Шурыка накатала? Трэцюю ўжо. Ужо гэтым разам у Менгарвыканкам. Ой, ня скончыцца гэта дабром.
— Гэта што, Ферапонтаўна. Учора Шурык з Валодзькам саміт у сквэры арганізавалі. Напіліся да пацалункаў і абяцанак, што кватэры разьмяняюць і будуць жыць разам у адным братэрскім саюзе. Потым у дупу ўжэртыя сюды прыйшлі. Сталі пад бальконам Лізы. Валодзька ўжо адрублены быў. А Шурык яшчэ трымаўся неяк. Стаіць і крычыць на ўвесь сьвет: «Ну, хто на мяне з братаном?!» А потым пайшоў і зноў пачаў мучаць таго Трэцяга Сэктара. Ты, кажа, скаціна, самім фактам, што існуеш, мяне фізычна і маральна абражаеш. Мяне, гаранта Жылкодэксу ў гэтай кватэры!
Цяпер давайце паварушым зьвілінамі, чым можа закончыцца такі канфлікт.
1) Ліза такі прывядзе ўчастковага, які накрые Шурыкаву маліну, — 60%.
2) Уладзімера за крадзеж сырка «Дружба» звольняць з пасады ахоўніка ўнівэрмагу, і ён ня зможа абараняць братана. Ліза мабілізуе грамадзкасьць, і Шурыка папруць — 30%.
3) Усё так і застанецца. Шурык будзе мучыць ката. Кот будзе енчыць. Ліза — пісаць заявы. Брат Уладзімер — крышаваць Шурыка. Як толькі кот здохне, канфлікт сам сабой вычарпаецца. Ліза і Шурык плюнуць адно на аднаго — 10%.
4) Нянавісьць Шурыка і Лізы паступова трансфармуецца ў каханьне. Яны возьмуць шлюб, а ката выкінуць нафіг — 0%.
Вось што падказвае мне мая абывацельская думка.