У пасланьні Фэдэральнаму сходу Пуцін заявіў, што Расея «мае і далей» выконваць «цывілізатарскую місію на эўразійскай прасторы».

Іначай бачыцца эўразійская пэрспэктыва газэце бізнэс-колаў Расеі «Ведомости». Падсумоўваючы ў сваім рэдакцыйным камэнтары вынікі візытаў Кандалізы Райс у Маскву й Вільню, а таксама сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам, гэтае ўплывовае выданьне канстатуе: «У спрэчцы Расеі з Захадам за будучыню Беларусі нашы шанцы выглядаюць вельмі слаба». І далей: «Літва й Беларусь былі адзінай дзяржавай ці тэрытарыяльнай адзінкай з канца XII да пачатку XX ст. Што б там ні памяняла рэвалюцыя, гэтыя краіны й Польшчу зьвязвае доўгае супольнае жыцьцё. (…) Вільня прапануе суседзям дэмакратыю, эўрапейскія парадкі й свабоду, Масква — «апошняга дыктатара», што стварыў у краіне атмасфэру страху й тэрору». Выглядае, што пуцінская прэса дазваляе сабе прамаўляць тое, што думае расейскія палітычная кляса, але што не прызначае для шырокай публікі. Вакол Беларусі складваецца новы міжнародны кантэкст.

Старт стагодзьдзя. Увечары ў чацьвер мы, аўтары і чытачы «НН», сустрэнемся ў вялікай залі Дому літаратара. Будзе гаворка, дыскусія, як вядзецца. Гэтая вечарына задуманая як старт вялікага сьвяткаваньня 100-годзьдзя газэты, якое ёсьць адначасова 100-годзьдзем рэгулярнае беларускае прэсы. Да лістапада 2006 году — рухавік нацыянальнага адраджэньня запрацаваў 10 лістапада 1906 году — Рэдакцыя плянуе выдаць сэрыю кніг з публіцыстычным, эсэістычным і літаратурным даробкам 1991—2006 гадоў. Хай 2006 году пройдзе пад знакам «Нашай Нівы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0