2005. Дайнека і будоўля новай царквы

Чаго мне моцна не хапае ў сучасным выяўленчым мастацтве? Карціны. Вялікай, шматфігурнай, манумэнтальнай… Жывапісцы займаюцца салённымі мёртванацюртамі, паліткарнымі карыкантурамі за гранты і катэджнымі паўпараднымі паўпартрэтамі. Карціна сьвету і сьвет у карціне ніяк не выяўляецца. Ці выяўляецца ня так, як мусіў бы выяўляцца. Таму і прыдумалася палатно «На будоўлі новай царквы». Рыштаваньні — залатыя перакрыжаваньні з дошак, муры — цеплакроўная цэгла, будаўнікі з суворымі тварамі, будаўніцы з блакітнымі вачыма. Падобнае палатно напісаў Аляксандар Дайнека. Ягонае «На будоўлі новых цэхаў» (1926) адлюстравала энтузіязм пабудовы новай гіпэрімпэрыі. Цяпер, калі на руінах той зьняслаўленай імпэрыі ідзе адраджэньне хрысьціянскай царквы, моладзь захоплена новым будаўнічым энтузіязмам. Ва ўсе часы будоўля захапляла масавую сьвядомасьць, за выключэньнем прыпадкаў ваяўнічага вар’яцтва, калі на месца дойліда заскоквае вайсковец-руйнавальнік і пад верашчаньне клікушаў нішчыць, раўнуе зь зямлёю набудаванае. Толькі я ня буду маляваць на вялікім палатне будоўлю новай царквы; і не таму, што мне замінаюць вайскоўцы-клікушы ды сьвятары-цемрашалы, а таму, што, набудаваўшы процьму цэркваў, суворыя будаўнікі і блакітнавокія будаўніцы азірнуцца на збудаванае і ўбачаць замест сабораў пустыя бязьлюдныя памяшканьні.

24.03.2005, 12:39

2005. Саўка і 25 Сакавіка

За што люблю несанкцыянаваныя мітынгі? Заўсёды там шмат выпадковых сустрэч і здарэньняў. Ніколі ня ведаеш, як што павернецца і разгорнецца, дзе апынешся і як выкараскаешся зь нерэглямэнтаваных варункаў… Мэта, зразумела, ясная — сьветлая будучыня бацькаўшчыны. 25.03.2005 разьлічваць на перамены і перамогу не выпадала, але выйсьці на вуліцу і стаць пад бел-чырвона-белым сьцягам — раскоша, у якой я зноў ня змог сабе адмовіць. Я ж ня з тых, у каго мазгі заплылі мяшчанскім тлушчам і хто здатны толькі на размазваньне сваіх псэўдапатрыятычных і нібыта-канструктыўных думак па маніторах, на тэлеэкранах ды папяровых аркушыках. Люблю дзеяньні, рэагаваньні, учынкі. З 1985 году я не ўяўляю свайго жыцьця без самаправеркі на мітынгах і ў шэсьцях. Для мяне вельмі важна, што я на баку слабейшых, сярод зьняважаных і прыніжаных, сярод абураных і нераўнадушных, сярод тых, хто мае веру. Бязь веры ў беларушчыну, у беларускую ідэю і беларускую справу я сябе таксама не ўяўляю. Таму не ўпадаю ў ступар, калі праваахоўнік, запакаваны ў чорную форму, хапае мяне за куртку. Ірвуся! І адступаю, я caступаю, каб сабрацца з духам і выйсьці зноў, зноў і зноў… Бязь веры гэта зрабіць немагчыма.

25.03.2005 я не пасьпеў нават выйсьці з падземнага пераходу, а цэнтурыёны ў чорных шаломах ужо напалі на мітынгоўцаў. З натоўпнага гудзеньня на якое імгненьне вырваўся крык будаўніка Клімава. Па прыступках у падземныя нетры пабеглі людзі, сярод якіх мільгануў твар рок-крытыка Мартыненкі. Побач са мною апынуўся філёляг Саўка. Ён выглядаў урачыста і грувастка, як саліст з італьянскай опэры, пра што я і сказаў філёлягу-традыцыяналісту. Саўка ў адказ: «Ты напішы пра тое, што я на мітынгу добра выглядаў!» Як для мяне, дык усе беларусы апошнія 20 гадоў годна выглядаюць толькі на мітынгах і ў шэсьцях.

26.03.2005, 13:17

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0