«Хлопцы, хутка ў сталоўку»

Армейская мудрасьць сьведчыць: няма горшых дактароў і вадзіцеляў, як у войску. Наконт апошніх ня ведаю, а вось з дактарамі ў форме давялося сутыкацца, і неаднаразова. І магу сказаць, што ў нечым мудрасьць мае рацыю. Хоць далёка ня ўсё так страшна, як можа падацца на першы погляд. Часам ня самі ўрачы, а вайсковая сыстэма прымушае наракаць на нейкія малапрыемныя моманты. Лепш за ўсё зусім не хварэць, але гэта нерэальна. Таму час ад часу даводзіцца салдатам зьвяртацца па дапамогу ў санчасьць. Для гэтага існуе адмысловая працэдура: на ранішнім аглядзе той, хто адчуў сябе блага, мусіць запісацца ў спэцыяльную «Кнігу запісу хворых». Але ня факт, што хворы тут жа можа накіроўвацца да доктара. Прыём хворых у войску адбываецца па абедзе а 15-й. Таму, калі вас непакоіць зубны боль ці нейкія мазалі — адным словам, нешта нязначнае, — вы мусіце пачакаць. Тэрміновы агляд хворых адбываецца толькі ў крайніх выпадках, калі адцягваць немагчыма. Калі ж у падразьдзяленьні нейкі аўрал і не хапае людзей, вашы зубы і мазалі могуць пачакаць і дзень-два.

З вайсковай лякарняй у любым выпадку давядзецца неаднаразова сутыкацца падчас плянавых мерапрыемстваў — флюараграфіі, розных прышчэпак (ад грыпу, слупняку). Вакцынацыя падабаецца салдатам — яна дае магчымасьць цягам дня цалкам законна «адкасіць» ад фізычных мерапрыемстваў, асабліва калі ўкол робіцца пад лапатку. Пасьля гэтай працэдуры ня толькі немагчыма падцягвацца на перакладзіне, але і бегаць праблематычна. Апроч таго, у чаканьні сваёй чаргі можна не адну гадзіну правесьці ля санчасьці, забыўшыся на нейкі час на заняткі і казарму. А што можа быць лепш у войску, асабліва ўлетку, як нечакана для сябе апынуцца ў засені дрэваў на траўцы!

У санчасьці таксама ўсё паводле раскладу, але рэжым больш вальнейшы. Раніцай замест абрыдлага «Рота, пад’ём!!!» чуеш прыемны голас дзяжурнай мэдсястры: «Хлопцы, прачынайцеся, хутка ў сталоўку». Тут можна будзе збольшага адаспацца, пачытаць літаратуру, напісаць ліст.

Аднак ёсьць і адваротны бок мэдаля. Калі трапіць сюды ў нейкі адказны момант — напрыклад, на час навучаньня ў вучэбцы, — ёсьць імавернасьць адстаць у вучобе ад астатніх. Асабліва даецца ў знакі гэтае адставаньне ў часе выконваньня страявых прыёмаў паасобку, а яшчэ горш у агульным страі. Калегі не абмінуць нагадаць вам пра вашы летуценьні ў санчасьці, наступаючы на пяткі і суправаджаючы гэта злосным шыпеньнем: «Што, размарыла цябе ў санчасьці?» І сапраўды, адарванасьць ад падразьдзяленьня, нават на непрацяглы час, вельмі адчувальная па вяртаньні, бо хворых у войску ніхто ня любіць, падазраючы іх у тым, што яны «косяць». Хоць ніхто з салдатаў не адмовіцца на нейкі час залегчы на бальнічны ложак.

«Глядзі, не пераблытай!»

Бывае і так, што ў санчасьць трапляюць «патрэбныя» людзі — тыя, хто мае карысную цывільную спэцыяльнасьць: зьявілася патрэба адрамантаваць кабінэт ці пакоі для хворых, асабліва напярэдадні нейкай інспэкцыі, — і пачынаюць раптам хварэць маляры, майстры па аздабленьні, тынкоўшчыкі. І хварэюць, не зважаючы на вучэбную праграму, аж пакуль ня зробяць неабходнай працы. Нехта пасьля мае шанец уладкавацца ў вайсковай сталярцы, што таксама дазваляе забыцца на заняткі. Часта такія салдаты ня маюць вялікай ахвоты дый здольнасьцяў да вучобы, таму і выкарыстоўваюць іх больш рацыянальна.

Багата хто з вайсковых урачоў мае свой адмысловы сродак — панацэю ад усіх хвароб. Гэта можа быць звычайная зялёнка ці мазь Вішнеўскага, якімі мажуць усе балячкі, вывіхі, нацёртасьці. Яшчэ да службы ў войску я пачуў гісторыю пра асьпірын: прыходзіць да доктара баец і пачынае скардзіцца на галаўны боль і праблемы са страўнікам. Доктар вымае з шафкі касэту асьпірыну, дзеліць адну таблетку на дзьве часткі і, аддаючы салдату, гаворыць: «Паўтаблеткі ад галавы, палова ад страўніка — глядзі не пераблытай!» У часе службы я з такім не сутыкаўся, тут да праблем страўніка ставіліся больш адказна — хвораму салдату прызначалася асобнае дыетычнае харчаваньне. Кухаркі, раздаючы порцыі, жартам пыталіся: «Хто тут з вас гастрыт?»

У нас валадарыла мазь Вішнеўскага, і я дагэтуль не магу пазбавіцца ад яе паху, бо амаль месяц правёў у санчасьці з распухлай нагой — у першы ж тыдзень службы няўдала саскочыў з другога ярусу і разьвярэдзіў старую траўму. Нага моцна распухла, і я мусіў спалучаць заняткі па страявой зь лекавымі працэдурамі. Калі прынялі прысягу і на нейкі момант напружанасьць з заняткамі спала, я некалькі тыдняў адпачываў. Такія моманты, як нейкія траўмы, хваробы, заўсёды выклікаюць падазрэньні, а бывае, што і на допыт да асабіста выклічуць: а ці не спэцыяльна ты нанёс сабе шкоду, ці, можа, хтосьці нават дапамог? Наглядная сытуацыя: салдат у нарадзе па сталоўцы а чацьвёртай раніцы падымаецца, каб насячы дроў для кухні. Спрасонку прамахваецца і трапляе сякерай сабе па назе. Паралельна зь лячэньнем праводзіцца высьвятленьне акалічнасьцяў, і ніякія нармальныя довады, што папросту хацелася спаць, не дапамагаюць. Ратуе салдата толькі выдатная характарыстыка і відавочнае жаданьне служыць у войску.

Найбольш часта салдаты скардзяцца на мазалі і прастуды. З мазалямі змагаюцца бязьлітасна і досыць балюча: пухір рэжацца скальпэлем і ранка апрацоўваецца перакісам вадароду, ад чаго яна пачынае нават шыпець. Затым усё гэта залепліваецца плястырам. І так да наступнага разу.

Служба ў мэдвойсках

З нашай мэдслужбай я вялікіх праблем не зазнаў, хоць начмэд, паводле слоў дасьведчаных людзей, па спэцыяльнасьці быў нэўрапатоляг. Запомніліся яго заняткі па вайсковай мэдыцыне, а таксама інструктажы, прысьвечаныя правілам купаньня ў адкрытых вадаёмах і спосабам выратаваньня тапельцаў, якія праводзіліся вельмі эмацыйна і наглядна, з прыцягненьнем да справы «тапельца». Добразычлівымі і неабыякавымі былі мэдсёстры, а таксама варта згадаць добрым словам стаматоляга — выдатнага спэцыяліста і проста харошага чалавека.

Ёсьць выпадкі, калі менавіта вайсковая мэдыцына выклікае ў былога ўжо салдата цёплыя і ўдзячныя ўспаміны пра армію ўвогуле. Адна з такіх гісторый адбылася яшчэ за саветамі. Трапіў у войска вясковец, які меў зьнявечаны яшчэ ў дзяцінстве твар: конь ударыў яго па твары капытом, ад чаго ніжняя сківіца моцна выступала ўперад. Вайсковы лекар зацікавіўся гэтым выпадкам і прапанаваў салдату апэрацыю ў вайсковым шпіталі, папярэдзіўшы, аднак, што справа гэта досыць рызыкоўная. Хлопец пагадзіўся. З паўгоду ён правёў у шпіталі і перанёс некалькі складаных апэрацый. Але вынік пераўзышоў усе чаканьні, і калі ён вярнуўся дамоў, то яго не адразу пазналі. Асабістае жыцьцё таксама непазнавальна зьмянілася, і цяпер гэты ўжо пажылы дзядзька толькі з прыемнасьцю ўспамінае войска і яго дактароў.

Часам здараецца, што ў войска трапляе малады чалавек з цэлым наборам хвароб, што, аднак, не пазбаўляе яго абавязку служыць. Ён мае пэўныя абмежаваньні па прыдатнасьці да службы і зазвычай трапляе ў больш «лёгкія» часьці, дзе нібыта няма вялікіх фізычных нагрузак. Але ў войску заўсёды даводзіцца зь нечым змагацца, напрыклад, зімой — са сьнегам, а гэтую працу лёгкай аніяк не назавеш. На «часткова прыдатных» у гэтым выпадку не зьвяртаюць увагі. Ну і сапраўды — ці да твару сапраўднаму мужчыну жаліцца на нейкія балячкі, ды яшчэ ў войску! Вось і пачынаюць абвастрацца ўсе гэтыя «дробязі», і ў выніку малады абаронца ці ня ўсю службу абараняецца ад сваіх хвароб, амаль не вылазячы са шпіталяў. Пра такіх жартуюць, што ён служыў у мэдвойсках. Адсюль пытаньне: навошта прызываць у войска такі кантынгент, які пасьля даводзіцца на працягу ўсёй службы лячыць? Пры тым што кожнаму новаму прызыву абавязкова кажуць, што гэтым разам пайшлі служыць найлепшыя зь лепшых.

Як бы там ні было, зычу ўсім, хто служыць, ня мець праблем са здароўем і здаровымі вярнуцца дадому.

Працяг. Пачатак у нумарах 6, 9, 12—14.

Працяг будзе

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0