Адны нацыі паўстаюць у выніку паўстаньняў і рэвалюцый, іншыя — у выніку тысячагадовае рэлігійнае традыцыі або геаграфічнае ізаляцыі. А беларускую нацыю стварыла прэса. У наступным годзе, 10 лістапада, споўніцца 100 гадоў з дня выхаду першага нумару «Нашае Нівы». «Першая беларуская газэта з рысункамі» перадусім была першым пэрыядычным сродкам масавае інфармацыі па-беларуску. Пры ўсім жаданьні цяжка дараўнаць да яе «Нашу Долю», што выйшла толькі шасьцю нумарамі, праклямацыйную «Мужыцкую праўду», што ціснулася ў пушчанскіх нетрах, ці «Газэту Гродзеньску» на дзьве бачынкі фарматам 15х20 см… Тая «Наша Ніва» за дзевяць гадоў рэгулярнага выхаду здолела злучыць цэлы край ад Аўгустова да Смаленску, усталяваць трывалыя повязі паміж многімі тысячамі людзей. Стварыць мову. Стварыць нацыю. На тым падмурку стаіць Беларусь да сёньня.

Напярэдадні вялікага нацыянальнага юбілею самы час падумаць пра тое, якім чынам Беларусь яго мае адзначыць. Першае, што прыходзіць да галавы, — гэта назваць у гонар «Нашае Нівы» вуліцы, праспэкты, пляцы й бульвары. Урэшце, маем жа ў сталіцы праспэкты, названыя ў гонар маскоўскіх газэт «Правда» ды «Известия». Традыцыя называць вуліцы, заводы, шахты, станцыі, паселішчы й нават цэлыя гарады ў гонар камуністычных газэт глыбока ўкаранілася за савецкімі часамі. Застаецца толькі дзівіцца, што ў БССР гэткае тапанімікі было небагата. Але гэта не выключна расейска-бальшавіцкая традыцыя. Так, адна з вуліцаў Ерусаліму названая ў гонар газэты «А-Ор», якую на пачатку ХХ стагодзьдзя выдаваў адраджэнец размоўнага іўрыту, наш зямляк Элізэр Бэн-Егуда.

Урэшце, увекавечыць імя газэты можна й па-іншаму. Так, кляса буераў (яхтаў з канькамі) «DN», названая ў гонар газэты «Дэтройт Ньюс», якая ў 1934 годзе абвясьціла конкурс на найлепшую мадэль буера. Цяпер гэтыя самыя надзейныя й танныя буеры ведаюць у цэлым сьвеце, як і газэту.

А ў Кітаі ў гонар першае кітайскае газэты навінаў «Каіюань», што выйшла ажно ў 713 годзе, названыя ня толькі вуліцы й машыны, але й гатэлі, паркі, бібліятэкі. Лішне казаць, што кітайцы кожны юбілейны год той газэты адзначаюць як агульнанацыянальнае сьвята.

Як жа ж мусіць ушанаваць сваю «Нашу Ніву» Беларусь? Напэўна, паставіць помнік. Найлепей на адной з цэнтральных плошчаў Менску. Лягічна — там, дзе нешта нагадвае нам пра колішніх «нашаніўцаў» Купалу, Коласа ці Бядулю. Але якім мусіць быць гэткі манумэнт газэце? Анры Матыс неяк запісаў у сваім дзёньніку: «Для сапраўднага мастака няма нічога больш складанага, як намаляваць ружу, таму што перад усім ён мусіць забыць пра тое, як яе выяўлялі іншыя мастакі». Натуральна, гэткі мэмарыял у ХХІ стагодзьдзі мусіць адпавядаць найноўшаму часу, але таксама і сьведчыць пра тую, несавецкую, нескрываўленую традыцыю Беларушчыны.

Мо гэта мусіць быць набор нейкіх іранічных мэтафараў ці наадварот, сувора-ўзьнёслая Аўтарыя? Можа, там будзе зьмешчаны несупынны тэкст кірыліцаю й лацінкаю або партрэтныя выявы яе першых рэдактараў і аўтараў? Альбо гэта мусіць быць выява Чытача?

А мо гэта будзе й ня помнік з каменю й мэталу. Можа, пасадзім сто дубоў з усяе Беларусі? Пераназавём аэрапорт?

Маем час падумаць. Тыя з нас, хто чытае «Нашу Ніву» й да сёньня, маюць права самі прапанаваць свой юбілейны праект. Эскізы помнікаў і кінасцэнары, эсэ й паэмы, развагі й ідэі ў любой форме. Будзем чакаць. Далучайцеся да праекту «Нашай Ніве» — 100»!

Сяргей Харэўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0