У Горадні адбылося ўручэньня ганаровага дыплёму імя Ігара Герменчука. Першым ляўрэатам стала рэдактарка газэты «Биржа информации» Алена Раўбецкая.

У Сусьветны дзень свабоды друку, 3 траўня, кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў прыехала ў Горадню. Як сказала старшыня арганізацыі Жанна Літвіна, зважаючы на ўмовы працы мясцовых журналістаў недзяржаўных выданьняў, сябры праўленьня хацелі прадэманстраваць сваю салідарнасьць: «Мы разам, мы побач».

БАЖ выдаў заяву з нагоды Сусьветнага дня свабоды друку, яна якраз прысьвечана становішчу на Гарадзеншчыне, якая названа «тэрыторыяй рызыкі для незалежных журналістаў».

Дыплём «За адданасьць прынцыпам свабоды слова» імя галоўнага рэдактара газэты «Свабода» і часопісу «Кур’ер» Ігара Герменчука, які памёр тры гады таму, заснавалі сумесна нарвэскія «Дом правоў чалавека» і ПЭН-клюб. Праўленьне БАЖ вырашыла адзначыць ім Алену Раўбецкую. Летась суд пакараў яе штрафам за сьмелую публікацыю наконт абвешчанага Лукашэнкам рэфэрэндуму. Неўзабаве Міністэрства інфармацыі прыпыніла выхад «Биржи информации» на тры месяцы. Калі тэрмін скончыўся, усе беларускія друкарні атрымалі загад не друкаваць газэту. Сёньня журналісты выпускаюць інтэрнэт-старонку, сама газэта не выходзіць амаль паўгоду і наўрад ці адновіцца да восені.

«За адданасьць прафэсіі» —такімі дыплёмамі БАЖ былі ўзнагароджаны Натальля Макушына зь «Биржи информации», Андрэй Пачобут, які працаваў для інтэрнэт-сайту «Газэта «Пагоня», а цяпер будзе рэдагаваць «Magazyn Polski», Аліна Суравец з «Новой газеты Сморгони» і Андрэй Шантаровіч, які выдае «Местную газету» ў Ваўкавыску.

На сустрэчы ўспаміналі «Свабоду» Ігара Герменчука, які ўмеў знайсьці інфармацыю, якой ня меў ніхто іншы. Гаварылі таксама пра тое, што на Гарадзеншчыне заўжды незалежная журналістыка была разьвіта найболей у параўнаньні зь іншымі мясьцінамі, таму і перасьлед сёньня найбольш моцны менавіта тут. Мы друкуем вытрымкі з выказваньнямі гарадзенскіх рэдактараў, якія зьяўляюцца сябрамі БАЖ.

А.Шантаровіч («Местная газета»): «Можа быць, усё ж мае сэнс размаўляць з суседнімі краінамі, каб ствараць газэты і выпускаць іх на тэрыторыі Беларусі нейкімі шляхамі?.. Карацей, калі я ў Беларусі не магу атрымаць «дах», апроч як у адміністрацыі прэзыдэнта, дык трэба шукаць гэты «дах» дзесьці ў замежжы, прычым не ў такіх краінах, якія ад нас далёка і дзе нас ня ведаюць, а бліжэй, там, дзе нам спачуваюць».

М.Маркевіч («День»): «У гэты дзень тут у Горадні мы не на словах, а практычна бачым, што мы не адны, што нас многа, што наша справа слушная. Што нас падтрымлівае цэлы сьвет і тыя каштоўнасьці, якія вызнаём мы, зьяўляюцца падмуркам для ўсёй цывілізацыі».

А.Раўбецкая («Биржа информации»): «Я хачу сказаць аб двух момантах... Нас чакаюць паўтара году інтэнсіўнай працы ў абсалютна невыносных умовах. Магчыма, нам трэба цяпер сабраць у нейкую інфармацыйную базу тыя газэты, якія яшчэ ня страцілі сваёй ліцэнзіі. Вы выдатна разумееце, што такое мясцовая прэса і наколькі яна бліжэйшая людзям, чым цэнтральныя газэты. І хоць невялікімі накладамі трэба паспрабаваць адрадзіць гэтыя газэты, знайсьці магчымасьць, каб малыя рэгіянальныя выданьні існавалі, бо яны рабілі сваю вялікую справу.

Мне вельмі хочацца, каб мы былі падрыхтаваныя да новай палітычнай сытуацыі, каб у нас потым не было ніякай бюракратычнай дзяржаўнай прэсы. У нас павінна быць гатовая такая заканадаўчая база, якая датычыць «чацьвёртай улады». Я хачу, каб мы былі гатовы да таго, што гэтыя перамены могуць настаць — і з нашай дапамогай, і з Божай — у любы момант».

Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0