«Рэгіянальная газета» адсьвяткавала дзесяцігодзьдзе.

Гэта адно з найтыражнейшых выданьняў, што яднае ў адзіную інфармацыйную прастору колішнюю Віленшчыну — самае сэрца краіны. Рэгіён, што крыху вышэй ды ўлева ад страўніка-Менску. «Да выхаду нашай газэты не было выданьня, якое б лічыў сваім смургонец і мядзелец, астраўчанін і маладзечанец адначасова», — кажа галоўны рэдактар Аляксандар Манцэвіч. Наклад «РГ» сягае дзесяці тысячаў. Газэта цалкам самаакупная. Гэта адзінае беларускамоўнае выданьне, якое стала прадаюць у электрычках.

«РГ» крыху старэйшая за рэфэрэндум 1995 году. Яе першы нумар выйшаў пры канцы красавіка. Але госьці, запрошаныя на дзень народзінаў, віталі калектыў «Рэгіяналкі» з... трыццацігодзьдзем: «цяпер як на вайне — год ідзе за тры». Асабліва летась, калі «РГ» зазнала выкраданьне кампутараў і прыпыненьне выхаду на тры месяцы. Але чытачы і падпісчыкі ня кінулі сваю газэту. «Нікому з калегаў не жадаю ў такі спосаб пераконвацца ў чытацкай любові», — усьміхаецца А.Манцэвіч.

Калектыў «НН» шчыра вітае калегаў з «Рэгіянальнай газеты» са сьвятам і жадае газэце беларускага сэрца ня знаць хваробаў і стомы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0