«Беларусы чытаюць на старонках «НН» такіх вось лёлікаў, у якіх публіцыстычны талент нават не начаваў, і разумеюць, што гэта ўжо даўно — ня наша, а «Іхняя Ніва» — газэтка салённых самазамілаваных асобаў, якія пасьлядоўна вядуць антыбеларускую справу пад брудным сьцягам блюзьнерства».

Такі пасаж мог бы ўпрыгожыць шпальты газэты «Рэспубліка» ці «Ісьцінна праваслаўнай праўды». А зьявіўся ён у нью-ёрскім «Беларусе». Моцна гучыць рупар дыяспары, калі празь яго прамаўляе намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі — БНФ Юры Беленькі!

«Становіцца ўсё больш відавочна, чаму антыбеларускі рэжым, задушыўшы значна больш ляяльныя да яго расейскамоўныя выданьні, дазваляе існаваць нібыта беларускай, нібыта апазыцыйнай газэце пад гістарычнай назвай «Наша Ніва», — падсумоўвае свой разлогі допіс намесьнік старшыні КХП-БНФ.

Так і ўяўляеш сабе, як кансэрватары ў патаемных купэ цягніка Менск—Варшава прабіраюцца да свайго лідэра, каб там паўшэптам спытацца: ну чаму ж, чаму гэты кляты рэжым дазваляе існаваць беларускай незалежнай газэце, калі ўвесь сьвет аплялі ўжо гэбоўскія шчупальцы?

Ю.Беленькі мог бы адтачыць свой аўтарскі мэтад дэдукцыі на наступным пытаньні: чаму антыбеларускі рэжым, закрыўшы сотню арганізацый і пару партый, што належаць да «псэўдаапазыцыі» (тэрмін ягоны), церпіць існаваньне КХП-БНФ? Пералік магчымых варыянтаў прашу прэзэнтаваць увазе дыяспарнага чытача ў 15-дзённы тэрмін.

Безнадзейны той палітык, які не разумее гумару. Не разумее Лёлікавых фэльетонаў.

Плыткі той палітык, які прэтэндуе на патрыятычную нішу, а пры тым слаба ведае нацыянальную гісторыю. «Як вядома, супраць слуцкіх паўстанцаў ніякія «чырвоныя беларусы» не ваявалі, такіх і ў прыродзе на той час не існавала, бальшавіцкі пераварот у нас рабілі чужаніцы», — піша Беленькі. Ігнаруючы Чарвякова з Кудзелькам і, мусіць, ня ведаючы, што й сам баранёны ім Балаховіч пэўны час ваяваў за чырвоных.

Ушкіну за ягоныя фэльетоны «могуць абарваць ня толькі вушы», — пагражае Ю.Беленькі. Слушная тактыка. Хто вязе, таго і сьцябай — далей даедзеш.

Ёсьць у нас кандыдаты на абрываньне «ня толькі вушэй» і больш заслужаныя за публіцыста «НН», і многія ведаюць гэтых правакатараў, зладзеяў, карумпаваных элемэнтаў. Але сілы КХП-БНФ ня досыць, каб дастаць іх, ну то бі сваіх, каб чужыя бачылі. Хто ня з намі, той супраць нас. Тлей, вайна беларусаў між сабою.

У «Нашай Ніве» друкуюцца анархіст Ушкін, сацыял-дэмакрат Сідарэвіч, хрысьціянскі дэмакрат Севярынец, я ўжо не кажу пра перакананьні дзьвюх соцень інтэлектуалаў без партыйнай прыналежнасьці. Іх яднаюць ідэалы свабоды, справядлівасьці, салідарнасьці. Ніхто зь іх не прэтэндуе на манаполію на праўду. Яны розных думак, але суіснуюць у прасторы грамадзка-культурнага штотыднёвіка. І гэтая талерантнасьць мае свае карані ў культурнай традыцыі. Мне казаў неяк жывы клясык беларускае літаратуры, унук якога вучыцца ў Італіі: «Моцна спрачаемся мы з унукам наконт Ушкіна. Ён захапляецца, а я не магу прыняць такога. Пытаньне густу…»

Ю.Беленькі дэманструе іншы стыль спрэчкі — з напісаньнем імёнаў з малых літар і дадумкамі замест фактаў.

Затхласьць, якая непазьбежна ўзьнікае ў вузкай і замкнёнай групе — ці то эмігранцкай суполцы, ці то ізаляваным палітычным коле, правакуе псыхапатычныя праявы. Іх узмацняе адчайнае жаданьне ўтрымацца ў публічным жыцьці. Нават калі дзеля гэтага прыходзіцца тапіць калегаў.

«Беларус» (Bielarus.org) засьведчыў сваю пазыцыю, друкуючы допіс Ю.Беленькага. Будзе расчараваньнем, калі ніхто з чытачоў гэтага знакамітага выданьня не адгукнецца на такі факт на старонках яго наступных нумароў.

А вось Рада БНР — яна адчувае маральны клопат і калектыўную волю, каб заўважаць такія выпады? Здатная яна адсочваць зьменлівую рэчаіснасьць ці ад яе чакаць выключна рытуальных віншаваньняў зь вялікімі сьвятамі?

Пытаньне не пра гонар «Нашай Нівы» і не пра пазнавальны стыль Ушкіна. Ушкін — гэта зьява сучаснага пісьменства, што б ні трызьніў Ю.Беленькі. Я пра большае — на такіх выпадках правяраецца стан беларускамоўнае супольнасьці. Ці ёсьць кантакт з рэчаіснасьцю, ці ёсьць крытычны працэс? Ці ўсё застыла ў зімовым сьне да лепшых часоў? Няма ж нічога больш шкоднага для бацькаўшчыны, чым абсурд, прыкрываны патрыятычнай дэмагогіяй.

Не вагаюся ставіць пытаньне менавіта так, не вагаюся страціць пару чытачоў тут ці там. Нават калі цаною гэтага будзе крыўда безумоўна адданага Беларусі кола кансэрватараў.

Ня толькі ў апазыцыі да лукашэнкаўцаў — здаецца, тупіковай лініі ў беларускай палітычнай традыцыі, — але і ў апазыцыі да той ксэнафобнай, эксклюзіўнай, інтэлектуальна лысай беларускасьці, прыклад якой даў у «Беларусе» лідэр кансэрватыўнага крыла БНФ, бачыцца адзіная пэрспэктыўная лінія разьвіцьця беларускага палітыкуму і соцыюму.

Мы ніколі не дасягнём палітычных зьменаў і пагатоў не даможамся гістарычнай справядлівасьці ў дачыненьні да беларускай мовы, пакуль беларускасьць будзе асацыявацца з быццам бы арыстакратычнымі, а на справе — псыхапатычнымі схемамі, якія выявіла «крытыка Ушкіна».

Адкрытая, інклюзіўная беларуская культура бяз комплексаў і табу прываблівае моладзь. Яна падабаецца сярэдняй клясе, што нараджаецца. Яна ж выклікае зацікаўленьне сьвету. І такая самая палітыка. Гэта натуральны выбар.

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0