Адзін з былых лідэраў польскай «Салідарнасьці» даў беларускім журналістам урок на тэму палітычнага аптымізму.

Піша Віталь Тарас.

Вышэйшая школа гуманітарных навук і журналістыкі ў Познані — адзін з найлепшых сымбаляў зьмен, што адбываюцца ў Польшчы. Па далучэньні да Эўразьвязу польская эканоміка пачуваецца ўсё больш упэўнена. Засьцярогі, што тутэйшая сельская гаспадарка ня вытрымае канкурэнцыі з Эўропай, засталіся марныя — якасьць прадукцыі польскіх фэрмэраў зрабіла многія мясныя прадукты папулярнымі ва ўсёй новай Эўропе.

Колькасьць вельмі багатых людзей, якая імкліва расла ў апошнія 10—15 гадоў, пачала ператварацца ў якасьць. У Познані, славутай на ўвесь сьвет ашчаднасьцю і нямецкай прагматычнасьцю, знайшоўся мэцэнат, які вылучыў немалыя грошы на пабудову школы гуманітарных навук.

Дарэчы, наведнікі зь Беларусі адразу зьвярнулі ўвагу на росьпіс інтэр’ераў у школе — у выглядзе характэрных палос, знаёмы стыль... Сапраўды, інтэр’ер расьпісьваў Лёнік Тарасэвіч — адзін з найбольш папулярных мастакоў сучаснай Польшчы.

Школа прыватная, і таму за навучаньне трэба плаціць. Аднак прафэсія журналіста карыстаецца попытам, а значыць, гарантуе кавалак хлеба тым, хто ёй сёньня навучаецца. Нягледзячы на тое што журналістыка выкладаецца і ў дзяржаўных унівэрсытэтах — у тым ліку ў Познанскім імя Міцкевіча, — «крызісу перавытворчасьці» журналістаў у Польшчы няма.

Помнікі стагодзьдзя

І яшчэ некалькі слоў пра сымбалі. Усяго за нейкую сотню мэтраў ад школы журналістаў — Цытадэль, дзе пахаваныя жаўнеры дзьвюх сусьветных войнаў: польскія, брытанскія, савецкія, а таксама мірныя жыхары — ахвяры гітлераўскага генацыду. Пахаваныя тут і некалькі юнакоў-пазнанякаў, якія са зброяй у руках выступілі супраць савецкіх акупантаў у

1946-м… Усе магілы, у тым ліку і зь пяціканцовымі зоркамі на помніках, аднолькава добра дагледжаны.

А прыкладна за кілямэтар стаіць помнік змагарам з камунізмам. У самым цэнтры гораду высяцца манумэнтальныя крыжы ў памяць аб выступленьні рабочых Познані ў 1956-м — адным зь першых падобных пратэстаў пасьля вайны. Пратэст тады быў крывава падаўлены.

Мытнік-падпольшчык

У верасьні будзе адзначацца 25 гадоў утварэньня руху «Салідарнасьць», які страйкамі ды масавымі акцыямі пратэсту вымусіў камуністычны ўрад сесьці за стол перамоў. Перамовы праз год былі прыпынены ўвядзеньнем ваеннага становішча, а лідэры руху былі арыштаваныя. Але яшчэ амаль год у падпольлі дзейнічала «Змагарная Салідарнасьць», якую ўзначальваў адзін з самых маладых на той час прафсаюзных актывістаў — Зьбігнеў Буяк. У адрозьненьне ад Валэнсы, ён пачынаў электрыкам на варшаўскім «Урсусе», дзе вырабляюць трактары. Схоплены ўвесну 1986-га, правёў у турме тры месяцы. Як ён сам потым сказаў, «гэта было ўсяго імгненьне…».

З Буякам давялося спаткацца ўдзельнікам канфэрэнцыі «Журналісты па-за ізаляцыяй», што прайшла нядаўна ў Познані ў Вышэйшай школе журналістыкі.

З выгляду былы прафсаюзны актывіст-падпольшчык нагадвае звычайнага прафэсара або чыноўніка. Некалькі гадоў таму Буяк пэўны час узначальваў Мытны камітэт Польшчы, распрацоўваў новую канцэпцыю дзейнасьці гэтага ведамства, якая б адпавядала прынцыпам вольнай рынкавай эканомікі Эўразьвязу. А гэтым прынцыпам, як выявілася, даволі цяжка нават дагэтуль прабіваць сабе шлях у Польшчы зь яе рэцыдывамі сацыялістычнай сьвядомасьці. Тэме пераадоленьня спадчыны таталітарызму быў прысьвечаны і даклад Буяка, зроблены ў акадэмічнай манеры.

За тры месяцы да рэвалюцыі

Аднак найбольш цікавай падалася эмацыйная рэакцыя былога лідэра «Салідарнасьці» на выступы беларускіх журналістаў, якія спрабавалі пазнаёміць польскіх калег з сытуацыяй са свабодай слова ў краіне. Аб тым, што беларускія й польскія журналісты жывуць ня толькі ў дзьвюх розных краінах, але і ў розных эпохах, сьведчыла рэакцыя палякаў на прапагандысцкі фільм БТ. Кадры, на якіх выявы дзеячаў апазыцыі чаргуюцца з кадрамі штаб-кватэры ЦРУ або з друкарскім станком, зь якога выходзяць сьвежанадрукаваныя даляры, і дыктарскі тэкст выклікалі ў польскіх калег параксізмы сьмеху. Іншым разам яны літаральна падалі з крэслаў ад рогату.

Кожны зь беларускіх журналістаў гаварыў пра нейкую канкрэтную сытуацыю ў канкрэтным сэктары ці пра лёс асобных СМІ, асабліва не кранаючы палітычнай сытуацыі ў краіне, агульная карціна вымалёўвалася даволі змрочная. Гэты пэсымістычны настрой, які адчуваўся нават у дробязях, адчуў Буяк. Ён выступіў з кароткай, але энэргічнай прамовай.

Буяк перш за ўсё нагадаў, што нешта падобнае разам са сваімі калегамі з «Салідарнасьці» чуў некалі ад сяброў «Хартыі-77» на чале з В.Гаўлам у Празе… за тры месяцы да «аксамітнай рэвалюцыі». Хартысты тады захапляліся посьпехам «Салідарнасьці» на першых вольных выбарах у Польшчы, але казалі, что ў Чэхаславакіі падобнае будзе немагчымым яшчэ гадоў пяцьдзясят. Што чэскі народ абалванены камуністычнай прапагандай і дзесяцігодзьдзямі маны. Што выбарцы ахоплены апатыяй і не давяраюць апазыцыі. Што апазыцыя раздробленая, а яе лідэры ня могуць паразумецца паміж сабой з прычыны асабістых амбіцый і карысьлівых памкненьняў. Што інтэлігэнцыя забылася на сваю высакародную місію й займаецца прыстасаванствам. Што моладзь у масе сваёй марыць толькі аб тым, каб зьехаць за мяжу.

А галоўнае — што грамадзтва на ўсіх узроўнях паралізаванае страхам…

Альтэрнатыўны цэнтарb

Паводле слоў Буяка, для яго і ягоных паплечнікаў было відавочна, што сытуацыя ў Чэхіі зьмянілася ў параўнаньні зь нядаўнім мінулым: людзі на вуліцах паводзілі сябе інакш, чым раней, пачалі менш баяцца паліцыі і ўладаў. І самае дзіўнае — калі чэскім дысыдэнтам пра гэта гаварылі, яны згаджаліся з тым, што зьмены сапраўды адбываюцца, але… не маглі ці не хацелі ў гэтыя зьмены паверыць.

Рэвалюцыя, паводле Буяка, — гэта вельмі простая рэч. Гэта паказалі падзеі ў ПНР і ЧССР у 1989-м ці нядаўнія падзеі ў Грузіі ці Кыргызстане, дзе ўсе ўладныя структуры абрынулася літаральна ў лічаныя гадзіны. Але ж асабліва паказальнымі й важнымі для разуменьня Буяк лічыць апошнія падзеі менавіта ва Ўкраіне. Бо адной толькі зьмены настрояў у грамадзтве (а яны могуць адбыцца спантанна, цалкам незалежна ад памкненьняў улады ці апазыцыі) недастаткова. Важна, каб існаваў моцны альтэрнатыўны цэнтар, вакол якога ў вырашальны момант маглі б згуртавацца рэвалюцыйныя сілы і на бок якога мог бы перайсьці бюракратычны апарат, у тым ліку сілавыя структуры. Ролю такога цэнтру ва Ўкраіне відавочна адыграў выбарчы штаб Юшчанкі. Калі такога цэнтру няма альбо іх некалькі, ілавым структурам значна цяжэй вызначыцца — на чыім яны баку. Канечне, на думку Буяка, і ў гэтым выпадку дэмакратыя ўсё адно здольная перамагчы, але працэс будзе значна больш марудным.

Зразумець беларускае грамадзтва

Аднак калі самі па сабе рэвалюцыі адбываюцца імкліва, высьпяваць яны могуць гадамі. І тут агромністая роля, на думку Буяка, належыць незалежнай прэсе і слову праўды, якое здольны несьці ва ўмовах недэмакратычнага рэжыму толькі журналісты. Ня трэба думаць, што калі сёньня ў незалежных ці падпольных газэт няма масавых накладаў, значыць справа безнадзейная.

Падпольная газэта, якую выпускаў незалежны прафсаюз «Урсусу» за камуністычным часам і рэдагаваньнем якой дагэтуль ганарыцца Буяк, ніколі ня мела вялікіх накладаў. Але калі ўзьнікла рэвалюцыйная сытуацыя ў 1980-м, наклады імгненна ўзрасьлі ў тысячы разоў. Акрамя таго, чытачы прывыклі давяраць сваёй газэце, і менавіта ў яе рэдакцыю яны прыйшлі й запыталі — што рабіць далей?

Зразумела, што сытуацыя ў Беларусі вельмі адрозьніваецца ад той, што была ў Польшчы ў 1980-я гады. Але ж задача прэсы менавіта ў тым і палягае, каб спрабаваць зразумець тое грамадзтва, у якім яна існуе. Асэнсоўваць, якія тэндэнцыі ў ім дамінуюць, на якія страты яно дзеліцца? Ці хаця б хто складае чытацкую аўдыторыю, чаго хочуць чытачы, на што спадзяюцца, чаго чакаюць? Дзякуючы веданьню рэальнага стану рэчаў, чаго не было ва ўладаў зь іх спэцслужбамі, у свой час «Салідарнасьць» змагла выпрацаваць стратэгію дзеяньняў і ўрэшце перамагчы.

Ці здольныя беларускія журналісты, у тым ліку й незалежных СМІ, адказаць на падобныя пытаньні? Ці ставяць яны ўвогуле перад сабой падобныя задачы?.. Не спрабаваць быць калектыўным прапагандыстам і арганізатарам перамог апазыцыі, а — для пачатку — паспрабаваць зразумець, што ж сабой уяўляе беларускае грамадства. Значна прасьцей пісаць аб рэпрэсіях уладаў, адзначаць перастаноўкі на яе вяршынях альбо апісаваць бясконцае перацягваньне канату паміж дзеячамі апазыцыі, пераказваць меркаваньні расейскіх і заходніх палітолягаў аб тым, што адбываецца ў Беларусі.

Ніхто не ўступіў у спрэчку з З.Буякам. Не таму што ягоныя выказваньні ня выклікалі ні ў кога эмацыйнага водгуку. І не таму што яны гучалі рытарычна (на жаль, сёньня гэта ня так). А таму што беларускім журналістам не было чым адказаць. Пакуль не было…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0