Калі б нехта вызначаў самага калярытнага беларускага выканаўцу, ім бы без сумневу стаў Іван Кірчук, лідэр этна-трыё «Тройца».

Доўгая сівая барада, два мэтры росту, чорныя акуляры. А галоўнае — голас, які стаў беларускай музычнай візытоўкай у сьвеце.

Голас Кірчука зьвязвае эпохі, стагодзьдзі, пакаленьні. Гэты голас з захапленьнем слухаюць замежнікі, бо вялікае дзіва; старыя, бо прабірае да душы; студэнты, бо захапляльна.

Музыкант марыць, каб беларускае этна загучала ў кансэрваторскіх і філярманічных залях, каб выйшлі на СD песьні ўсіх этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Матэрыял гатовы зьбіраць уласнаручна. Чым ён, дарэчы, займаецца ўжо 22 гады. Пакуль жа змушаны вазіць сваіх замежных гасьцей на Палесьсе, каб тыя пачулі беларускую песьню, бо няма чаго падараваць у запісаным выглядзе.

Кірчук — за дыхтоўнасьць: «Дыскі зь беларускім фолькам мусяць выдавацца і мець прыгожае аздабленьне. Але дзе ж возьмеш грошы? У нашай краіне вунь колькі танкаў і самалётаў зьяўляецца. Няхай бы сродкі ад аднаго самалёта ашчадзілі дзеля памяці продкаў і выдалі б іх музычную спадчыну».

Кірчук марыць, але несупынна пры гэтым займаецца справай. Выкладае ва ўнівэрсытэце. Кажа, цікавасьць у студэнтаў да аўтэнтычнай музыкі шалёная. Калі ўключае на занятках запісы замежных фольк-калектываў, нават на мабільнікі запісваюць. Езьдзіць на гастролі зь дзьвюма скрынямі інструмэнтаў, «Тройца» з 1996 г. — жаданы госьць буйных worldmusic-фэстаў, тры альбомы выдала ў Нідэрляндах. Шмат часу музыкант праводзіць у экспэдыцыях.

Вынік адной з апошніх — пяць гадзін запісанага аўдыёматэрыялу, некалькі гадзін відэа. Дзякуючы вандроўцы на Століншчыну Кірчук паспрабаваў сябе ў ролі прадусара і кінаактора.

Як прадусар ён адабраў на праграму аўтэнтычныя сьпевы вёсак Століншчыны.

Як актор ён зьняўся ў фільме «Сонцам асьвячуся» (рэж. Сяргей Рыбакоў). Ён там сыграў самога сябе — зьбіральніка песень Івана, але з гэткім містычным прысмакам: у таго Івана пераўвасабляецца лялька са старадаўняй батлейкі.

«Толькі праз 10—15 год я пачынаю асэнсоўваць некаторыя тэксты, на якія раней не зважаў. Якая мудрасьць закладзена ў іх!» — захапляецца Кірчук. Пра такіх людзей кажуць, што аднаго жыцьця ім мала. «Столькі інструмэнтаў трэба адрэстаўраваць!» — дзеліцца ён планамі. Да ўсяго, жыве ідэя наноў паставіць монаспэктакль «Варажбіт». І, натуральна, канцэрты «Тройцы».

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0