…Крыху паасобку стаялі актывісты здачы крыві з транспарантамі і плякатамі: «Не шкадуй крыві роднай уладзе», «Здай кроў — атрымай адгул», «Наша кроў — не вадзіца», «Імпэрыялістычных п’явак і крывасмокаў — на галодны паёк!»… Параднае апавяданьне Сяргея Астраўца.

Трыбуна з начальствам дэманстравала сабраным на мітынг працоўным масам, што ў Багдадзе па-ранейшаму ўсё ў парадку, усё спакойна…

— Таварышы! Мы будзем і надалей змагацца за сапраўдную, а не абстрактную свабоду і дэмакратыю ва ўсім сьвеце, за правы працоўных усіх краін і народаў, за міжнародную салідарнасьць людзей працы: чорных, жоўтых, чырвоных — любых, за мір на ўсёй плянэце. І ніякія сусьветныя агрэсары, ніякія тэрарысты і гандляры жанчынамі нам не перашкодзяць. Наша справа супэр і перамога будзе за намі!

Паглядзіце, тут супэррабочыя з макетамі нашых супэрвырабаў. Мы можам і павінны ганарыцца такімі каўбасамі, такімі шынкамі і карданнымі валамі. Мастакі пастараліся, каб нават муляжы выклікалі апэтыт і жаданьне закусіць. Такой каўбасінай можна было б накарміць цэлую плошчу. А з такой сасісчыны — зрабіць хот-дог для цэлага заводу ці фабрыкі. Нашы каўбасы самыя мясныя, самыя пахкія, самыя смачныя ў сьвеце. Нашыя карданы самыя карданныя, нашая салетра самая аміячная. Каленвалы і агрэгаты таксама ня самыя горшыя, бываюць горш. Нам ёсьць чым ганарыцца. Ура, таварышы!

«Што гэта у вас за х-на?» — пацікавіўся мітынгоўшчык у суседа, які трымаў разам з дружбакамі жалезіну. «Гэта карданны вал, чуў, што начальства гаворыць? Такі кардан на дарозе не валяецца. Такі, калі сьцягнуць, можна прадаць нармальна?»

Рабочыя прынесьлі на мітынг на плячах, як бярвёны на суботніку або на лесапавале, наглядную агітацыю: сасіскі, сардэлькі, каўбасы — усё валатоўскіх памераў, як фалясы антычных герояў ці пачвар накшталт Кінг-Конга.

А таксама беламорыны з тытунёвай фабрыкі, якімі можна было б атруціць цэлыя табуны. Свае прылады мужчыны паставілі старчма, каб адпачылі плечы, і прытрымлівалі з бакоў, а некаторыя прытуліліся, нават стаялі, абхапіўшы ў абдымкі. Былі яшчэ вялізныя кардонныя хлябы зь ёдаванай сольлю, бочкі са штучнымі угнаеньнямі, яшчэ штосьці.

Другі айцец гораду быў ляканічны, відавочна памятаючы пра пашыранае крылатае выслоўе:

— Усе нам зайздросьцяць за наш эканамічны цуд. Мы дагналі 1984 год і ўжо яго пераўзышлі. Склады запоўнены, яблыку дзе ўпасьці няма. Яны нас баяцца, мы можам закідаць іх таварам — ботамі, шапкамі, нават шынкамі. Яны ўсе збанкрутуюць. А нашы яйкі маладзецкія, якія падвышаюць мужчынскую сілу?! Ніякай іхняй хіміі ня трэба, ніякай віягры. У нас усё толькі натуральнае. Няхай жыве Першамай!

Далей стаў старанна выступаць па паперцы прадстаўнік працоўнай дынастыі, сваякі якога дзякуючы народнай уладзе трапілі на мясакамбінат і замацаваліся там.

— Мы цераз плот мяхі зь мясам ды каўбасамі ніколі не перакідалі, і дзіркі ў плоце не рабілі. І праз прахадную не спрабавалі, абвязаўшыся сасіскамі, прасьлізнуць. Гэта ня наш мэтад, лепей на месцы ад пуза пад’есьці, каб потым цэлы дзень не хацець. Тут нашы карані: і дзед мой з бабкай працавалі, і бацька з маці, мы з жонкай пазнаёміліся ў заводзкай сталоўцы, думаю, што і дачка мая сюды прыйдзе, і сын таксама. Пры харчах — заўсёды надзейна, пры любой уладзе. Як кемлівы салдат: бліжэй да кухні, далей ад начальства.

— Прафсаюзы, кхе-кхе, — школа камунізму, як калісьці любілі гаварыць, — крыху няпэўна распачаў наступны айцец гораду. — Іх зноўку ўзяла пад сваё крыло дзяржава, і яны пачалі працаваць як трэба. А то адбіліся ад рук зусім, у свабоднае плаваньне пайшлі, а баржа іхняя дала цечу…

Абаронца працоўных падзякаваў уладзе за слова:

— У гэтае сьветлае і радаснае сьвята дазвольце ўшанаваць хвілінай маўчаньня памяць пра героеў вытворчасьці — членаў прафсаюзу, якія загінулі ў барацьбе за ўраджай, за лепшыя паказчыкі, за валавую прадукцыю, за тое, каб у нас было болей чаравікаў, ботаў, карданных валоў, аміячнай салетры і гэтак далей. Спынюся на некаторых прыкладах. Сьцяпан Пробка ўратаваў трактар цаной свайго жыцьця, а Івана Трэску засыпала збожжам у сіласнай вежы. Слава героям!

Таварышы! Я толькі не хацеў бы, каб у вас узьніклі змрочныя настроі, што наша справа небясьпечная і ледзьве не безнадзейная. Гэта далёка ня так. Рэч у тым, што і раней зьдзяйсьнялі свае працоўныя подзьвігі, і раней гінулі дзеля нас на канвэеры і на палявым стане, на мэхдварах і ў зернесушылках нашы дарагія землякі, тыя, на каго трэба раўняцца, зважаць, хто стаў прыкладам для маладога пакаленьня. Але сьмерцяў пабольшала не празь нейкае насланьнё, а таму стала больш, што людзей залучылі назад у пярвічкі, дзе перад тым быў разброд і хістаньні, калі ўзносы плацілі як хацелі, на сходы не хадзілі, калі прафсаюзы сталі развальвацца па швах.

І крыху статыстыкі. За справаздачны час мы страцілі дзевяць рук часткова або цалкам, тры нагі, два вухі, сем вачэй і адну галаву. Як у той песьні: столькі вольных с плеч срубілі, не прышылі ні адной. А нам не ўдалося назад прышыць толькі адну. Вось такія пірагі. Захаваць жыцьцё і зрабіцца інвалідамі ўдалося ў чвэрці выпадкаў, гэта не такая дрэнная лічба.

Доктарка-нарколяг узьнёсла пачала прамаўляць пра здароўе нацыі і насельніцтва гораду, пачынаючы з Эскуляпа і Авіцэны. «Замест некаторых маральна ўстарэлых гатункаў пладова-ягаднага віна, шырока вядомага ў народзе як чарніла, пачалі выпускаць новыя гатункі гарэлкі, — важка зазначыла яна, — а гарэлка, як добра вядома, значна здаравейшая за чарвіўку». Яна працягвала:

— Алькагалізацыя насельніцтва, таварышы, не павінна перавышаць паказчыкі, заплянаваныя лічбы, крытычную мяжу. Тут павінен быць балянс паміж станам калектыўнага здароўя і акцызнымі падаткамі, напаўняльнасьцю дзяржаўнай кішэні, зь якой даюць на лекі. Дактары хадоркіны могуць адпачываць, таварышы. Мы за здаровы лад жыцьця, за «будзь гатоў к труду і абароне»!

— Жыць стала лепей і дзякуючы нашым слаўнам мытнікам, якія не даюць падмануць дзяржаву розным кантрабандыстам і сьпіртавозам, — крыху па-пракурорску агучыў прэамбулу адзін з айцоў гораду.

У параднай форме мытнік нечакана сьціпла паведаміў пляцу пра дасягненьні ў рабоце — пра кантрабанду і канфіскат, які ў шырокім асартымэнце маецца ў магазінах гораду. Канкрэтна — піва чэскае, кветкі на 8 Сакавіка дарагім жанчынкам, калготкі пірацкія, памада, пампэрсы.

Крыху паасобку стаялі актывісты здачы крыві з транспарантамі і плякатамі: «Не шкадуй крыві роднай уладзе», «Здай кроў — атрымай адгул», «Наша кроў — не вадзіца», «Нямігі крывавыя берагі», «Імпэрыялістычных п’явак і крывасмокаў — на галодны паёк!», «Донары ўсіх краін, яднайцеся!»

Побач сёстры заваблівалі ў мабільны пункт забору крыві.

Збоку ўсчалася валтузьня, ад напругі і стараннасьці саплі моўчкі два сяржанты ці прапары, нешта мычаў якісьці пралетар. Міліцыянты сканфіскавалі ў яго плякат з сакрамэнтальным тэкстам — «Хочаш жні, а хочаш куй». Ад абурэньня яны не маглі адразу сфармуляваць свае абвінавачаньні: «Ты, ты, ты, ё’ тваю маць…» «А што я такога напісаў?» «Не, ты дагаворвай, дагаворвай. Мы знаем, што гэта такое!» — прарвала менш мажнага. «Так, знаем, ня дурні, як некаторыя лічаць», — перамог хвілёвую немату больш дзябёлы. На пляцы выбухнула медзь, зайграў гімн, яны машынальна кінулі схопленага на дол, рукі па швах, далонь — да брыля.

Праз хвіліну міліцыянты зноўку вярнуліся да пэдагагічнай працы: «Калі ўжо пішаш, дык дапісвай да канца, не дуры галавы. Мы знаем, навучаны, зноў галаву падымаеце, не даяце народу нармальна жыць і адпачываць… Аднаго такога злавілі, напісаў на сьцяне: галасуй не галасуй, усё адно… Пятнаццацера сутак далі. Пісакі, лезуць у бутэльку вечна. А нам зь імі змагайся, ня сьпі, замест таго каб бандытаў лавіць. Разьвялося ўсякіх зуброў-казлоў, усялякай зьверыны».

Зайграў аркестар. Міліцыянты рэзка выпусьцілі з рук небараку-мітынгоўшчыка, ён паваліўся ад раптоўнасьці і, нязграбна паварушыўшыся, застаўся ляжаць. Напэўна, палічыўшы, што лепей нічога не рабіць. Гімн скончыўся, міліцыянты схапілі яго за каршэнь і пацягнулі поцягам задворкамі пляцу ў «варанок».

Зьнянацку загучала бравурная музыка, міліцыянты тузануліся неяк спуджана, арыштаваны ўпаў, яны слупамі скамянелі — з рукой да чорнага лякаванага брыля. Аслупянелыя, яны ажылі з апошнімі акордамі, зноўку ўчапіліся ў сваю ахвяру, закруцілі рукі за сьпіну: «Мы табе пакажам «хочаш жні, а хочаш куй!», мы табе дамо, ты ў нас атрымаеш!»

1 траўня 2005 г.

Сяргей Астравец — празаік, журналіст радыё «Свабода». Выдаў тры кнігі прозы. Жыве ў Горадні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0